Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВЫКАЖУЦЦА Ў ПАДТРЫМКУ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ КІРАЎНІКІ КРАІНАЎ СНД?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Віталь Портнікаў.

(Дракахруст: ) “Пазаўчора падчас візыту беларускага прэм’ер-міністра Ярмошына ў Баку прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў публічна выказаўся ў падтрымку кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Да гэтага лідэры краінаў СНД устрымлівалілся ад гэткага адназначнага выказваньня сваіх сымпатыяў. Словы падтрымкі на адрас беларукага кіраўніка не прагучалі на апошніх самітах Садружнасьці ў Менску і Сочы. Праўда, менавіта ў Сочы прэзыдэнт Пуцін нібыта выказаўся ў падтрымку Лукашэнкі, але ва ўласьцівай яму няпэўнай манеры.

Заява прэзыдэнта Аліева выглядае тым больш дзіўнаю, што літаральна ў гэты ж дзень у Менску Аляксандар Лукашэнка абрынуўся з рэзкаю крытыкаю на рэгіянальнае аб’яднаньне ГУУАМ, аб’яднаньне, у якое ўваходзіць і Азэрбайджан. У чым жа прычына такой шчырай заявы прэзыдэнта Аліева? Віталь Портнікаў, якое Вашае меркаваньне?”

(Портнікаў: ) “Справа ў тымі, што Аліеў, у адрозьненьне ад Пуціна ці Кучмы, можа не хвалявацца за сваю рэпутацыю ў Азэрбайджане, за тое, што тая ці іншая яго заява можа зьменшыць колькасьць выбаршчыкаў, якія яго падтрымліваюць. Азэрбайджан ані геаграфічна, ані палітычна не зьяўляецца эўрапейскай дзяржаваю. Для Гейдара Аліева гэта быў перш за ўсё жэст ветлівасьці. Але калі б прэзыдэнт Азэрбайджана ведаў пра тую крытыку, зь якой Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на аб’яднаньне ГУУАМ, ён хутчэй за ўсё ўстрымаўся б ад падобнай заявы”.

(Дракахруст: ) “Азэрбайджан праводзіць больш-менш празаходнюю палітыку. У сувязі з гэтым ці ня можа такая адкрытая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі з боку Гейдара Аліева пагоршыць адносіны Баку з Захадам?”

(Портнікаў: ) “Я мяркую, што ня можа. Таму што Гейдар Аліеў не празаходні і не прарасейскі палітык, ён усходні палітык. І гэта добра вядома на Захадзе. На Захадзе з Аліевым маюць справу, перш за ўсё як з кіраўніком дзяржавы, якая мае вялізныя запасы энэргарэсурсаў. Але ніхто ня Захадзе ніколі ня меў ілюзіяў наконт стаўленьня Аліева да правоў чалавека. І заява ў падтрымку Лукашэнкі ніяк не ўплывае на стаўленьне Захаду да Гейдара Аліева.

Ну а чаму Аліеў усё ж зрабіў такую заяву? Менавіта таму што ён – усходні палітык, ён хацеў зрабіць прыемнае прэм’ер-міністру Беларусі, якога ён прымаў у сваёй рэзыдэнцыі. А як Аліеў можа зрабіць прыемнае – мы ведаем па яго шматгадовай кар’еры на пасадзе першага сакратара ЦК кампартыі Азэрбайджану. Менавіта ён першым у СССР назваў Леаніда Брэжнева “выбітным дзяржаўным дзеячом”, і гаварыў яму такія камплімэнты, на якія былі няздольныя самыя спрактыкаваныя лісьліўцы ў Маскве, Кіеве ці Менску. І менавіта таму, што гэтыя лісьліўцы ніколі не былі ўсходнімі палітыкамі, яны не валодалі гэтак віртуозна той палітраю ўсходніх прысмакаў, якая ўжываецца ў Баку, калі размова ідзе пра азэрбайджанскія інтарэсы”.

(Дракахруст: ) “Ці шмат галасоў прынясе Аляксандру Лукашэнку падтрымка з боку Гейдара Аліева? Вядома, што ў Беларусі даволі распаўсюджаныя настальгічныя пачуцьці па СССР, але, скажам шчыра, наўрад ці гэта – туга па братэрстве менавіта з народамі Каўказу і Сярэдняй Азіі. Варта адзначыць, што афіцыйныя беларускія мэдыі нават не перадалі гэтую сэнсацыйную заяву азэрбайджанскага лідэра. Можа, і беларускія ўлады лічаць, што падтрымка з боку Аліева – гэта “мядзьвежая паслуга” для Лукашэнкі? Віталь Цыганкоў, як Вы лічыце?”

(Цыганкоў: ) “Вы выказаліся мякка, я скажу больш ўпэўнена. Я мяркую, што беларускія выбаршчыкі ніяк не адрэагуюць на гэтую заяву, калі нават улады па нейкіх прычынах пачнуць яе прапагандаваць. А чаму не прапагандуюць? Магчыма, баяцца, што Аліеў скажа яшчэ што-небудзь іншае. Беларусам увогуле ня надта істотна, хто падтрымлівае кандыдата. Галоўнае, гэта тое, якія ён прапануе ідэі, якія дае абяцаньні. Варта прыгадаць адзіны вядомы нам досьвед – досьвед прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году. Тады большасьць вядомых людзей – алімпійскія чэмпіёны, артысты – у рэклямных роліках выказваліся за Кебіча. Шмат дзеячоў культуры, пісьменьнікаў выказваліся за Зянона Пазьняка. Я не магу прыгадаць ніводнага знакамітага чалавека, які б агітаваў за Лукашэнку, які тым ня менш выйграў выбары.

Што тычыцца лідэраў СНД, то тут нейкі эфэкт мог бы быць, калі б напрыклад яны сабраліся разам і падтрымалі Лукашэнку. Гэта магло б зрабіць на людзей нейкі ўплыў хаця б з прычыны масавасьці. Для беларусаў мае значэньне найперш меркаваньне Ўладзімера Пуціна. Для беларусаў Расея – гэта нейкі “маяк”, аўтарытэт. Да таго ж у Беларусі надзвычай высокая папулярнасьць Пуціна асабіста. Таксама калі б Леанід Кучма выказаўся ў падтрымку Лукашэнкі, гэта б мела пэўнае значэньне. Але невядома, ці будзе гэта рабіць украінскі лідэр. Усе астатнія прэзыдэнты краінаў СНД займаюць у беларускай масавай сьвядомасьці прыблізна такое ж мейсца, як і гандаль з гэтымі краінамі ў агульным зьнешнегандлёвым таваразвароце Беларусі – менш 2%”.

(Дракахруст: ) “Віталь Портнікаў, ці можна чакаць, што бліжэй да выбараў і прэзыдэнт Кучма выступіць з такой жа заяваю, як і прэзыдэнт Аліеў?”

(Портнікаў: ) “Ці прагучаць словы падтрымкі ад Леаніда Кучмы – я не ўпэўнены. Па-першае, прэзыдэнт Украіны ў значнай ступені арыентуецца на пазыцыю Расеі ў адносінах да Беларусі. Леанід Кучма бачыць, што Ўладзімер Пуцін не выказвае словаў наўпроставай падтрымкі Аляксандру Лукашэнку. А калі Пуціну абыякавы партнэр па так званай беларуска-расейскай саюзнай дзяржаве, то чаму Ўкраіна, якая заўсёды казала пра неэфэктыўнасьць гэтага ўтварэньня, мусіць падтрымліваць Лукашэнку? Акрамя таго, адносіны паміж Менскам і Кіевам ніколі не былі лагодныя. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова выказваўся за тое, каб Украіна ўвайшла ў беларуска-расейскі саюз, папракаў Леаніда Кучму за тое, што ўкраінскі прэзыдэнт да гэтага саюзу не далучаецца. У Кіеве ўсе гэтыя заявы не забылі, таму для мяне было надзвычай дзіўным, калі б украінскі прэзыдэнт падтрымаў свайго неўраўнаважанага беларускага калегу”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Портнікаў, як Вы лічыце, іншыя ўсходнія азіяцкія лідэры краінаў СНД – ці могуць яны зрабіць такую ж ласку свайму далёкаму беларускаму сябру?”

(Портнікаў: ) “Я ведаю асабістае стаўленьне кіраўнікоў краінаў Цэнтральнай Азіі да Аляксандра Лукашэнкі. Нурсултану Назарбаеву ён не падабаецца, Ісламу Карымаву ён не падабаецца, Сапармурад Ніязаў ставіцца да яго абыякава, для Аскара Акаева ён нецікавы. Ці можа хто-небудзь зь іх зрабіць заяву ў падтрымку Лукашэнкі? Напэўна, так, але калі для гэтага будзе відавочная падстава, прычым не палітычная, а цырыманіяльная – прыкладам, візыт высокага госьця з Беларусі. Для цэнтральна-азіяцкіх лідэраў словы падтрымкі ня маюць ніякага значэньня, бо гэта лідэры не электаральныя, яны абапіраюцца на падтрымку эліты. Яны пабудавалі такія ж рэжымы, якія былі ў часы СССР у ЦК кампартыяў рэспублікаў Сярэдняй Азіі. Таму яны могуць падтрымаць каго заўгодна, нават насуперак уласным антыпатыям. Але паводле асабістых памкненьняў яны выступаць ня будуць. Для іх Аляксандар Лукашэнка – чалавек, які фарсіраваў свае адносіны з Расеяй насуперак пажаданьням цэнтральна-азіяцкіх краінаў, выпроўшваў для сябе адмысловыя ўмовы, выскачка, які ніколі не ўваходзіў у сур’ёзныя партыйныя структуры, словам, чалавек, зь якім даводзіцца сядзець за адным сталом з прычыны сумнай неабходнасьці. Зразумела, цэнтральна-азіяцкія лідэры хацелі б бачыць на чале Беларусі такога ж чалавека, як яны самі – былога сябра бюро ЦК кампартыі, асобу, якая ведае партыйную этыку, ці хаця б блізкаую да гэтых структураў, як Уладзімер Пуцін, але не выпадковую асобу, як Аляксандар Лукашэнка. У Цэнтральнай Азмі ня любяць выпадковасьцяў”.

XS
SM
MD
LG