Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК У ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Галоўным сваім апірышчам у выбарчай кампаніі спадар Ганчарык лічыць прафсаюзны актыў, прадпрымальнікаў і сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў. Гэтая думка прагучала сёньня ў Віцебску на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася якраз пасьля сустрэчы Ўладзімера Ганчарыка з кіраўніка абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў і непасрэдна перад гутаркамі з тутэйшымі прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі апазыцыі.

У адказ на пытаньне журналістаў Уладзімер Ганчарык адзначыў, што ў асяродзьдзі сялянаў і пэнсіянэраў яго рэйтынг пакуль значна ніжэйшы за рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, але ў выніку будучай агітацыйнай кампаніі сытуацыя можа зьмяніцца. Вельмі шмат пытаньняў закраналі тэму зьніклых. Журналісты пыталіся ў спадара Ганчарыка, ці няма у яго яшчэ нейкіх выкрывальных матэрыялаў. Гора і так зашмат, – адказаў Ганчарык. Тым ня менш супрацоўнік дзяржаўнай газэты “Віцебскі рабочы” Аляксей Мішурны параіў кандыдату ад апазыцыі як найхутчэй завесьці асабістую ахову на той выпадак, калі або цяперашнія ўлады, або хто іншы задумаюць зьнішчыць яго асабіста. У адказ Ганчарык сказаў, што не зьбіраецца хавацца ад сваіх суграмадзянаў, наадварот, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду і яго каманда заплянавалі на час перадвыбарчай агітацыі шматлікія сустрэчы з патэнцыйнымі выбаршчыкамі на самых розных узроўнях. У гэтай сувязі Ўладзімер Ганчарык працытаваў колішнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што народ, нарэшце, мусіць ведаць праўду.

Што да праўдзівасьці цяперашніх беларускіх уладаў, то спадар Ганчарык падзяліўся з віцяблянамі сваімі зьвесткамі пра тое, што да паказу па беларускім тэлебачаньні рыхтуецца чарговы прапагандысцкі фільм, каб напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ раз абліць брудам канкурэнтаў і апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG