Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗРАІЛЬ МОЖА ПРЫНЯЦЬ ЛУКАШЭНКУ ЯК ТУРЫСТА


Ганна Соусь, Менск

Сёньня часова павераная ў справах Ізраілю ў Беларусі Эці Кацір-Касласі наладзіла прэсавую канфэрэнцыю з нагоды апошняга тэрарыстычнага акту ў Ерусаліме, у выніку якога 15 чалавек загінулі і 134 былі параненыя.

"Цяпер усе краіны Блізкага Ўсходу апынуліся перад пагрозай новай вайны, і мы хацелі б, каб і беларуская грамадзкасьць далучылася да міжнароднай супольнасьці з тым, каб супрацьстаяць тэрору", — зазначыла Эці Кацір-Касласі.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра тое, куды ён зьбіраецца ўцякаць, калі прайграе выбары, назваў Ізраіль. Таму цікава, у якім статусе яго можа прыняць Ізраіль — як палітычнага эмігранта, бізнэсоўца, рэпатрыянта альбо прыватную асобу? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да спадарыні Эці Кацір-Касласі.

(Кацір-Касласі: ) "Што да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, вядома, мы ня супраць турызму. Ізраіль — гасьцінная краіна для турызму з усяго сьвету. І мы не зьбіраемся ўмешвацца ва ўнутраныя дачыненьні паміж палітыкамі тут".

Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымую эміграцыю ў Ізраіль, адказваючы на пытаньне Ірыны Халіп — журналісткі, якая была на некаторых акцыях са сьцягам Ізраілю. Згадаю таксама зьняважлівы эпітэт "крючконосые", які ўжыў беларускі кіраўнік у дачыненьні да Ўладзімера Позьнера. І таму маё наступнае пытаньне тычылася праяваў антысэмітызму ў Беларусі, тым больш, што нядаўна ізраільскі амбасадар Марцін Пэлед-Флэкс выказаў заклапочанасьць гэтай праблемай. Гаворыць часова павераная ў справах Ізраілю ў Беларусі Эці Кацір-Касласі.

(Кацір-Касласі: ) "Антысэмітызм у Беларусі ёсьць актыўным, але ён знаходзіцца пад кантролем. Мы чакаем ад беларускага ўраду, што кожны выпадак антысэмітызму будзе разгледжаны і прымуць адпаведныя меры. Канечне, мы ведаем, што ў Беларусі паліцыя даволі моцная. І мы цэнім дзеяньні, якія прымаюцца пасьля кожнага выпадку антысэмітызму. Але мы спадзяемся, што гэтыя меры дзяржава ўзмоцніць пры дапамозе адукацыйнай палітыкі".

Спадарыня Кацір-Касласі пракамэнтавала таксама апошнія публікацыі ў друку, у якіх гаварылася пра тое, што Беларусь прадае зброю палестынскім экстрэмістам.

(Кацір-Касласі: ) "Мы знаёмыя з публікацыяй у "Народнай волі". Потым было афіцыйнае абвяржэньне Міністэрства замежных справаў. Пасьля гэтага мы ня можам нічога заявіць, мы мяркуем, што гэта няпраўда, мы спадзяемся, што гэта няпраўда. У тым выпадку, калі Ізраіль затрымлівае нейкую партыю зброі, альбо захоплівае зброю, якую выкарыстоўвалі тэрарысты, мы даведваемся, адкуль была атрыманая зброя".

На пытаньне Радыё Свабода, ці былі выпадкі, калі ідэнтыфікавалі зброю зь Беларусі, спадарыня Кацір-Касласі адказала, што цяпер ёй невядомыя такія выпадкі. Паводле яе, узброеныя сілы Ізраілю маюць магчымасьць ідэнтыфікаваць любую зброю, але гэтая інфармацыя звычайна не публікуецца.


XS
SM
MD
LG