Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМАШ НАСТОЙВАЕ НА ПАДПІСАНЬНІ ПАГАДНЕНЬНЯ З ГАНЧАРЫКАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня Сямён Домаш удзельнічаў у перадвыбарчым круглым стале, які арганізавала Беларуская асацыяцыя журналістаў. Сямён Домаш распавядаў, што ў яго моцная каманда, што ён мае грунтоўную праграму вываду Беларусі з крызысу і правядзеньня дэмакратычных рэформаў.

Аднак журналісты спадару Домаша больш задавалі іншыя пытаньні — "Ці гатовы ён выконваць рашэньне пяцёркі?" і "Калі ён здыме сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата Ганчарыка?" Вось што адказваў Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Сёньня мы маем адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі й гатовыя згуртаваць сілы дзеля нашай агульнай перамогі. Я сёньня пацьвярджаю, што застаюся прыхільнікам рашэньня, прынятага на паседжаньні пяцёркі 21 ліпеня.

Тым ня менш, сёньня палітычныя партыі й грамадзкія рухі прапануюць канкрэтызаваць дамоўленасьці пяцёркі, што лягічна. Мае прыхільнікі патрабуюць пэўных гарантыяў перад тым, як уключыцца ў работу пад кіраўніцтвам адзінага штабу. Гэтыя патрабаваньні выказалі й кіраўнікі некаторых палітычных партыяў. Лічу, што гэта нармальнае патрабаваньне".

Паводле спадара Домаша, гэтая дамоўленасьць павінна быць дасягнутая паміж ім і Ўладзімерам Ганчарыкам у бліжэйшыя дні. Сямён Домаш лічыць, што прызначэньне яго кіраўніком перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата, а пасьля магчымай перамогі на выбарах і прэм'ерам з шырокімі паўнамоцтвамі — патрабаваньні абсалютна выканальныя і лягічныя.

Сур'ёзна пагаварыць на гэтую тэму з Уладзімерам Ганчарыкам яму пакуль не ўдалося, бо супраць падпісаньня пагадненьня "прэзыдэнт–прэм'ер" выступалі іншыя сябры пяцёркі.

Сямён Домаш таксама прызнаўся, што некаторая частка сяброў ягонай каманды ўвогуле патрабуе ад яго не здымаць сваёй кандыдатуры й браць удзел у выбарах, бо, маўляў, у такім выпадку большая верагоднасьць правядзеньня другога туру. Пры гэтым падняўся кіраўнік штабу з Івацэвічаў і заявіў, што Сямён Домаш не павінен здымаць сваёй кандыдатуры. Што праўда, сам спадар Домаш сказаў, што такую думку падзяляе ня большасьць сяброў ягонай каманды.

Сямён Домаш спадзяецца, што Ўладзімер Гачарык падпіша пагадненьне й не парушыць яго ў выпадку перамогі. Сямён Домаш сказаў, што акрамя гэтага пагадненьня, і ён, і Ганчарык павінны падпісаць падобныя дакумэнты з партыямі, а таксама зь беларускай грамадзкасьцю.

А вось меркаваньне Сямёна Домаша наконт таго, чаму ўлады не сьпяшаюцца запрашаць у Беларусь міжнародных назіральнікаў:

(Домаш: ) "Я думаю, вэрсія тут адна — яны робяць усё магчымае, каб было як мага меней міжнародных назіральнікаў. Мы ставім за мэту, і пра гэта гаворым уголас, што іх павінна быць як мага болей, а яны будуць рабіць усё, каб было як мага меней. Ім больш даспадобы назіральнікі, якія прыедуць ад Зюганава, з расейскай Думы, ці якіх-небудзь краінаў, якія падтрымліваюць цяперашні рэжым".

Пры гэтым спадар Домаш дадаў, што назіраньне за ходам выбараў — справа вельмі важная і ягоныя актывісты сур'ёзна рыхтуюцца да такога назіраньня.

Калі ж Аляксандру Лукашэнку ўдасца сфальсыфікаваць вынікі галасаваньня, то, на думку Домаша, падзеі будуць падобнымі на армянскія. Там прэзыдэнт Тэр-Пэтрасян таксама нібыта выйграў выбары, але даволі хутка быў вымушаны сысьці пад ціскам апазыцыі.

Сямён Домаш не зьбіраецца сыходзіць з палітыкі пасьля 9 верасьня, але ствараць уласную партыю ці рух ён пакуль не зьбіраецца. Домаш лічыць, што на прэзыдэнцкіх выбарах дэмакратычныя сілы чакае перамога.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG