Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПРАЧА АЗЭРБАЙДЖАНУ І МАЛДОВЫ ПЕРАЙСЬЦІ НА ЛАЦІНКУ РЫХТУЮЦЦА ЎЗБЭКІСТАН, ТУРКМЭНІСТАН І ТАТАРСТАН


Сяргей Шупа, Прага

Апошнім часам у друку – асабліва расейскім – зьяўляецца нямала трывожных матэрыялаў пра балючасьць новай моўнай рэформы ў Азэрбайджане, пра ледзь не пратэстныя настроі сярод насельніцтва, рэзкае падзеньне тыражоў газэтаў, адмову некаторых газэтаў перайсьці на лацінку. Што насамрэч адбываецца ў гэтай закаўкаскай краіне? Я зьвярнуўся па адказы да супрацоўніка азэрбайджанскай службы нашага радыў спадара Эльхана Насібава.

(Шупа: ) “Спадар Насібаў, чаму Азэрбайджан пераходзіць на лацінку?”

(Насібаў: ) “Пераход на лацінку ў Азэрбайджане ­ пытаньне палітычнае, якое мае доўгую гісторыю. Рэч у тым, што Азэрбайджан, як і ўсе астатнія цюркскамоўныя народы яшчэ ад канца пазамінулага стагодзьдзя імкнуліся пазбавіцца арабскай графікі, бо арабская графіка не зусім добра стасуецца да цюркскіх моваў. Наш славуты драматург Мірза Фаталі Ахундаў выступаў за пераход з арабскай графікі на лацінскую. У Азэрбайджане ён цярпеў перасьлед з боку рэлігійных дзеячоў і быў вымушаны зьехаць у Турцыю. У Турцыі ён таксама прапагандаваў ідэю зьмены графікі, але й там не дабіўся посьпеху.

Калі на пачатку ХХ стагодзьдзя ў Азэрбайджане была абвешчаная першая дэмакратычная рэспубліка, было вырашана перайсьці на лацінку, але ў 1920 годзе дэмакратычная рэспубліка была здушаная, усталявалася савецкая ўлада і працэс прыпыніўся. Аднак ужо ў 1923 годзе пачалі зьяўляцца першыя дакумэнты пісаныя лацінкай. У 1928 годзе на лацінскі альфабэт перайшла Турцыя, а ў 1929 – Азэрбайджан. Лацінка пратрымалася ў Азэрбайджане да 1939 году, калі Сталін перавёў заэрбайджанскую мову на кірыліцу.

І вось сёньня лацінка ­ палітычнае пытаньне. Ад таго моманту, калі Азэрбайджан у 1991 годзе стаў незалежнай дзяржавай, лацінскі альфабэт стаўся для нас атрыбутам незалежнасьці – перадусім незалежнасьці ад Расеі. Першы прэзыдэнт Абульфаз Эльчыбэй выдаў дэкрэт аб пераходзе на лацінку яшчэ ў 1991 годзе. Але адзіным дасягненьнем за 10 гадоў сталася тое, што ў нас лацінкаю пісаліся ўсе загалоўкі газэтаў”.

(Шупа: ) “Наколькі лёгка ці наадварот цяжка адбываецца пераход? Як прымае яго грамадзтва? Зь якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца?”

(Насібаў: ) “Насамрэч ніякіх праблемаў у Азэрбайджане няма. Працэс праходзіць нармальна. Яшчэ да прэзыдэнцкага дэкрэту пра адмену кірыліцы пераходу на лацінку патрабавалі рэдактары газэтаў. Адзінае, чаго яны баяліся – што пры пераходзе на лацінку ўпадзе тыраж іх выданьняў. Аднак іх страхі аказаліся беспадстаўныя – тыраж упаў толькі на 3-5 працэнтаў. Наадварот, за апошнія дзесяць дзён распаўсюднікі друку пачалі замаўляць нават большую колькасьць газэтаў. Баяліся за старшае пакаленьне – але тыя даволі хутка агойталіся. Лацінская графіка для азэрбайджанскага народу зусім не праблема”.

