Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ ЗША ВЫКАЗВАЕ ЗАСЬЦЯРОГУ, ШТО ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ НЯ БУДУЦЬ НІ СВАБОДНЫЯ, НІ СПРАВЯДЛІВЫЯ


Ян Мацур, Прага

Спадарыня Джонс адзначыла, што на працягу апошніх некалькіх тыдняў нападам міліцыі падвергліся няўрадавыя арганізацыі, было захопленае абсталяваньне, якое належыць ЗША, ідзе ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а апазыцыя па-ранейшаму вымушаная спадзявацца на міласьць улад у атрыманьні доступу да дзяржаўных СМІ на роўных умовах. На думку Элізабэт Джонс, для стварэньня роўных умоваў кантролю за выбарамі беларускім уладам неабходна забясьпечыць прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых ворганах ад мясцовага ўзроўню да Цэнтарвыбаркама. У той жа час, па яе словах, "прадстаўніцтва беларускай апазыцыі ў цэнтральнай і мясцовых выбарчых камісіях нельга нават назваць нікчэмным".

Паводле слоў высокага прадстаўніка вашынгтонскай адміністрацыі, падчас дыпляматычных кантактаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі Злучаныя Штаты дэталёва абмеркавалі практычныя крокі, якія неабходна зрабіць уладам Беларусі ў рамках дзеючага заканадаўства для забесьпячэньня адпаведнасьці выбараў іх жа абавязацельствам перад АБСЭ. "Мы лічым, што менш чым за месяц да выбараў беларуская грамадзкасьць павінна мець магчымасьць абмеркаваць погляды кандыдатаў пра будучыню Беларусі, а не станавіцца сьведкам таго, як апазыцыя пазбаўляецца магчымасьці канкураваць на роўных", - заявіла Элізабэт Джонс.

Урад ЗША неаднаразова заяўляў, што ён гатовы прызнаць вынікі свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў, праведзеных на падставе нормаў і стандартаў, выконваць якія Беларусь абавязалася ў рамках АБСЭ. "Вынікі выбараў, праведзеных у адпаведнасьці з гэтымі нормамі, будуць прызнаныя ўрадам Злучаных Штатаў незалежна ад таго, хто атрымае перамогу – Аляксандр Лукашэнка ці хто іншы, – нагадала Э.Джонс. – На жаль, пакуль выбарчы працэс гэтым нормам не адпавядае".


XS
SM
MD
LG