Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ДОЎГА БДІПЧ АБСЭ БУДЗЕ ЧАКАЦЬ ЗАПРОСІНАЎ АД БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ?


Мікола Іваноў, Прага

(Бальян: ) “Такое назіраецца ўпершыню, калі назіральнікам АБСЭ адмаўляюць ва ўезьдзе ў краіну, у якой адбываюцца выбары. Мы ўсё яшчэ чакаем на запросіны і візы, каб накіраваць нашую дэлегацыю. Мы па-ранейшаму гатовыя выехаць адразу як толькі атрымаем запросіны і візы”.

(Карэспандэнт: ) “Але як доўга можа працягвацца гэтае чаканьне?”

(Бальян: ) “Я ня ведаю, як доўга мы можам чакаць. На сёньняшні дзень мы чакаем. Часу застаецца менш і менш. Чым даўжэй мы будзем чакаць, тым цяжэй (а можа і зусім немагчыма) нам будзе накіраваць назіральнікаў на выбары”.

(Карэспандэнт: ) “А што ж будзе, калі гэтыя запросіны ня прыйдуць зусім?”

(Бальян: ) “Калі Беларусь не запросіць нас альбо зробіць немагчымым наш прыезд у Беларусь, у АБСЭ ёсьць цэлы шэраг магчымасьцяў дзейнічаць, калі адзін зь яе сябраў груба парушае свае абавязкі. Правядзеньне дэмакратычных выбараў, запрашэньне міжнародных назіральнікаў (асабліва гэта датычыць запросінаў дэлегацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) – гэта адзін з галоўных абавязкаў кожнай краіны-сябра АБСЭ. Ёсьць шырокі выбар сродкаў, якія АБСЭ можа ўжыць супраць Беларусі. Але толькі час можа дапамагчы нам адказаць на пытаньне, якія з гэтых сродкаў выбяруць кіраўнікі АБСЭ”.

(Карэспандэнт: ) “А як Вы ацэньваеце запросіны дэлегацыяў іншых краінаў у якасьці назіральнікаў на беларускія прэзыдэнцкія выбары?”

(Бальян: ) “Рэжым запрасіў цэлы шэраг іншых арганізацыяў і краінаў у якасьці назіральнікаў. Але беларускія ўлады не запрасілі дэлегацыю адной з самых важных міжнародных арганізацыяў, якая можа эфэктыўна і пераканаўча прааналізаваць выбары і зрабіць выснову, ці яны былі дэмакратычныя. Калі не запрашаецца такая важная міжнародная арганізацыя, а іншыя запрашаюцца, можна зрабіць выснову, што беларускія ўлады не імкнуцца правесьці дэмакратычныя выбары”.

Гэта быў Граер Бальян, кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Нагадаем, што сябры місіі ўсё яшчэ чакаюць на запросіны і візы, каб прыехаць у Беларусь.


XS
SM
MD
LG