(Шупа: ) “Ці быў нейкі адмысловы падрыхтоўчы пэрыяд – напрыклад у школах?”

(Насібаў: ) “Як я казаў, лацінкай пісаліся толькі загалоўкі газэтаў. Затое ў школах апошнія 5-6 гадоў усе падручнікі друкуюцца толькі лацінкай, так што зь дзецьмі тут зусім ніякіх праблемаў няма. Школа да пераходу гатовая. А так – за два месяцы прэзыдэнт Аліеў выдаў дэкрэт – перайсьці – і ўсе перайшлі як міленькія. Дык жа апрача школы ніякай асаблівай падрыхтоўкі не было. Эльчыбэй хацеў перайсьці, але доўга разгойдваўся – разам з усім грамадзтвам. Толькі летась была ініцыятыва журналістаў, аднак яны ніяк не маглі дамовіцца пра дату, калі усім разам за адзін дзень перайсьці на лацінку”.

(Шупа: ) “Расейскія сродкі амсавай інфармацыі паведамляюць, што дзьве газэты адмовіліся падпарадкавацца дэкрэту – адна працягвае выдавацца кірыліцай, а другая наагул перайшла на расейскую мову...

(Насібаў: ) “Гэта незалежныя газэты, блізкія да сацыял-дэмакратаў. У палітычным спэктры Азэрбайджану гэтая партыя вельмі блізкая да Расеі. Такім чынам, гэтыя газэты пратэстуюць супраць гэтага разрыву з Расеяй, выхаду з расейскай культурнай прасторы. Гаворка йдзе пра газэты «Імпульс» і «Етті гюн» («7 дзён»)

(Шупа: ) “А ці няма нейкага парадоксу ў тым, што пераход на лацінку ажыцьцявіў менавіта Гейдар Аліеў ­ былы камуністычны дзяяч?

(Насібаў: ) “Гэта якраз лягічна, бо Аліеў – кан’юнктурнік. Калі трэба – пераходзіць на кірыліцу, калі трэба – на лацінку. У Азэрбайджане грамадзкая думка і меркаваньне кіраўніцтва супадаюць у тым, што з Расеяй нам заставацца немагчыма. І грамадзтва, і ўлады арыентуецца на Захад і на Турцыю. Тут адыгрывае ролю і Карабахская праблема. Грамадзтва лічыць, што ў гэтай справе і СССР і Расея прадалі Азэрбайджан, і таму даверу да Расеі няма. Арыентацыя на Захад і, як вынік, пераход на лацінку – гэта патрабаваньне часу. Я ўпэўнены, што лацінка для азэрбайджанскай мовы будзе графікай дваццаць першага стагодзьдзяі нічога ня зможа гэтага зьмяніць.

Дзякую вам за гутарку, нагадаю, што на мае пытаньні адказваў супрацоўнік азэрбайджанскай службы «Радыё Свабода» Эльхан Насімаў.

Такім чынам, працэс геапалітычнай пераарыентацыі Азэрбайджану працягваецца. З часам, з прыходам у актыўнае грамадзкае жыцьцё новага пакаленьня, цяжкасьці пераходнага пэрыяду забудуцца, як, напэўна, забудзецца і кірыліца, і расейская мова. Азэрбайджан стане на крок далей ад Расеі, на крок бліжэй да Захаду. Згушчэньне фарбаў у сёньняшнім расейскім друку – відавочная праява шкадаваньня і крыўды за тое, што вялікая некалі расейская культурна-моўная прастора ўсё больш і больш сьціскаецца як тая шчыгрынавая скура. Па-за ўвагай сёньняшніх газэтнікаў аднак застаецца адзін забаўны факт: абсалютная большасьць азэрбайджанцаў – больш за 60 працэнтаў ­ жывуць у Іране і карыстаюцца арабскай графікай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG