Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЯ РАДА АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ САРВАЛІ ДОЎГАТЭРМІНОВАЕ НАЗІРАНЬНЕ ЗА ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ


Уладзімер Глод, Менск

Інфармацыю пра запрашэньне назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека лідэры палітычных партыяў успрынялі збольшага як запозьнены жэст беларускіх уладаў, які быў загадзя сплянаваны. З аднаго боку, улады быццам бы запрашаюць міжнародных назіральнікаў, з другога — адпаведная нота Міністэрства замежных справаў, а менавіта так аформленае запрашэньне, прыйшла толькі 15 жніўня.

Ці магчыма арганізаваць за час, які застаўся, паўнавартаснае доўгатэрміновае назіраньне, якое звычайна пачынаецца за 6 тыдняў да пачатку выбараў?

Вось як адказвае на гэтае пытаньне ўдзельніца сёньняшняга паседжаньня, сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Доўгачасовае назіраньне ўжо немагчымае, бо для яго трэба ня менш як шэсьць тыдняў да пачатку выбараў. І асноўныя працэсы, якія разглядаюцца на доўгачасовым назіраньні, ужо прайшлі. Першае — гэта збор подпісаў, другое — рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты. Таму, паводле майго меркаваньня, цяпер магчымае толькі кароткачасовае назіраньне".

Чым можна патлумачыць, што запрашэньне накіравалі з такім вялікім спазьненьнем? Свае думкі на гэты конт выказвае яшчэ адна ўдзельніца сёньняшняй сустрэчы партыйных лідэраў — прадстаўніца Партыі БНФ Галіна Сямдзянава.

(Сямдзянава: ) "Быў шэраг парушэньняў заканадаўства, і ня трэба было, каб замежныя назіральнікі гэта зафіксавалі".

(Карэспандэнт: ) "Вы маеце канкрэтныя прыклады?"

(Сямдзянава: ) "Прыкладаў шмат. Цэнтральная выбарчая камісія стварыла такія інструкцыі, згодна зь якімі пры здачы падпісных лістоў фіксавалі толькі колькасьць падпісных лістоў, але не ўказвалі колькасьць подпісаў у іх. Таму ўзьніклі пытаньні ў шэрагу кандыдатаў, якія шукалі свае подпісы. Ёсьць яшчэ шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства, якія былі дапушчаныя пад патранажам Цэнтральнай выбарчай камісіі. Таму і ня трэба было, каб назіральнікі гэта бачылі".

Як хутка адрэагуе на запрашэньне БДІПЧ? Выпадкова я стаў сьведкам тэлефоннай размовы аднаго з супрацоўнікаў Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ з варшаўскім офісам Бюро. На пастаўленае пытаньне з Варшавы адказалі так: "Мы тут як на вакзале — у любы момант гатовыя выехаць".

Дарэчы, раней плянавалася, што на доўгачасовае назіраньне прыедуць 30 назіральнікаў зь Бюро, на кароткачасовае — 150.

XS
SM
MD
LG