Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІЛІЦЫЯ Ў ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛА ТРАІХ ЗУБРОЎЦАЎ І САБАЧКУ


Алег Жукоўскі, Віцебск

Міліцыянты павыскоквалі з зарослага дрэвамі і кустамі яру ў той момант, калі маладзёны падыйшлі, каб разгледзець налепку на муры дзяржаўнага будынку. Дзяўчыну і хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі раённы адзел міліцыі, дзе спачатку хацелі скласьці на іх пратакол на выгул сабакі ў недазволеным ўладамі месцы. Але калі падчас вобыску ў Ігара Альшанкі знайшлі два пустыя і адзін напалову поўны балёнчыкі з фарбай і да іх больш за сто налепак кампаніі «Час убіраць», у пратаколы ўнесьлі абвінавачаньні па артыкуле 172 частка тры Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях Рэспублікі Беларусь – «распаўсюджваньне друкаваных выданьяў, якія вырабленыя з парушэньнем вызначанага парадку і ў якіх няма выходных дадзеных, і зьмест якіх накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўнаму й грамадзянскаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзян».

Затрыманыя сьцьвярджалі, што налепкі яны атрымалі ад нейкага невядомага і толькі шукалі сьметнік, каб выкінуць і не забруджваць месца.

Рэчы былі скансфіскаваныя, добрая частка налепак разышлася па кішэнях супрацоўнікаў аддзелу.

Апошняга з затрыманых – непаўнагадовага Ігара Альшанку – адпусьцілі толькі ў гадзіну ночы, калі за ім прыехала маці.

Зараз адпаведныя дакумэнты будуць накіраваныя ў суд і камісію ў справах непаўнагадовых. Паводле закону, маладзёнаў чакае папярэджаньне альбо штраф у памеры да пяці мінімальных заробкаў з канфіскацыяй выданьняў.


XS
SM
MD
LG