Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FINANCIAL TIMES ПРА ГАНЧАРЫКА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Артыкул пачынаецца з цытаваньня аднаго з заходніх дыпляматаў у Менску, які сказаў, што Лукашэнку ня трэба фальсыфікаваць выбары. Бо моц звычкі, прынамсі сярод тых, хто яго падтрымлівае, можа стаць рашаючай. Журналіст паведамляе, што на мінулым тыдні Лукашэнка заявіў, што 90 адсоткаў насельніцтва прагаласуе за яго 9 верасьня.

Наўрад ці яму патрэбны непраўдападобны вынік, – піша далей газэта. Але пасьля сямі гадоў прэзыдэнцтва і пасьля перакройкі канстытуцыі ў 1996 годзе, якой ён сканцэнтраваў уладу ў сваіх руках, Лукашэнка можа дасягнуць таго выніку, якога пажадае. У якасьці пацьверджаньня падаецца думка яшчэ аднаго дыплямата: “Калі ня ён прызначыў намесьніка мэра нейкага маленькага гарадку, дык ён прызначыў хлопца, які таго прызначыў”.

На чым жа трымаецца масавая, як лічыць аўтар публікацыі, падтрымка Лукашэнкі дзесяцімільённым насельніцтвам? Журналіст спасылаецца на нейкага замежнага эканаміста, які лічыць, што хоць Лукашэнка трымаў эканоміку пад дзяржаўным кіраваньнем і сярэдні заробак ніжэйшы за 100 даляраў, але гэты заробак, як і пэнсіі, выплочваюцца ў час. Там і невялікае беспрацоўе.

Але выжываць аўтарытарнаму рэжыму ў краіне, празь якія пралягаюць галоўныя расейскія камунікацыйныя шляхі да шматлікіх сярэднеэўрапейскіх і заходніх суседзяў Беларусі, няўтульна.

Дзеля падаўленьня нязгодных Лукашэнка мае вялікі і моцны сілавы апарат. Газэта нагадвае, што апошнімі тыднямі выйшлі на паверхню дакумэнты і паказаньні сьведкаў, што ў краіне дзейнічае “эскадрон сьмерці”, створаны дзеля зьнішчэньня палітыкаў, а таксама крытыкаў рэжыму. Спадар Лукашэнка наўпрост ня ўцягнуты ў скандал. Але ён адрынуў патрабаваньні арганізаваць незалежнае расьследаваньне і на час адхіліць ад пасадаў замешаных у скандал афіцыйных асобаў.

Дакумэнты абнародаваў лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык, які сярод тых, хто найбольш моцна падае голас нязгоды з рэжымам. Тым самым спадар Ганчарык узмацніў свае пазыцыі ў барацьбе на выбарах у наступным месяцы. Пяць іншых апазыцыйных асобаў аб’ядналіся вакол яго як “адзінага кандыдата,” – піша газэта Financial Times.

Цяпер, хоць на думку апзыцыйнага кандыдата і не ў інтарэсах Лукашэнкі, каб нешта здарылася зь ім ці ягонай сям’ёй, ён прымае захады засьцярогі. Ганчарык сказаў, што за Лукашэнку прагаласуе 30 адсоткаў выбаршчыкаў, яшчэ трыццаць – супраць. Рэшта пакуль яшчэ вызначаецца. На ягоную думку, гэта дае яму шанец перамагчы, але толькі пры ўмове, што кааліцыя будзе трымацца разам.

Аўтар публікацыі пералічвае і іншыя аргумэнты Ганчарыка на сваю карысьць, сярод якіх спадзяваньне, што вядомасьць сярод выбаршчыкаў яму створаць расейскія і польскія тэлеканалы, якія глядзяць людзі ў Беларусі, незалежная прэса, а таксама ўплыў прафсаюзаў на людзей.

Financial Times адзначае сьціпласьць выбарчай праграмы Ганчарыка. Ён не абяцае радыкальнай эканамічнай рэформы, вялікіх зьменаў у замежнай палітыцы. Ён заяўляе, што зьяўляецца сацыял-дэмакратам. Ён хоча наблізіць Беларусь да Эўразьвязу, але і хоча мець блізкія дачыненьні з Расеяй таксама. Галоўным чынам, – кажа Ганчарык, – ён хоча пазбавіць краіну ад страху, “які ёсьць грунтам Лукашэнкавага праўленьня. Кожны баіцца. Бізнэсоўцы баяцца. Міністры баяцца. Ня ёсьць маёй мэтаю памяняць Лукашэнку, а ёсьць мэтаю памяняць сыстэму ўлады, інакш зьявіцца новы Лукашэнка”.

Але, на думку журналіста Financial Times, шанцы Ганчарыка перамагчы на выбарах Лукашэну – нязначныя. І спасылаецца на супрацоўніка Цэнтру Эўрапейскіх Палітычных Дасьледаваньняў у Брусэлі Марыса Валя, які сказаў: “Магчыма, 6 месяцаў таму я мог бы сказаць, што апазыцыя нешта атрымае на выбарах, але цяпер ейныя шанцы мінімальныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG