Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫСТУПЫ КАНДЫДАТАЎ ПА БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНІ ПАЧНУЦЦА 21 ЖНІЎНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Перад лёсаваньнем кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка Мікалай Бойка папрасіў у ЦВК дазволу ў выпадку патрэбы спадарам Домашу і Ганчарыку памяняцца чарговасьцю выступаў па БТ, каб згодна з дамоўленасьцямі, дасягнутых паміж дэмакратычнымі кандыдатамі, першым зь іх меў магчымасць выступіць Сямён Домаш.

Такім чынам, можна меркаваць, што Сямён Домаш жадае выкарыстаць першую магчымасьць выступу па БТ дзеля таго, каб зьняць сваю кандыдатуру ды заклікаць сваіх прыхільнікаў галасаваць за Ганчарыка. Але вынікі лёсаваньня і так дазволілі спадару Домашу выступіць раней за Ганчарыка — 21 жніўня а 19-й гадзіне.

Спадар Ганчарык першы раз выступіць у гэты ж час 22 жніўня. Другі раз — роўна праз тыдзень. Ягоныя выступы па дзяржаўным радыё пройдуць 24 і 31 жніўня а 8-й гадзіне раніцы. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка Мікалай Бойка так пракамэнтаваў умовы выступаў кандыдатаў па БТ:

(Бойка: ) "Па часе, канечне, ня вельмі зручны такі 30-хвілінавы рэжым выступу, пажадана, каб для кандыдатаў было чатыры выступы па 15 хвілін. Выступленьні двух кандыдатаў запар таксама складана будзе ўспрымацца слухачамі".

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Яўген Лабановіч так ацаніў вынікі лёсаваньня:

(Лабановіч: ) "Зразумела, што для Лукашэнка ніякага часу на тэлебачаньні зусім ня трэба, ён і так кожны дзень выступае па БТ. Але я магу сказаць — што тычыцца лёсаваньня, то мы маем лепшы час, чым спадар Гайдукевіч і спадар Лукашэнка, бо па тэлебачаньні будзем выступаць з 19-ці да 19.30".

Сябар ЦВК Іван Ліхач пацьвердзіў, што ў папярэднюю прэзыдэнцкую кампанію, у 1994 годзе, умовы для выступаў па БТ кандыдатаў мелі лепшыя:

(Ліхач: ) "Ну крыху больш часу было, цяпер закон гэта вызначыў — тут рэгулюе закон".

Сёньня ж ЦВК зацьвердзіў сьпісы давераных асобаў кандыдатаў. Сярод давераных асобаў Уладзімера Ганчарыка — усе прадстаўнікі пяцёркі прэтэндэнтаў акрамя Сямёна Домаша, лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр БНФ Юры Хадыка, юрыст Міхаіл Пастухоў, вядомы аграрнік Міхаіл Гіруць, сакратар ПКБ Алена Скрыган, экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, былы палітвязень Уладзімер Кудзінаў, паэт Генадзь Бураўкін, вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка.

У Сямёна Домаша ня менш вядомыя давераныя асобы — паэт Рыгор Барадулін, актор Віктар Шалкевіч, рэжысэр Юры Хашчавацкі. Толькі ў Валер'я Шчукіна не змаглі спытацца згоды стаць даверанай асобай Домаша, бо ён знаходзіцца ў турме, але і яго ЦВК зацьвердзіў даверанай асобай. Пра будучую працу давераных асобаў Сямёна Домаша расказвае кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Юрыдычна яны маюць права працаваць у якасьці давераных асобаў да зьняцьця Домашам сваёй кандыдатуры, пасьля гэтага яны свой юрыдычны статус страцяць, але ўсё роўна будуць працаваць на адзінага кандыдата".

Сярод давераных асобаў А.Лукашэнкі — музыкант Міхаіл Фінберг, былы першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў, кіраўнік калгасу на Берасьцейшчыне Аляксей Скакун, некалькі дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў". Цэнтральны штаб Лукашэнкі пакуль ня створаны, працай кіруе невялікая група на чале зь Мікалаем Чаргінцом:

(Чаргінец: ) "Нас узначальвае Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. У нас няма цэнтральнага штабу, але пэўныя штабы ствараюцца з тых людзей, якія маюць час і жаданьне ў іх працаваць".

ЦВК сёньня зацьвердзіў форму выбарчага бюлетэня. Ён будзе надрукаваны на беларускай мове, прозьвішча абранага кандыдыта ў ім трэба будзе пазначаць у квадраціку пэўным знакам. Патрэбы ў выкрэсьліваньні прозьвішчаў, у адрозьненьне ад папярэдніх выбарчых кампаніяў, ня будзе.


XS
SM
MD
LG