Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ПАГРАЖАЕ СХАВАЦЬ ЗА КРАТЫ БАБРУЙСКІХ ГАЛАДОЎШЧЫЦ


Аляксандар Сердзюкоў, Бабруйск

Сеньня жанчыны па-ранейшаму стаяць на плошчы перад гарвыканкамам і патрабуюць абароны сваіх правоў. Яны паведамілі, што перамовы з прадстаўнікамі Камітэту дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці не прынесьлі істотных вынікаў. Як стала вядома, прадстаўнікі прапанавалі ім спыніць галадоўку і дачакацца верасьня, калі будзе разгледжанае іхняе пытаньне. Жанчыны не прынялі гэтую прапанову і вырашылі дамагаццца сваіх мэтаў з дапамогай галадоўкі. Нягледзячы на запалохваньні міліцыянтаў, яны маюць намер галадаць да перамогі.

Рабочая акцыянэрнага таварыства “Фандок” Галіна Гусева заявіла:

(Гусева: ) “Будзе вынік з гэтай галадоўкі. Сілы даюць мне мае дзеці, якіх у мяне пяцёра, іх будучыня. Яшчэ – тое, што я змагаюся за праўду”.

Менавіта гэтая жанчына патрабуе ад адміністрацыі “Фандоку” кватэры, у чарзе на якую ейны муж прастаяў больш за 15 гадоў. Патрабаваньні трох іншых жынчын зьвернутыя да кіраўніцтва бабруйскага філіялу Менскага трактарнага заводу. Яго работніца Яніна Аўсянік, якая стаіць на плошчы разам з сваім сынам-інвалідам, чакае жыльля такі ж час, як Галіна Гусева. Былы камэндант інтэрната гэтага прадпрыемства Ева Усьцімчук патрабуе ад прадпрыемства ня толькі кватэры, але аднаўленьня на працы. Такую ж мэту ставіць перад сабой былая бухгальтарка філіялу Любоў Санковіч. Адметна, што гэтая жанчына патэлефанавала так званаму праваабаронцу, вядучаму праграмы Беларускага тэлебачаньня Яўгену Новікаву і папрасіла дапамогі. Вы кажаце пра парушэньне правоў чалавека за мяжой, заявіла яна,а не зьвяртаеце ўвагі на сытуацыю ў Беларусі. Зрэшты, дапамогі ад яго яна так і не дачакалася. Аднак жанчыны дачакаліся пагроз ад начальніка Ленінскага райаддзелу міліцыі, які паабяцаў схаваць іх за краты, калі яны ня спыняць галадоўку.

Сеньня жанчынаў падтрымалі ня толькі прадстаўнік Беларускага Гельсынскага камітэту, але і мясцовыя “зубры”. Менавіта яны пастаялі разам з жанчынамі і выказалі ім сваю падтрымку.

XS
SM
MD
LG