Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК РАЗЬЛІЧВАЕ НА ПРЫЕЗД НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ


Юры Сьвірко, Менск

(Латушка: ) "Я магу паінфармаваць, што Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала запрашэньне Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ для назіраньня за маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. Згаданае запрашэньне накіраванае ў форме дыпляматычнай ноты. Яно было накіраванае па факсымільнай сувязі.

Таксама МЗС Беларусі даручыў надзвычайнаму й паўнамоцнаму паслу Беларусі ў Варшаве Мікалаю Крэчку запрасіць сустрэчу з дырэктарам БДІПЧ АБСЭ ў Варшаве Жэрарам Студманам і пераказаць згаданае запрашэньне афіцыйна".

(Карэспандэнт: ) "Ці разьлічвае МЗС Беларусі на тое, што запрашэньне будзе прынятае, і калі так, дык калі можна чакаць прыезду назіральнікаў ад БДІПЧ?"

(Латушка: ) "У адпаведнасьці з гэтым запрашэньнем, і гэта ўтрымліваецца ў запрашэньні, прадстаўнікі АБСЭ, якія маюць намер прыехаць для назіраньня за выбарамі, маюць права зьвярнуцца ў бліжэйшае дыпляматычнае або консульскае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь з мэтай атрыманьня віз для ўезду на тэрыторыю Беларусі й прыезду на Беларусь для ўдзелу ў назіраньні за маючымі адбыцца выбарамі. Запрашэньне для таго й накіроўваецца, каб тыя, каго запрашаюць, прыбылі й ажыцьцявілі назіраньне за выбарамі".

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ад нашага карэспандэнта даведалася пра тое, што запрашэньне БДІПЧ АБСЭ нарэшце накіраванае. Першая рэакцыя спадарыні Ярмошынай была наступная: "Дзякуй Богу!"

На пытаньне, ці разьлічвае яна на прыезд дэлегацыі БДІПЧ, Лідзія Ярмошына адказала гэтак:

(Ярмошына: ) "Нам цяжка разьлічваць, таму што мы ня ў стане прыняць такі паток, але я думаю, што яны скарыстаюцца гэтым запрашэньнем. Як правіла, назіральнікі ад БДІПЧ дзейнічаюць самастойна. І я думаю, што іх колькасьць ня вельмі абцяжарыць арганізацыйна Цэнтральную камісію. У нас гэта галоўная праблема — забясьпечыць транспартам, суправаджальнікамі і гэтак далей".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG