Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУ ПАВІНЕН ДАВАЦЬ АБЯЦАНЬНІ АДЗІНЫ КАНДЫДАТ?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Аляксандар Бухвостаў, Юры Хадыка.

(Дракахруст: ) “Рашэньне “пяцёркі” пра вылучэньне адзінага кандыдата падаецца толькі першым крокам па ўзгадненьні пазыцыяў дэмакратычных сілаў. І выглядае, што ўзгадненьне гэтае адбываецца не без праблемаў.

Праблема першая – пагадненьне паміж першым і другім кандыдатамі, паміж Ўладзімерам Ганчарыкам і Сямёнам Домашам. Прадстаўнікі каманды Домаша, некаторыя партыі, якія яго падтрымліваюць, настойваюць на тым, што неабходна пагадненьне паміж імі, і што ў гэтым пагадненьні як мінімум мусіць быць замацаванае абяцаньне з боку Ганчарыка, што ў выпадку яго перамогі Домаш стане прэм’ерам з шырокімі паўнамоцтвамі. Каманда сп-ра Ганчарыка пакуль ухіляецца ад таго, каб даць такое абяцаньне. На Ваш пагляд, ці патрэбнае наагул асабістае пагадненьне Ганчарык-Домаш? І калі так, то якія абавязкі бакі мусяць узяць на сябе? Сп-р Бухвостаў, Вашае меркаваньне?”

(Бухвостаў: ) “Я лічыў бы, што зараз гэта неабавязкова. Ганчарык і Домаш дасягнулі пагадненьня, калі разглядалі гэтае пытаньне на пасяджэньні “пяцёркі”, і зараз гэтыя дамоўленасьці трэба выконваць. А калі ёсьць нейкія нюансы, варта, каб іх разглядалі асабіста Ганчарык і Домаш. А асноўную дамоўленасьць трэба выконваць”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, 21 ліпеня на пасяджэньні “пяцёркі”, фактычна, былі вызначаныя толькі абавязкі Сямёна Домаша – гэта абавязак зьняць сваю кандыдатуру, атрымаўшы пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты. А якія абавязкі сп-ра Ганчарыка, і ці ёсьць яны наагул – гэтага мы ня ведаем. На Ваш погляд, ці можа быць трывалым саюз, у якім абавязкі бярэ на сябе толькі адзін бок?”

(Бухвостаў: ) “Я лічу, што гэтае пытаньне пакуль мусіць быць вырашанае канфідэнцыйна паміж Домашам і Ганчарыкам. Нам трэба канцэнтраваць сілы вакол аднаго кандыдата. А калі мы зараз будзем ствараць нейкую новую сытуацыю, гэта расьцярушыць сілы”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Хадыка, як Вы лічыце, ці патрэбна публічнае пагадненьне паміж Ганчарыкам і Домашам?”

(Хадыка: ) “Мне здаецца, што мы перажываем цяжкасьці, якія зьвязаныя з канструкцыяй самой выбарчай кампаніі, калі непартыйныя, намэнклятурныя кандыдаты атрымалі вялікія магчымасьці і сталі адыгрываць вядучыя ролі. Палітычныя партыі, якія прытрымліваюцца пэўных праграмных палажэньняў, адціснутыя на другі плян. Таму я лічу, што найперш неабходнае пагадненьне паміж адзіным канедыдатам Ганчарыкам і палітычнымі партыямі. Каб спыніць спрэчкі і прыцягнуць да актыўнай працы прыхільнікаў Домаша, было б вельмі пажаданым і асабістае пагадненьне паміж Ганчарыкам і Домашам з разьмеркаваньнем узаемных абавязкаў. Гэтае апошняе пагадненьне – пажаданае. Я ня маю сродкаў узьдзеяньня ні на Ганчарыка, ні на Домаша. Я хачу нагадаць, што ў нашым незалежным друку было шмат ляманту наконт таго, што я ды яшчэ нехта прапанавалі гэтую камбінацыю яшчэ больш месяца таму. Аказваецца, тады мы рабілі дрэнна”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, Вы, відаць, таксама зьвярнулі ўвагу на меркаваньне сп-ра Хадыкі, што пагадненьне паміж Ганчарыкам і Домашам патрэбнае дзеля таго, каб інтарэсы прыхільнікаў, аднадумцаў Домаша былі ў пэўнай ступені задаволеныя. Вы кажаце, што такое пагадненьне непатрэбнае. А як яны тады будуць задаволеныя?”

(Бухвостаў: ) “Я меў на ўвазе, што гэтае пытаньне ня варта вырашаць у шырокім коле ўдзельнікаў, а выключна паміж Домашам і Ганчарыкам. Але зразумела, што дзеля таго, каб кансалідаваць сілы, паміж Домашам і Ганчарыкам дамоўленасьці мусяць быць. Я толькі супраць таго, каб мы падштурхоўвалі іх, ствараючы розныя пражэкты. Гэта шкодзіць справе. З другога боку, я падтрымліваю Юр’я Віктаравіча ў тым, што патрэбная пэўная пасьлядоўнасьць дамоўленасьцяў: паміж палітычнымі партыямі і адзіным кандыдатам і паміж прыхільнікамі Домаша і адзіным кандыдатам. І тады, я мяркую, канструкцыя будзе больш устойліваю”.

(Дракахруст: ) “Мы ўжо фактычна перайшлі да другой праблемы забесьпячэньня адзінства дэмакратычных сілаў – да праблемы пагадненьня паміж адзіным кандыдатам і шырокім колам палітычных сілаў. Падаецца, што і тут не бяз цяжкасьцяў. Кааліцыя, якая падтрымлівае сп-ра Ганчарыка, дастаткова шырокая – ад БНФ да камуністаў. І ці можна ў такой сытуацыі, калі ўдзельнікаў кааліцыі, фактычна, аб’ядноўвае толькі адно – сыход Лукашэнкі, выпрацаваць нейкія агульныя абавязкі? Даючы нейкія абавязкі, прыкладам БНФ, сп-р Ганчарык можа парушыць свае абавязкі перад камуністамі, ці абавязкі перад БНФ будуць супярэчыць абавязкам перад ПКБ. І ў выніку ён стане вольным ад любых абавязкаў. Як можна вырашыць гэтую праблему? Сп-р Хадыка, як Вы лічыце?”

(Хадыка: ) “Гэта сапраўды складаная праблема. Зараз яна ператварылася ў спрэчку, што праводзіць у якасьці форуму для падтрымкі адзінага кандыдата: Кангрэс дэмакратычных сілаў ці Форум шырокай грамадзкасьці. Уладзімер Ганчарык пакуль атрымаў тры праекты пагадненьня – кароткі ад БНФ, разгорнуты ад БНФ і праект АГП, але назад нейкія прапановы зь яго боку мы яшчэ не атрымалі.
І зараз спрэчка вядзецца, фактычна, вакол пытаньня: ці хочам мы зьмяніць рэжым ці хочам мы зьмяніць проста кіраўніка рэжыму. Калі мы хочам зьмяніць рэжым, то страх, які выказваюць нашыя апанэнты супраць правядзеньня Кангрэсу дэмакратычнывх сілаў, мне падаецца штучным. Нельга сёньняшні рэжым памяняць і ня быць пры гэтым дэмакратычным чалавекам паводле сваіх перакананьняў. Калі мы аднаўляем падзел уладаў, сьцьвярджаем вяршэнства закону, то гэта прынцыпы дэмакратыі. Шырокі форум – для мяне гэта пакуль абсалютна незразумелая канструкцыя. Спроба арганізаваць нейкі невыразны форум нагадвае мне спробу перамагчы лукашэнкаўскую дыктатуру, апрануўшыся ў маскхалат, які потым прыйдзецца скідаваць”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, тое ж пытаньне да Вас. Як Вы лічыце, ці мусіць быць і ці можа быць пагадненьне паміж сіламі, якія падтрымліваюць сп-ра Ганчарыка, пры там што сілы самі па сабе даволі розныя. І іх інтарэсы, іх уяўленьні пра будучую Беларусь без Лукашэнкі – таксама розныя. Ці магчыма іх узгадніць і ці варта іх узгадняць?”

(Бухвостаў: ) “Я лічу, што гэта ня толькі магчыма, але што гэта неабходна і абавязкова. Я ня бачу тут сур’ёзных супярэчнасьцяў, бо ў асноўным аб’ядноўваюцца антылукашэнкаўскія сілы, якія выступаюць за вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Я мяркую, што ня маюць значэньня нюансы эканамічных і асаблівасьці палітычных праграмаў. Галоўнае – гэта ня толькі зьмяніць Лукашэнку, але зьмяніць увесь рэжым. Кандыдат ад шырокай грамадскай кааліцыі мусіць падпісаць дакумэнт, дзе ён дасьць абяцаньне, калі стане прэзыдэнтам, вырашыць пэўныя праблемы. Для нас відавочна, што гэта – вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году ці правядзеньне канстытуцыйнай рэформы, гэта – рэальны падзел уладаў, гэта тыя прынцыпы, зь якімі згодныя мы ўсе. Калі хтосьці на гэтыя прынцыпы не пагаджаецца, ён проста не зьяўляецца ўдзельнікам гэтай шырокай грамадзкай дэмакратычнай кааліцыі.

І я лічу, што зараз нельга праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў у старым фармаце. Мы ўсе былі ўдзельнікамі папярэдніх кангрэсаў, ведаем характар іх правядзеньня. Праект пагадненьня мусіць быць выпрацаваны паміж палітычнымі партыямі і прадстаўнікамі адзінага кандыдата. Потым мусіць быць скліканы форум шырокай грамадзкай кааліцыі, дзе мы проста павінныя выказаць падтрымку адзінаму кандыдату і даць штуршок агітацыйнай кампаніі. Я бачу такую мадэль дзеяньняў, каб прыйсьці да рэальнага выніку. Існуюць яшчэ прынцыпы: каб Беларусь была незалежнаю, сувэрэнаю дзяржаваю, каб адрадзіліся яе сымбалі. Гэта – асноўныя прынцыпы, ад іх ніхто ня мусіць ухіляцца”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, прадстаўнікі якіх сілаў, якія не ўваходзяць у Кангрэс дэмакратычных сілаў, мусяць быць прадстаўленыя на форуме шырокай кааліцыі? Чаго ў Кангрэсе Вам не хапае?”

(Бухвостаў: ) “Па-першае, мусіць быць прапарцыйнае прадстаўніцтва ўсіх палітычных сілаў і грамадскіх рухаў. Прафсаюзы не былі прадстаўленыя на мінулых кангрэсах. Мусяць быць прадстаўленыя камуністы – партыя Калякіна, якая зараз таксама займае дастаткова прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму. Яна таксама ўдзельнік шырокай грамадзкай кааліцыі. Мы ня мусім адштурхоўваць нікога, хто можа ўнесьці ўнёсак у нашую агульную перамогу. А пагадненьне мусіць быць проста агучанае на гэтым форуме. На падобных форумах дакумэнты не выпрацоўваюцца”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Хадыка, а як на Ваш погляд можна вырашыць гэтую праблему?”

(Хадыка: ) “Хачу выказаць сваё гранічнае зьдзіўленьне адказамі сп-ра Бухвостава. Па-першае, на ўсіх кангрэсах прафсаюзы былі прадстаўленыя: і ягонай прафсаюзнай Партыяй працы і партыяй “Надзея”. Па-другое, калі б прафсаюзы выказалі жаданьне, няма ніякіх перашкодаў для таго, каб даць ім адпаведнае прадстаўніцтва. Што тычыцца ПКБ, то тут сытуацыя значна складаней. Калі ПКБ ня лічыць сябе партыяй, якая змагаецца за дэмакратыю і ня можа ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, то ёй тады лепш ня ўдзельнічаць ні ў кангрэсе, ні ў форуме, які, паводле словаў сп-ра Бухвостава, таксама за дэмакратыю. Я, як старшыня аргкамітэту Кангрэсу, ужо атрымаў ад сп-ра Калякіна адмову ад удзелу ў Кангрэсе. Я ня бачу ніякай праблемы, калі камуністы правядуць свой форум ці свой зьезд і запросяць туды адзінага кандыдата. Адзіны кандыдат таму і адзіны, што мусіць прадстаўляць інтарэсы розных слаёў грамадзтва. І я ня бачу ніякай небясьпекі, што Ганчарык паабяцае нешта на зьездзе ПКБ, што будзе непрымальнае для дэмакратычных колаў. Ганчарык мусіць браць на сябе толькі тыя абавязкі, якія ён можа выканаць, абапіраючыся на падтрымку апазыцыйных сілаў. Ніхто ж ня можа прад’яўляць яму прэтэнзіяў наконт такіх мэтаў, якія ён ня ў стане рэалізаваць. Мне здаецца, што тут ідзе нейкая гульня.

Кангрэс – гэта сталы інструмэнт. Ніколі на Кангрэсе не вырабляліся дакумэнты. Мяне вельмі зьдзіўляюць такія заявы сп-ра Бухвостава. Я б прапанаваў яму замест заклікаў заняцца арганізацыяй шырокага форуму, як ён гэта сабе ўяўляе. Я да сёньняшняга дня акрамя заклікаў і, фактычна, перашкодаў для падрыхтоўкі Кангрэсу нічога ня бачыў канструктыўнага з боку прыхільнікаў форуму”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, Вы ўжо акрэсьлілі кола патрабаваньняў, якія маглі б стаць базаю для агульнага пагадненьня паміж адзіным кандыдатам і палітычнымі сіламі. Але, наколькі я разумею, каманда Ганчарыка не гатовая ўзяць на сябе такія абавязкі. Сп-р Ганчарык, неяк выступаючы сказаў, што з роспускам “палаты прадстаўнікоў” трэба пачакаць, што прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі паводле Канстытуцыі 1996 году нельга імгненна “падзяліцца”. Ці не атрымліваецца так, што нават гэтыя, бясспрэчныя для дэмакратаў прынцыпы выклікаюць пэўныя пярэчаньні ў каманды Ганчарыка?”

(Бухвостаў: ) “Я б хацеў спачатку адказаць на словы Юр’я Віктаравіча. Не зусім дакладна, што на Кангрэсах ніколі не выпрацоўваліся дакумэнты. На апошнім Кангрэсе быў прыняты дакумэнт наконт байкоту выбараў. У ім утрымліваліся папраўкі, якія былі выпрацаваныя непасрэдна на Кангрэсе. І з-за гэтага ў нас узьніклі супярэчнасьці ў КРДС – Каардынацыйнай Радзе Дэмакратычных сілаў. І зараз КРДС не зьяўляецца адзінаю арганізацыяй, якая прадстаўляе дэмакратычныя сілы. Мы стварылі Канфэдэрацыю “За сацыяльныя перамены” разам з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Статкевіча і буйнымі прафсаюзамі. І натуральна, што мы хочам, каб гэтыя зьмены былі ўлічаныя пры фармаваньні гэтага форуму. Мы не баімся слова “дэмакратыя”, а стаім за гэтую дэмакратыю ня горш за любую іншаю палітычную арганізацыю, у тым ліку ня горш за Беларускі Народны Фронт.
Іншая справа, што мы мусім запатрабаваць ад адзінага кандыдата сапраўды адказнасьці за тое, што мы ўсе яго падтрымліваем. Ён мусіць падпісаць дакумэнт, які б задавальняў усіх. Я падкрэсьліваю, што гэты дакумэнт мусіць быць выпрацаваны палітычнымі партыямі, бо мы маем уплыў на грамадзтва: хто – на прафсаюзы, хто – на іншыя слаі насельніцтва. Каб гэтыя сацыяльныя групы аб’ядналіся, патрэбны гэты дакумэнт. І гэтыя ваганьні – гэта пошук. Уладзімер Іванавіч фармуе такую пазыцыю, якая б улічвала ўсе нюансы, каб не адштурхнуць іншую палітычную сілу, якая можа падтрымаць і забясьпечыць вырашальную перамогу”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, і Вы, і сп-р Хадыка, ўвесь час кажаце пра кансалідацыю сфармаваных, арганізаваных палітычных сілаў. Але ж прэзыдэнта абіраюць не яны, а народ. І магчыма тое, што сп-р Ганчарык ухіляецца ад таго, каб даваць прамыя абяцаньні сілам, ёсьць вынікам яго нежаданьня адштурхнуць ад сябе “сярэдзіну” грамадзтва, якая ня надта хоча нейкай акрэсьленасьці кандыдата і ня надта жадае рэзкіх пераменаў. Магчыма, сп-р Ганчарык адчувае, што абяцаньні, дадзеныя палітычным сілам, не дадуць яму магчымасьці заваяваць “сярэдзіну”, якая і забясьпечвае перамогу. Вы ня лічыце, што так можа быць?”

(Бухвостаў: ) “Я мяркую, што менавіта так і можа быць. Разумееце, мы часам прайграем, таму што мы хочам атрымаць адразу: “вынь ды палож”. Так у палітыцы не бывае. Адваёўваць пазыцыі трэба паступова, і мы іх мусім расставіць паводле прыярытэтаў. Першы прыярытэт – убраць Лукашэнку і рэжым, а ўжо мадэль далейшых пераўтварэньняў мусіць быць вызначаная толькі ў агульных рысах. Мы ня мусім даць магчымасьць нашым праціўнікам спэкуляваць на нашых палітычных недаглядах. Чаму пайшлі непартыйныя кандыдаты і сталіся галоўнымі ў гэтай палітычнай кампаніі? Таму што беларускія партыі з пэўных прычынаў не былі прызнаныя народам, ня мелі таго ўплыву, які мусілі мець. Але гэта ня значыць, што гэтага ўплыву ня будзе потым. Таму я мяркую, што тут ня варта папракаць і Ганчарыка, што ён вагаецца. Ён шукае варыянт перамогі. І варыянт перамогі не ляжыць на тым шляху, што бярэш шашку і ляціш наперад”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Хадыка, як Вы ставіцеся да праблемы суадносінаў паміж патрабаваньнямі палітычных сілаў і неасэнсаванымі памкненьнямі “сярэдзіны” грамадзтва?”

(Хадыка: ) “Проста народ, проста электарат – гэта хаос індывідуальных памкненьняў, накіраваных у розныя бакі. Там, акрамя нейкага бунту, ня можа скласьціся ніякае накіраванае ўзьдзеяньне на сытуацыю ў грамадзтве. Таму дамова паміж адзіным кандыдатам і палітычнымі структураванымі сіламі – абавязковая. Толькі тады гэтыя сілы пачнуць агітаваць гэтае грамадзтва. Калі арганізаваныя сілы не разумеюць сапраўдных інтарэсаў грамадзтва, то гэта наогул ня сілы. Але такога няма ні ў водным грамадзтве. І я Вас запэўніваю, што беларускія партыі выдатна разумеюць, што карысна для Беларусі, для беларускага народу”.

(Дракахруст: ) “Відавочна, што пры прэзыдэнце Ганчарыку ня будуць зьнікаць людзі, будуць больш-менш свабодна выдавацца газэты, больш-менш свабодна праходзіць палітычнае жыцьцё. І гэта будзе так не з прычыны абавязкаў Ганчарыка перад дэмакратычнымі сіламі, а проста таму, што ён іншы чалавек, чым Лукашэнка. Гэтага недастаткова, каб падтрымаць Ганчарыка?”

(Хадыка: ) “Калі мы хочам ісьці вельмі марудна, то давайце гэтым і абмяжуемся. Я з самага пачатку задаваў пытаньне: ці мы хочам зьмяніць рэжым, ці проста малацывілізаванага прэзыдэнта Лукашэнку на больш цывілізаванага. Гэта – мінімум, і я нават пагаджуся з гэтым мінімумам, калі не атрымаецца рэалізаваць больш прасунуты плян. Калі Ганчарык возьме на сябе такія абавязкі, я буду яму дапамагаць. Але калі ён проста зьменіць Лукашэнку, я буду ў апазыцыі да яго гэтак сама, як зараз – да Лукашэнкі. Прычына нашых праблемаў – ня столькі ў асобе, колькі ў законах, у Канстытуцыі, якая была навязаная народу, у бесканрольнасьці прэзыдэнта. Калі зараз ня будзе дэкляравана, што гэтыя пытаньні будуць Ганчарыкам вырашаныя, я буду супраць такога адзінага кандыдата”.

(Дракахруст: ) “І калі няма ідэальнага кандыдата, то хай будзе Лукашэнка?”

(Хадыка: ) “Навошта так казаць? Я ня думаю, што Ганчарык будзе горш за Лукашэнку. Лукашэнку трэба мяняць у любым выпадку. Толькі ня трэба выдаваць гэта за рэалізацыю мары альбо за нейкае вялікае дэмакратычнае дасягненьне”.

(Дракахруст: ) “А можа ў палітыцы і ня варта імкнуцца да рэалізацыі мараў?”

(Хадыка: ) “На мой пагляд, у гэтым – сэнс палітыкі. Ставіцца мэта, мабілізуюцца сілы арганізаваных структураў, сілы ўсяго народа на яе дасягненьне. Інакш мы ніколі ня выйдзем на той дэмакратычны шлях, як выбралі нашыя суседзі ў краінах Балтыі. Яны ставілі гэтыя вялікія мэта”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Бухвостаў, ці дастаткова для Вас, што з прыходам Ганчарыка сытуацыя крышачку палепшыцца, і ўсяго толькі?”

(Бухвостаў: ) “Вы ведаеце, я рэаліст. Я выдатна разумею сытуацыю ў цяперашняй Беларусі і выдатна ўяўляю сабе, што будзе, калі зьменяць Лукашэнку. І я ведаю, што нам давядзецца яшчэ столькі ж, калі ня больш, працаваць, каб жыцьцё паляпшылася. Галоўнае, што не дае магчымасьці жыць і працаваць у Беларусі – гэта цяперашні рэжым. А потым – шлях барацьбы, для прафсаюзаў ён няспынны. А ўжо каб чалавек стаў жыць лепш, для гэтага трэба дзесяцігодзьдзі працаваць, гэта вырашаецца не на працягу аднаго года і нават не на працягу пяці гадоў”.


XS
SM
MD
LG