Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У СЛОНІМЕ БЕСПАДСТАЎНА АШТРАФАВАЎ ЗЬБІРАЛЬНІКА ПОДПІСАЎ ЗА ДОМАША


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Суд вырашыў, што Алесь Масюк парушыў заканадаўства падчас збору подпісаў. У ліпені яго затрымала на вуліцы міліцыя, і ў яго знайшлі падпісны ліст з прозьвішчамі жыхароў Слоніму, але без указаньня таго, за каго яны падпісаліся. Выбарчая камісія з гэтымі людзьмі правяла гутаркі. І хаця ўсе яны пацьвердзілі, што паставілі свае подпісы менавіта за Домаша і не адмовіліся ад іх, суд вырашыў, што парушэньне з боку Масюка было.

Першы раз суд зьбіраўся ў канцы ліпеня. У паседжаньні ўдзельнічаў прадстаўнік Гарадзенскага рэгіянальнага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Аношчанка. Ён давёў, што міліцыянты ня мелі права складаць пратакол "аб аглядзе месца здарэньня". Суд згадзіўся з гэтым, накіраваўшы пратакол назад у міліцыю.

Па словах Алеся Масюка, гэтым разам заява ў суд была накіраваная з гарвыканкаму. Выканкамаўскі юрыст практычна перапісаў міліцэйскі пратакол, а падпісаў паперу намесьнік старшыні выканкаму Анатоль Бялянін. І ў выніку Алеся Масюка аштрафавалі за парушэньне адміністрацыйнага заканадаўства.

Сёньня ж у Слоніме адбылася сустрэча зь Людмілай Карпенкай і Ірынай Красоўскай. Грамадзкі цэнтар "Сьвятліца" перад мерапрыемствам наведаў намесьнік начальніка міліцыі Мялешка. Міліцэйскае начальства баялася, каб удзельнікі спатканьня ня выйшлі потым на вуліцу з партрэтамі палітыкаў, якія зьніклі. Пасьля заканчэньня сустрэчы "Сьвятліцу" наведалі яшчэ супрацоўнікі мясцовага аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю.

XS
SM
MD
LG