Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗБУРАНЫ МЭМАРЫЯЛЬНЫ ЗНАК У КУРАПАТАХ


Валер Каліноўскі, Менск

У Курапацкім лесе паўсюль бачныя сьляды гульбішчаў — сьмецьце, кастрышчы. З часам тут павінна распачацца пашырэньне кальцавой дарогі, але цяпер ніякіх работ не вядзецца, рабочых няма. Затое дабраліся вандалы.

На ўваходзе ў мэмарыял калісьці была ўсталяваная мэмарыяльная дошка з тэкстам, што тут пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Гэты знак стаяў на драўляных слупах, якія з часам падгнілі. Выкарыстаўшы гэта, невядомыя іх даламалі ды кінулі на зямлю.

Але найбольш пацярпеў мэмарыяльны знак ад народу ЗША. Гэты помнік усталяваў у Курапатах 15 студзеня 1994 году Біл Клінтан — мармуровая лаўка, на якой напісана: "Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі — народу Беларусі дзеля памяці". Траціна гэтай лаўкі адламаная, якраз на словах "народу Злучаных Штатаў" і "народу Беларусі". Вакол шмат недапалкаў цыгарэтаў, коркаў ад піва, бітага шкла. А на самой лаўцы нехта чырвонай крэйдай напісаў па-расейску "анархія".

Фактычна гэты знак ужо немагчыма аднавіць. Першым заўважыў гэтае дзікунства актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо. Ён сьведчыць, што яшчэ ўвечары ўчора гэтага не было:

(Юхо: ) "Я вельмі ўзрушаны тым, што сёньня ўбачыў. Другі раз за апошнія тры тыдні быў зруйнаваны помнік ад амэрыканцаў і шыльда пры ўваходзе ў гэтае сьвятое месца "Ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1937–41 гадоў". Падзеі апошніх трох тыдняў пасьля таго, як Лукашэнка праехаўся па кальцавой дарозе і заявіў, што будзе пашырэньне гэтай дарогі — пачаліся нейкія цуды проста тварыцца. Зараз гэты помнік разьбіты зусім, ушчэнт".

На думку спадара Юхо, гэтае дзікунста выкліканае стаўленьнем улады да Курапатаў, плянамі перабудовы кальцавой дарогі па тэрыторыі мэмарыялу. Хто гэта ўчыніў? Вось што мяркуе Ўладзімер Юхо:

(Юхо: ) "Мне жанчыны там сказалі, што хутчэй за ўсё тут з РНЕ пабывалі, бо яны прыходзілі сюды — і два гады таму казалі, і год таму, што тут гэты помнік ня будзе стаяць".

Уладзімер Юхо лічыць, што дзяржава пасьля такога барбарскага акту павінна пачаць крымінальную справу. У Менскім райаддзеле міліцыі Свабодзе паведамілі, што крымінальная справа будзе ўзбуджаная, што матэрыялы сабраныя і знаходзяцца ў супрацоўніка міліцыі ў Бараўлянах Сяргея Міхалевіча.

У амбасадзе ЗША толькі што даведаліся пра ўчыненае дзікунства і пакуль ня вырашылі, як рэагаваць на гэта і што рабіць з пашкоджаным мэмарыяльным знакам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG