Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШКЛОВЕ ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ СУПРАЦЬ ЗУБРОЎЦАЎ ЗА АБРАЗУ ЛУКАШЭНКІ


Любоў Лунёва, Менск

Сябры моладзевага руху "Зубр" ладзілі гэтым разам незвычайную для Шклова акцыю. Яны заходзілі ў крамы ў масках з выяваю вусатай лысай галавы і пыталіся ў гандляроў, ці забясьпечаныя крамы неабходнымі прадуктамі. На вуліцах хлопцы прасілі мінакоў, каб тыя абавязкова паверылі Лукашэнку апошні раз і абралі на новы тэрмін.

Многія людзі рэагавалі на акцыю гучным рогатам. Не сьмяяліся толькі супрацоўнікі міліцыі. Яны затрымалі юнакоў і адвезьлі ў пастарунак. Усе затрыманыя — Аляксандар Паўловіч, Зьміцер Шалашкоў, Міхась Кісялёў, Дзяніс Сенакосаў і Максім Патупчык — непаўнагадовыя. Яны правялі амаль суткі ў дзяжурнай частцы.

Міліцыянты ўвесь гэты час раіліся з начальствам — што рабіць з затрыманымі.

Урэшце склалі пратаколы за дробнае хуліганства і павезьлі хлопцаў у суд. У судзе высьветлілася, што справамі хлопцаў будзе займацца пракуратура.

На ўсіх затрыманых распачалі крымінальныя справы паводле артыкулу 368 — абраза прэзыдэнта. Гэта першая ў Беларусі справа такога кшталту пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс. Калі дойдзе да суду, хлопцам пагражае зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў.


XS
SM
MD
LG