Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАТКЕВІЧ РАСКАЗАЎ КАРЭСПАНДЭНТУ НЯМЕЦКАЙ ГАЗЭТЫ ПРА НЯКЕПСКАЕ ЭКАНАМІЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага

Напярэдадні выбараў жыцьцё ў беларускай сталіцы захоўвае ўсе прыкметы нармальнасьці, піша Штэфан Кох. Ён знаёміць чытачоў з трыма сваімі суразмоўніцамі ­ Ганнай, Вольгай і Сьвятланай, якія прымаюць удзел у конкурсе мадэляў, што адбываецца ў Палацы Рэспублікі.

У гэты сонечны дзень цяжка нават уявіць, што Менск – сталіца адной з найбяднейшых краінаў кантынэнту. За квартал ад Палацу Рэспублікі ­ рэзыдэнцыя чалавека, які ўжо не адзін год топча нагамі дэмакратыю і які праз чатыры тыдні паспрабуе захаваць за сабою сваю пасаду. Лукашэнка разагнаў парлямэнт, абмежаваў свабоду дэманстрацыяў і цяпер абвінавачваецца ў арганізацыі зьнікненьня сваіх палітычных апанэнтаў.

Газэты, радыё й тэлевізія мусяць служыць дзяржаве – гэтую пазыцыю падзяляе шмат хто зь беларусаў. Лукашэнка ўсё яшчэ мае шырокую падтрымку ў краіне бо ён захаваў ад прыватызацыі вялікія прадпрыемствы, што дазволіла стрымаць беспрацоўе. Рабочыя і калгасьнікі ўсё яшчэ атрымваюць жабрацкія заробкі і прынамсі не сядзяць на вуліцы, як іхныя знаёмыя й сваякі ў Расеі ці Ўкраіне. А што ў краіне не функцыянуюць падзел улады і прававая дзяржава – дык для бальшыні беларусаў гэта чыста тэарэтычная праблема.

Вось маладыя мадэлі, зь якімі сустрэўся карэспандэнт Frankfurter Rundschau Штэфан Кох, пры згадцы імя Лукашэнкі толькі паціскаюць плячмі. Прынамсі ім ніхто не перашкаджае ўдзельнічаць у конкурсе, ладжаным замежным агенцтвам.

Таму, хто не цікавіцца палітыкай, у гэтай краіне няма чаго баяцца міліцыі, лічыць нямецкі журналіст. Узровень злачыннасьці тут меншы ў параўнаньні з Расея. З гэтым пагаджаецца і лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Ён ахвотна распавядае пра перавагі сваёй краіны: беспрацоўе ў Беларусі не такое высокае, як у іншых постсавецкіх краінах, няма тут і шмат «новых рускіх». Ягонай дачцэ ўлады ніяк не перашкодзілі выехаць вучыцца ў Бохумскі Ўнівэрсытэт у Нямеччыну.

Аднак ёсьць і другі бок мэдаля. Статкевіч знаходзіцца пад сьледзтвам за сваю палітычную дзейнасьць і афіцыйна ня мае права нават выехаць з гораду. Яму ўвесь час даводзіцца шукаць памешканьне для партыйнага офісу, бо ўлады знаходзяць розныя зачэпкі каб выкінуць сацыял-дэмакратаў з займаных пакояў. Вось як выглядае цэнтральная сядзіба Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі: у трохпакаёвай кватэрцы на першым паверсе панэльнага дома стаяць сталы й крэслы 70-х гадоў, нібы прыцягнутыя зь нейкага сьметніку для старой мэблі. У заднім пакойчыку на падлозе ляжыць пара матрасаў – на выпадак, калі пасьля позьняга паседжаньня нейкаму партыйнаму таварышу з правінцыі давядзецца пераначаваць у Менску.

Але стаіць тут і сучасны кампутар, на якім Статкевіч, бавячы гэты вечар, раскладае электронны пасьянс. Але кампутар, які не ў апошнюю чаргу дзякуючы захапляльнай гульні прыносіць лідэру сацыял-дэмакратаў нямала радасьці, нават не належыць партыі. Ён – уласнасьць адной няўрадавай арганізацыі, назву якой назваць нельга - «бо яго адразу канфіскуюць» - тлумачыць Статкевіч. Ён кажа, што вельмі важна дамагчыся, каб дзеячы апазыцыі больш не былі вымушаныя працаваць нелегальна. Аднак што б там ні было, лічыць Статкевіч, Лукашэнка ўсё адно доўга не пратрымаецца.

А вось маладых дзяўчат з памосту для мадэляў пытаньне зьмены сыстэмы асабліва не цікавіць. «Як толькі мы падпішам кантракт з замежнай агентурай, мы адсюль зьедзем», кажа Вольга, а Ганна і Сьвятлана згодна ківаюць галоўкамі. Надзеі на лепшую будучыню на Бацькаўшчыне яны відавочна ўжо пахавалі.

XS
SM
MD
LG