Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦУ ЧАРЛЬЗУ ПЭРЫЕЛУ МОГУЦЬ ДАЦЬ 15 ГАДОЎ ТУРМЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Лёсам грамадзяніна ЗША Чарльза Пэрыелы, якога арыштавалі амаль два месяцы таму супрацоўнікі КГБ і абвінавацілі ў распаўсюдзе наркотыкаў, цяпер будуць займацца судзьдзі Цэнтральнага суду Менску.

"Ягоную справу цалкам расьсьледавалі і перадалі ў суд. Мы лічым, што доказаў віны амэрыканца сабралі дастаткова", — паведаміў Радыё Свабода кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў.

Паводле Фёдара Котава, цяпер амэрыканца абвінавачваюць яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — гэта схіленьне іншых асобаў да ўжываньня наркотыкаў і абарот іншых рэчываў моцнага дзеяньня, якія лічацца небясьпечнымі. А з 328-га "наркатычнага" артыкула яму інкрымінавалі самую цяжкую, чацьвертую частку, якая прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў.

Прадстаўнік КГБ адхіліў падазрэньні ў палітычным характары перасьледу амэрыканца. "Наркаман — ён паўсюль наркаман, а жорсткія захады супраць такіх дзялкоў трэба толькі вітаць, у ЗША дзейнічаюць яшчэ больш рашуча", — заявіў Фёдар Котаў.

Нагадаю, 40-гадовы Чарльз Пэрыела працаваў у некамэрцыйнай арганізацыі "Амэрыканская рада ў справе супрацоўніцтва ў адукацыі і вывучэньні моваў". У Менск ён прыехаў па службовых справах, арандаваў кватэру ў цэнтры гораду.

У сярэдзіне чэрвеня Пэрыелу затрымалі супрацоўнікі КГБ на кватэры, прычым, паводле чэкістаў, падчас ужываньня марыхуаны. Праз два тыдні КГБ заявіў, што ў амэрыканца знайшлі пэўны запас наркатычных рэчываў, і таму абвінавачаньне яму вылучылі больш цяжкае, з пакараньнем да 10 гадоў. Цяпер, калі мінуў яшчэ месяц, амэрыканцу пагражае ўжо 15 гадоў турмы.

Дзіўным чынам гэтая справа, якую распачалі беларускія спэцслужбы, нагадвае справу амэрыканца Джона Тобіна, які ў Расеі быў асуджаны за наркотыкі, адпраўлены ў турму і нядаўна адпушчаны дамоў у ЗША.

Расейскія мэдыі шмат пісалі пра тое, што насамрэч Джон Тобін быў амэрыканскім шпіёнам, засланым у Расею, каб выведваць вайсковыя тайны. Афіцыйныя ўлады, аднак, на гэты конт маўчалі, а судзьдзі знайшлі віну Тобіна толькі ў распаўсюджваньні наркотыкаў.

Ці знойдзецца шпіёнскі сьлед у гісторыі з арыштаваным у Беларусі амэрыканцам Пэрыелам, пакуль невядома. Дагэтуль прадстаўнікі КГБ працягваюць паўтараць, што "ніякай шпіёнаманіі ў Беларусі няма".


XS
SM
MD
LG