Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ХАЦЕ ВІКТАРА КАРНІЕНКІ Ў ГОМЕЛІ КГБ СКАНФІСКАВАЎ ЎСЮ АРГТЭХНІКУ, У ТЫМ ЛІКУ ШЭСЬЦЬ КАМПУТАРАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

А 9-й гадзіне вечара, калі ўправа КГБ вывозіла кампутарную тэхніку "Грамадзянскіх ініцыятываў", моладзь, што сабралася на вуліцы Палескай, скандавала: "Радзіма, свабода…" Два мікрааўтобусы КГБ прысутныя пасьпелі аздобіць налепкамі "Час прыбіраць".

Юры Варонежцаў, які прысутнічаў падчас ператрусу, паведаміў нашаму радыё, што ператрус рабілі дазнаўца КГБ Яўген Сьцепаненка, опэрупаўнаважаны Аляксандар Цітоў ды яшчэ зь дзясятак супрацоўнікаў разам з прадстаўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёну Ігарам Корсакам.

Ператрус правялі з прычыны крымінальнай справы, якую распачаў КГБ пра росьпіс гарадзкіх сьценаў антылукашэнкаўскімі лёзунгамі.

Цягам ператрусу супрацоўнікі КГБ знайшлі ў доме дзьве налепкі "Слабадан — гатоў! Саша — будзь гатоў", пяць налепак "Час прыбіраць" і некалькі дзясяткаў улётак для студэнтаў.

У двары чэкісты нібыта адшукалі нават пусты балёнчык з-пад фарбы. Юры Варонежцаў і Ўладзімер Кацора адзначылі ў пратаколе, што зроблена гэта было бязь іхнага ўдзелу, з парушэньнем працэсуальных нормаў. Балёнчык можна было прывезьці з сабой альбо кінуць у двор праз плот.

Яны наогул перакананыя, што сапраўднай мэтай ператрусу была канфіскацыя кампутарнай тэхнікі напярэдадні агітацыйнай кампаніі і разгортваньня назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Такой думкі трымаецца і кіраўнік "Грамадзянскіх ініцыятываў" Віктар Карніенка.

(Карніенка: ) "Рэжым ня хоча праводзіць сумленныя празрыстыя выбары. І ператрус зьвязаны хутчэй за ўсё з тым, што наша аб'яднаньне зьяўляецца асноўнай арганізацыяй у падрыхтоўцы незалежнага назіраньня. Я думаю, што і КГБ ведае, што "Грамадзянскія ініцыятывы" не расьпісваюць дамоў у Гомелі", — кажа спадар Карніенка.

Ці паўплывае канфіскацыя кампутараў на арганізацыю назіраньня і правядзеньне агітацыйнай кампаніі?

(Карніенка: ) "Хачу супакоіць Лукашэнку: гэта ніяк не паўплывае. Кампутары ня будуць хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй выбарцаў. Кампутары былі патрэбныя, каб няўрадавыя арганізацыі карысталіся імі, каб яны мелі магчымасьць уваходу ў Інтэрнэт.Для выбараў тэхніка, безумоўна, патрэбная. Але ў дадзеным выпадку факт канфіскацыі дадасьць сілаў сябрам ініцыятыўных груп. У Лукашэнкі будзе менш шанцаў застацца прэзыдэнтам," — зазначыў Віктар Карніенка.

XS
SM
MD
LG