Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮЛІЯ ЧЫГІР ЗАПАТРАБАВАЛА АД ГЕНЭРАЛЬНАГА ПРАКУРОРА ЎМЯШАЦЦА Ў СПРАВУ ЯЕ СЫНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юлія Чыгір зьвярнулася зь лістом да генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Яна лічыць, што міліцыянты, якія даўно і настойліва вядуць перасьлед яе сына Аляксандра, парушылі ажно 11 артыкулаў крымінальнага кодэксу. На дзевяці старонках свайго ліста жонка былога прэм’ера выкладае свае прэтэнзіі да сьледчых зь міліцыі і патрабуе ўзбудзіць супраць іх крымінальную справу.

(Юлія Чыгір: ) "На працягу 7 гадоў назіраецца неабмежаванае жаданьне ўзбудзіць супраць сына крымінальную справу, прычым паводле любога артукулу. Я лічу, што гэта зьвязана з бацькам. На гэтым этапе супалі інтарэсы ўладаў і тых асобаў, якія ўвесь час трымалі сына пад ціскам".

У сваёй скарзе Юлія Чыгір згадвае, што першы ператрус ў іх доме адбыўся яшчэ ў 1995 годзе, калі Міхаіл Чыгір быў прэм’ерам. Але гэта не спыніла міліцыянтаў, якія зьбіралі зьвесткі пра Аляксандра Чыгіра з дапамогай розных сумнеўных захадаў. Незаконнасьць гэтых дзеяньняў потым міліцэйскім кіраўніцтвам была прызнаная афіцыйна, вінаватых нават пакаралі вымовамі, але спробы далучыць Чыгіра-малодшага да нейкага крымінальнага скандалу не спыніліся. Іх было прынамсі пяць, і апошняя завершылася для Аляксандра арыштам.

Юлія Чыгір называе пэўныя прозьвішчы міліцыянтаў, падае дакумэнты ў якасьці доказу іх віны і зьвяртае ўвагу пракуратуры на тое, што яны працягвалі дзейнічаць супраць яе сына і пасьля таго, як атрымалі вымовы. Таму яна просіць ўмяшацца супрацоўнікаў пракуратуры.

(Юлія Чыгір: ) "Не, міліцыі я не давяраю, бо відавочна, што спробы незаконна ўзбудзіць крымінальную справу супраць сына рабілі менавіта супрацоўнікі міліцыі. Канешне, у мяне няма падставаў лічыць, што пракуратура будзе незалежнай у гэтай сытуацыі, але там хаця б ня пойдуць на фабрыкацыю матэрыялаў,"— лічыць Юлія Чыгір.

Сваю скаргу яна асабіста аднесла ў пракуратуру Беларусі і заяўляе, што надрукуе яе ў незалежных мэдыях, калі ня будзе пэўнай рэакцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG