Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГАЯ СПРОБА ПАКАЗАЦЬ СТУЖКІ ФЭСТЫВАЛЮ “АДЗІН СЬВЕТ” У СТАЛІЦЫ БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Магчымае месца дэманстрацыі дакумэнтальных стужак не разгалошваецца. Да сумнай гісторыі з Музэем кіно днямі дадалася яшчэ адна. У Гомелі міліцыянты ўчынілі ператрус на штаб-кватэры грамадзкай арганізацыі, якая мелася ладзіць паказ фільмаў. Усе касэты канфіскавалі.

Але арганізатары па-ранейшаму цьвёрдыя ў намеры ахапіць увагай усе раней заплянаваныя 80 гарадоў Беларусі. Бо сэнс фэстывалю — ня толькі прагляд, але й калектыўнае абмеркаваньне ўбачанага. Дарэчы, каардынатар зь беларускага боку Алесь Мазур кажа, што фільмы менавіта беларускіх рэжысэраў выклікаюць найбольшую цікавасьць, а дыскусіі часам расьцягваюцца на 3–4 гадзіны. Чаму так — тлумачыць аўтар знакамітага "Звычайнага прэзыдэнта" Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) "Чаму беларускія стужкі выклікаюць найбольшую цікавасьць? Напэўна, таму, што яны прасякнутыя беларускімі матывамі; людзям гэта цікава, гэта бліжэй да іх нават на фізычным узроўні. Гэта адчуваюць і рэжысэры... Але гісторыя нікуды не зьнікае: мы ведаем, дзе ляжаць архівы, хто з калегаў што зьняў. І выкарыстаем, калі будзе патрэбна".

Спадар Хашчавацкі таксама дадаў, што зь нецярпеньнем чакае моманту, калі можна будзе выйсьці на фінішную прамую з працягам "Звычайнага прэзыдэнта". Пакуль мантаж ідзе пад працоўным назовам "Канец апэрацыі "Прэзыдэнт". І кажа, што прэм'еру цалкам верагодна наладзіць ужо ў наступным месяцы. Настрой Хашчавацкага падзяляе й ягоны калега Леанід Міндлін, ляўрэат фэстывалю за 1999 год зь фільмам "Страх".

(Міндлін: ) "Усе ведаюць, зь якой сьняжынкі нараджаецца лавіна. На гэтым фэстывалі ёсьць фільм пра аксамітную рэвалюцыю 1989-га году ў Чэхіі. Там адбываліся страшныя рэчы: людзей зьбівалі, паўсюдна стаялі бронетранспарцёры, войскі адмысловага прызначэньня. Тым ня меней наступным днём на Вацлаўскую плошчу яшчэ больш людзей выйшла. Потым заводы сталі. Гэтая лавіна нарадзілася са сьняжынкі..."

Уроціслаў Ржэка, экспэрт фундацыі "Людзі ў нядолі" — актыўны ўдзельнік праскіх падзеяў, прыгаданых Леанідам Міндліным. Я запытаўся, што, на ягоную думку, замінае беларусам, у адрозьненьне ад чэхаў, кансалідавацца напярэдадні вызначальных для лёсу краіны падзеяў.

(Ржэка: ) "Ня ведаю, ці я магу арыентавацца ў сытуацыі пасьля вельмі нядоўгага тут знаходжаньня. Але ўбачанае фрагмэнтарна сапраўды падобна да падзеяў 12-гадовай даўніны ў Чэхіі. Істотным адрозьненьнем можна назваць, бадай, тое, што ў Беларусі значна меней людзей, якія б усьведамлялі: далей гэткім чынам існаваць немагчыма.

Другая адметнасьць — у Беларусі існуе легальная апазыцыя, чаго ня было 12 гадоў таму ў Чэхіі. Значыць, калі нават і будуць спробы фальшаваньня выбараў, то хто надалей павінен уладарыць у краіне — будуць вырашаць самі людзі. Справа інфармаванасьці й кантролю ў вашай краіне вельмі важная".

Прадстаўнік чэскай фундацыі "Людзі ў нядолі" Ўроціслаў Ржэка зазначыў, што цягам усяго існаваньня фэстывалю ні ў адной краіне паказ стужак не суправаджаўся штучнымі забаронамі. І гэта яшчэ адна адметнасьць беларускіх рэаліяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG