Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЦЫТАДЭЛЬ” У ПАДТРЫМКУ ЛУКАШЭНКІ ПРАВЯЛА СХОД І Ў ПІНСКУ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Учора ўвечары ў Пінскім гарадзкім доме культуры мясцовыя вэртыкальшчыкі сабралі каля 600 чалавек на сустрэчу з актывістамі пралукашэнкаўскага грамадзкага аб'яднаньня "Цытадэль".

Пляц каля Дому культуры быў застаўлены калгаснымі аўтобусамі ды службовымі легкавікамі, на якіх у працоўны час у горад прыехалі старшыні калгасаў ды сельсаветчыкі. Дарэчы, актавую залю дзеля сустрэчы паводле асабістага загаду старшыні гарвыканкаму Васіля Шуста далі бясплатна.

На сустрэчы, акрамя Васіля Даўгалёва і Пятра Пракаповіча, прысутнічалі таксама начальнік беларускай чыгункі Ўладзімер Рахманько, прэзыдэнт канцэрну "Белэнэрга" Яўген Мішук, дэпутаты "палаты прадстаўнікоў" ад Піншчыны ды іншыя чыноўнікі.

У часе сустрэчы, куды карэспандэнта Радыё Свабода выканкамаўскія чыноўнікі Лявоцкі і Берасьцень не пусьцілі, выступоўцы пераконвалі прысутных, што калі на выбарах не пераможа Лукашэнка, дык у Беларусі будзе галеча. Старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Васіль Даўгалёў сказаў: "Мы мусім казаць народу праўду. Так, зараз дрэнна, мала грошай, яшчэ дрэнна жывем, але ж мы рухаемся. Мы памыляліся, ня ўсё атрымлівалася, але мы маем каманду, якая ўжо ўмее ды ведае, як працаваць, таму мы не павінны дапусьціць бэнээфаўцаў да ўлады".

Пётар Пракаповіч пераконваў прысутных, што Беларусь будуе сацыяльна-арыентаваную рынкавую эканоміку паводле эўрапейскага ўзору ды мае добрыя эканамічныя паказчыкі. Спадар Пракаповіч адзначыў: "Кандыдаты, якія вырасьлі на глебе БНФ ды лібэральнай партыі, прывядуць нашую краіну да хаосу, і гэтага дапусьціць нельга".

Варта адзначыць, што ў Пінску першасныя арганізацыі "Цытадэлі" ствараюцца пад прымусам. У працоўны час на прадпрыемствах распаўсюджваецца статут гэтай арганізацыі ды гатовыя блянкі заяваў на ўступленьне. Адметна, што найбольш зацятымі актывістамі "Цытадэлі" ў Пінску ёсьць тыя чыноўнікі, што на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах стваралі аналягічную арганізацыю, але ў падтрымку Кебіча.

Варта таксама нагадаць, што агітацыя за прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў ёсьць парушэньнем закону.

XS
SM
MD
LG