Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ЗАПРОСІЦЬ ЛУКАШЭНКА ЯШЧЭ КАЛІ-НЕБУДЗЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ НА СВАЮ ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫЮ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, намесьніца рэдактара "БДГ" Ірына Халіп.

(Цыганкоў: ) "Тэма сёньняшняй "Экспэртызы" — прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі, што адбылася ў сераду. Ці дасягнуў Лукашэнка тых мэтаў, якія ставіў перад сабой, калі запрашаў незалежных журналістаў? Як паўплывае гэтая прэсавая канфэрэнцыя на ход выбарчай кампаніі, на рэйтынг Лукашэнкі?

Тое, што ўпершыню за некалькі гадоў Лукашэнка запрасіў журналістаў незалежных выданьняў, — гэта ўжо незвычайна. Гэта паказвае, што традыцыйных, раней апрабаваных прапагандысцкіх сродкаў ужо не хапае для перамогі. Трэба ісьці на нейкія новыя крокі, трэба шукаць нечага новага, каб заваяваць "балота" — тых, хто яшчэ ня вызначыўся, хто вагаецца ў сваім выбары. Каб паспрабаваць павялічыць свой стабільны электарат, стабільныя 35-40%, якія ён мае і ніяк ня можа павялічыць.

Ірына, пытаньне да вас. Ці пажадае Лукашэнка яшчэ раз — прынамсі да выбараў — запрашаць незалежных журналістаў, улічваючы тыя вострыя пытаньні, якія яму задаваліся і ягоныя незадаволеныя адказы. Ці паўторыць ён такі вопыт? Ці такі ўрок яму не пайшоў на карысьць?"

(Халіп: ) "Упэўненая, што больш такіх прэсавых канфэрэнцыяў ня будзе. Думаю, што да выбараў Аляксандар Лукашэнка больш ня будзе праводзіць такіх экспэрымэнтаў, бо яны не ідуць яму на карысьць".

(Цыганкоў: ) "Чаму вы так думаеце?"

(Халіп: ) "Напэўна, Лукашэнка хацеў заваяваць сымпатыі незалежных журналістаў. Зьвярніце ўвагу, калі ласка, паводле якога прынцыпу адбіраліся незалежныя журналісты. Гэта тры жанчыны, тры маладыя жанчыны, тры бляндынкі. Відаць, яму нехта сказаў: "Аляксандар Рыгоравіч, вы ж такі сэкс-сымбаль Беларусі. Запрасіце іх, і яны пад ціскам вашай абаяльнасьці стануць яе ахвярамі". Мне здаецца, гэтага ён не дабіўся".

(Цыганкоў: ) "Валер Карбалевіч зараз дасьць, напэўна, больш паліталягічную ацэнку таго, што адбылося на прэс-канфэрэнцыі..."

(Карбалевіч: ) "Я згодны зь Віталём, што пасьля аб'яўленьня апазыцыяй прозьвішча адзінага кандыдата абвастрылася барацьба за гэтак званае "балота", за нявызначаны электарат. І ўчорашняя прэс-канфэрэнцыя — гэта была спроба ўзьдзейнічаць менавіта на гэтую частку насельніцтва. Гэта была спроба дэманстрацыі шчырасьці, адкрытасьці, гатовасьці да дыялёгу зь людзьмі, якія не ва ўсім падзяляюць ягоныя погляды.

Але гэтай задачы ня выканалі. Бо такая форма вядзеньня дыялёгу папросту становіцца небясьпечнай для Лукашэнкі. Бо ён адвык ад размоваў зь незалежнымі журналістамі, адвык ад публічных і вострых дыскусіяў, ад вострых пытаньняў. Ён развучыўся дыскутаваць.

Дагэтуль нават тыя незалежыя журналісты, якіх запрашалі на Лукашэнкавы прэс-канфэрэнцыі, паводзілі надта сьціпла. Яны не спрабавалі ўступіць з Лукашэнкам у жорсткую дыскусію. Ну а ўчора адбылося адваротнае. Беларускія маладыя журналісткі кінулі публічны выклік Лукашэнку, і я думаю, гэта будзе мець даволі істотнае маральнае значэньне".

(Цыганкоў: ) "Варта адзначыць адзін вынік гэтай дыскусіі — не пралічаны, відаць, Лукашэнкам. Тыя жорсткія і непрыемныя тэмы — зьніклыя, эскадроны сьмерці, матэрыяльны стан сям'і Лукашэнкі, псыхічнае здароўе самога Лукашэнкі — пасьля прэс-канфэрэнцыі нібыта легалізаваліся ў дзяржаўнай прэсе.

Мне здаецца, многія і тэлегледачы, і чытачы "Советской Белоруссии" упершыню даведаліся, што існуюць такія праблемы. Магчыма, гэта стане для іх штуршком, каб разабрацца, пра што ж там пыталіся гэтыя журналісты і журналісткі, што там на самой справе — пачытаць незалежную прэсу ці паслухаць Радыё Свабода. Вось гэты эфэкт, напэўна, быў непрадугледжаны — што такія тэмы з санкцыі Аляксандра Лукашэнкі прагучалі на ўсю краіну ў дзяржаўных СМІ.

Таксама маю ўражаньне, што некаторыя адказы Лукашэнкі былі не такія ўжо і дасьціплыя і ўдалыя, як раней. Напрыклад, спыталіся пра Бажэлку і Ціцянкова — чаму яны зьехалі і "апынуліся ў апазыцыі". "Красьці трэба меней", — адказаў Лукашэнка. Атрымліваецца, калі б кралі менш, то ўсё добра было б. Усе ж памятаюць, што гэта былі да апошняга часу вельмі набліжаныя да Лукашэнкі людзі. З адказу выходзіць, што яны кралі пры ім, як мінімум, 5-6 гадоў.

Ірына, вашае ўражаньне — ці сапраўды Лукашэнка згубіў форму, як інтэлектуальную, так і фізычную?"

(Халіп: ) "Я думаю, ён сапраўды згубіў форму. Я памятаю, што раней усе ягоныя прэсавыя канфэрэнцыі і адказы на пытаньні, нават на самыя сьціплыя і нецікавыя, усё ж былі яскравыя, дасьціпныя і харызматычныя. А ўчора ён зусім не задавольваў аўдыторыю, ён пачат блытацца, ужываць нейкія бессэнсоўныя канструкцыі".

(Цыганкоў: ) "Вы гэта патлумачыце нечаканымі для яго агрэсіўнымі паводзінамі журналістаў на прэс-канфэрэнцыі ці вы лічыце, што проста Лукашэнка ўжо ня той, што быў 5-7 гадоў таму?"

(Халіп: ) "Я думаю, гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка зараз дэмаралізаваны. І таму ён сапраўды згубіў форму і ня можа паводзіць сябе як раней. Спадзяюся, што мы таксама паспрыялі ягонай далейшай дэмаралізацыі".

(Карбалевіч: ) "Зараз беларускім дэмакратычным сілам удалося навязаць рэжыму публічную дыскусію на тэмы, якія для яго вельмі небясьпечныя. А гэта ўдаецца вельмі нячаста. Я ўспамінаю, як у 1999 годзе апазыцыі ўдалося навязаць рэжыму дыскусію аб заканчэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, а вось год назад дэмакраты страцілі магчымасьць разьвязаць дыскусію аб здароўі Лукашэнкі. І зараз ёсьць толькі некаторыя спробы нагнаць тыя магчымасьці.

Зараз праблема дачыненьня кіраўнікоў краіны да зьнікненьня людзей выходзіць на першы плян. Гэта ўжо становіцца публічнай дыскусіяй і ў дзяржаўных СМІ, і рэжым вымушаныя абараняцца, апраўдвацца. Гэта вельмі важна, калі такая небясьпечная для рэжыму тэма пераўтвараецца ў агульнанацыянальную дыскусію".

(Цыганкоў: ) "Ці ня ёсьць тут небясьпека таго, што называецца "класьці яйкі ў адзін кошык", калі канцэнтравацца толькі на адным? А раптам улады знойдуць нейкі адказ на гэтую праблему? Ірына, вы ўвесь час займаецеся праблемай зьніклых. Паводле вашых зьвестак, ці можа тут адбыцца што-небудзь зусім нечаканае да верасьня? Ці можа быць нейкі крок у адказ з боку рэжыму?"

(Халіп: ) "Наўрад ці. Мне здаецца, найлепшым для рэжыму было б, каб увогуле паспрабаваць забыцца на гэта, зрабіць выгляд, нібыта нічога не адбываецца. Лукашэнка ж казаў, што гэта праблема ўвогуле не палітычная, а бытавая. Кожны год, маўляў, зьнікае каля трох тысячаў чалавек. Бо калі штосьці гаварыць пра гэта, рана ці позна прыйдзецца гаварыць праўду, тым больш з улікам кампрамату, якога ўсё больш.

Двайце ўсё ж ня будзем надта захапляцца палітычнай мэтазгоднасьцю, а ўспомнім яшчэ пра нашыя маральныя абавязкі. Людзі зьніклі, гэта былі цудоўныя людзі. Ня ведаю, можа яшчэ і ёсьць — баюся пра гэта казаць. Але калі маўчаць пра гэта і калі разглядаць гэтую праблему толькі з гледзішча будучых выбараў — мне здаецца, гэта амаральна".

(Цыганкоў: ) "У любым выпадку, вам, Ірына відаць гэты месяц не давядзецца задаць Лукашэнку пытаньне пра зьніклых. Я маю на ўвазе, ён ужо не дапусьціць, каб незалежныя журналісты, прынамсі, такія як вы, задавалі яму пытаньні на прэсавых канфэрэнцыях".

(Халіп: ) "Я спадзяюся, што вельмі хутка гэтыя пытаньні яму зададуць праваахоўчыя органы".

XS
SM
MD
LG