Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ. ПРАВА НА СВАБОДУ”


Юрась Барысевіч, Менск

Прафсаюзныя актывісты распаўсюджваюць на відэакасэтах публіцыстычны фільм “Беларусь. Права на свабоду”. Тэма стужкі — прафсаюзны супраціў Лукашэнкаваму рэжыму, які дужа абмежаваў правы рабочых, у прыватнасьці — права на страйк. Фільм створаны інтэрнацыянальнай камандай на расейскай студыі “ART-станок” на замову польскага інфармацыйнага цэнтру КОС-КОР і пры падтрымцы Міжнароднай арганізацыі працы.

У Музэі тэатральнай і музычнай культуры на Траецкім прадмесьці праходзіць выстава твораў пінскага мастака Сяргея Жылевіча. Многія з паўсотні драўляных скульптураў і жывапісных палотнаў Жылевіча прысьвечаныя пэрсанажам беларускай літаратуры. Найлепшыя з гэтых твораў ужо выстаўляліся ў Злучаных Штатах, Нямеччыне й Гішпаніі.

На “Беларусьфільме” пачалася вытворчасьць гістарычнае стужкі “Анастасія Слуцкая”. Аўтары спадзяюцца, што карціна атрымаецца відовішчная: ейны бюджэт сягае паўтара мільёну даляраў. Раней рэжысэрам-пастаноўшчыкам фільму са згоды Лукашэнкі быў прызначаны малады кліпмэйкер Уладзімер Янкоўскі, але цяпер мяркуецца, што асноўным аўтарам “Анастасіі Слуцкай” будзе ягоны дзядзька, вядомы расейскі актор Алег Янкоўскі.

У галерэі Нацыянальнае бібліятэкі адчынілася выстава графікі й самаробных кніжак паэткі Людкі Сільновай “Рыфмы колеру”. Сільнова распрацоўвае ўласную канцэпцыю літаратурна-мастацкае творчасьці пад назовам “транслінгвізм”, у тым ліку прапаноўвае пісаць вершы ня толькі на паперы, але й на іншых матэрыялах. Сярод васьмі кніжак паэткі на выставе можна ўбачыць створаныя з джынсавай тканіны, фольгі, шоўку, палатна.

Адразу ў трох музычных фэстывалях у Францыі возьме ўдзел ансамбль “Палескія зоры” зь Пінску. Запрашэньне на гастролі па Францыі “Палескія зоры” атрымалі яшчэ летась, пасьля пасьпяховага выступу на фальклёрным фэстывалі ў Каркасоне. Пінчукі едуць у Францыю ўжо чацьверты раз. Сёлета яны пакажуць там праграму, падрыхтаваную да 25-гадовага юбілею “Палескіх зораў”.

Студыя “Аист Music” выпусьціла зборнік альтэрнатыўнае музыкі “Кляўстрафобія”. Сярод 18 альтэрнатыўных гуртоў, песьні якіх гучаць на дыску, ёсьць і лідэры беларускага року — "NRM" і “Нейро дюбель”. У адрозьненьне ад іншых краінаў, у Беларусі нават найбольш папулярныя рок-гурты дагэтуль працуюць у андэрграўндзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG