Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІК ПРАВЁЎ СУСТРЭЧЫ З МАГІЛЁЎСКІМІ КІРАЎНІКАМІ І ГРАМАДЗКАСЬЦЮ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Сустрэча са старшынём аблвыканкаму Барысам Батурам і кіраўніком гарадзкой выканаўчай улады Міхаілам Красновым адбылася за зачыненымі дзьвярыма. Пасьля яе спадар Вік згадзіўся адказаць на пытаньні журналістаў.

Ён адзначыў, што прыехаў у Магілёў з мэтай пазнаёміцца з сытуацыяй на Магілёўшчыне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, яшчэ раз узгадаў пра неабходнасьць правядзеньня справядлівых, свабодных і дэмакратычных выбараў, якія б адпавядалі міжнародным стандартам. Паводле яго інфармацыі, і Барыс Батура, і Міхаіл Красноў усьведамляюць гэтую неабходнасьць і зьбіраюцца ствараць усе неабходныя ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў прэзыдэнта. На пытаньне, як ён ацэньвае пэрпэктывыс станаўленьня дэмакратычных інстытутаў на Магілёўшчыне, спадар Вік адказаў: “Пра гэта можна будзе казаць пасьля 9 верасьня. Тады мы убачым, наколькі разуменьне кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады аб правядзеньні дэмакратычных выбараў увасобілася ў жыцьцё”.

Сустрэча спадара Віка з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў і актывістамі дэмакратычнай кааліцыі дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты не адбылася. Як паведаміў Вік, яго тэрмінова выклікалі ў Вену. Сустрэчы праводзіў супрацоўнік КНГ Мішэль Рэвалье. Ён правёў некалькі сустрэчаў. У прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў ён цікавіўся ходам падрыхтоўкі кантролю за выбарамі. Потым прадстаўнікі кааліцыі дэмакратычных кандытатаў распавялі пра шматлікія парушэньні заканадаўства, якія былі дапушчаныя падчас збору подпісаў і фармаваньня выбарчых камісіяў. На сустрэчы са спадаром Рэвалье зноў разгарнулася дыскусія паміж прыхільнікамі Домаша і Ганчарыка. Першыя лічаць, што ў аб’яднаны штаб можна ўступіць толькі пасьля падпісаньня пагадненьня паміж двума кандыдатамі. Старшыня абласнога штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Надзея Гарохава заявіла, што трэба спыніць дыскусію і больш актыўна ўключацца ў працу.

На заканчэньне спадар Рэвалье канстатаваў (цытую): “Стварэньне шырокай кааліцыі – станоўчы працэс для любой краіны”.


XS
SM
MD
LG