Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ПЕРАД ВЫБАРАМІ НЕ РАСТУЦЬ ЦЭНЫ?


Ганна Соусь, Менск

У Беларусі зноў падаражэлі бэнзын й дызпаліва — у сярэднім на 2,35%. Цяпер 76-ы бэнзын каштуе 585 рублёў, 92-і — 600 рублёў, а 95-ы — 685 рублёў, за дызпаліва бяруць 420 рублёў за літар. Нагадаю, што апошняе падвышэньне цаны на нафтапрадукты адбылося 24 ліпеня. Бэнзын даражэе памалу, але няспынна, па некалькі разоў на месяц.

А вось цэны на спажывецкія тавары й камунальныя паслугі апошнім часам практычна не павялічваюцца. Прыкладам, за першыя тры тыдні ліпеня рост цэнаў склаў толькі 1,4%. Сытуацыю тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) "Цэны вырасьлі ня так значна, бо попыт вельмі нізкі, насельніцтва не такое багатае, і таму няма куды падвышаць цэны. Па-другое, сёлета ў першым квартале Нацыянальны банк праводзіў больш жорсткую крэдытна-грашовую палітыку, гэта таксама вельмі значны фактар, які паўплываў на рост цэнаў. Мы можам чакаць, што ўвосень цэны вырастуць больш, чым летам".

Паводле Леаніда Злотнікава, значную ролю ў абмежаваньні росту цэнаў адыгрывае перадвыбарчы фактар.

(Злотнікаў: ) "Дзяржава выкарыстоўвае апошнія рэзэрвы, каб толькі стрымаць цэны. Прыкладам, ёсьць рашэньні, згодна зь якімі цэны на гарачую ваду альбо ацяпленьне будуць значна падвышаныя, але толькі ў пачатку ацяпляльнага сэзону. Гэта значыць, пасьля таго, як пройдуць выбары".

Што да восеньскіх пэрспэктываў, то, паводле аналітыка цэнтру "Стратэгія" Яраслава Раманчука, у верасьні-кастрычніку ў Беларусі будзе звыклая сытуацыя — штомесячны рост цэнаў на 5-8%. Вось як ён тлумачыць цяперашні нязначны рост цэнаў:

(Раманчук: ) "Гэта сьведчыць толькі пра тое, што цяпер лета, і што паміж тым, як грошы надрукуюцца й трапяць у эканоміку, праходзіць 2-3 месяцы. Сёньня ўжо надрукавалі амаль 100% гадавой нормы. Як паказвае практыка, другая палова году — гэта заўжды паскарэньне тэмпаў друкаваньня грошай".

Чаму ўсё ж на фоне абмежаваньня росту спажывецкіх цэнаў даражэюць нафтапрадукты? Паводле Яраслава Раманчука, гэта галіна, у якую найперш трапляюць новыя грошы, і таму бэнзын даражэе ў першую чаргу. Потым грошы накіроўваюцца ў іншыя галіны, і там таксама пачынаецца рост цэнаў.

(Раманчук: ) "Тое, што адбываецца летам, — гэта зацішша перад бурай. А бура, на мой погляд, павінна адбыцца напрыкацны верасьня, у кастрычніку. Заклапочанасьць гэтымі тэндэнцыямі выказалі таксама прадстаўнікі МВФ і іншых міжнародных арганізацыяў, якія вельмі пільна сочаць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі", — паведаміў аналітык цэнтру "Стратэгія" Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG