Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБВЯРГАЕ СВАЙГО МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ, А ПРЭСАВЫ САКРАТАР МЗС УСЁ ЯШЧЭ АБЯЦАЕ ЗАПРАСІЦЬ БДІПЧ


Юры Сьвірко, Менск

Учора Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь "бліжэйшым часам накіруе ў АБСЭ афіцыйнае запрашэньне даслаць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары". Спадар Лукашэнка асабліва падкрэсьліў, што дагэтуль "увогуле не існуе ў прыродзе рашэньня АБСЭ" пра накіраваньне ў Беларусь назіральнікаў, бо ёсьць толькі рашэньне групы чыноўнікаў з апарату АБСЭ.

А вось што на гэтую ж тэму раней — у інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню — казаў міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў:

(Хвастоў: ) "Мы зацікаўленыя ў тым, каб у назіраньні ўзяў удзел і ўласна апарат АБСЭ ў асобе Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, якое ачольвае Студман, — Бюро знаходзіцца ў Варшаве. І ў гэтай сувязі мы разглядаем тое запрашэньне, якое нам зробленае БДІПЧ. Яно накіраванае 9 ліпеня нашаму амбасадару ў Вене Гайсёнку".

А спадар Лукашэнка ўчора заявіў, што апаратныя супрацоўнікі АБСЭ "могуць прымаць любыя свае рашэньні", але ня варта разглядаць іх як афіцыйную пазыцыю кіраўнікоў дзяржаваў АБСЭ. А вось меркаваньне шэфа беларускае дыпляматыі, які кажа, што рашэньне кіраўнікоў дзяржаваў было:

(Хвастоў: ) "Мы, па-першае, сябра АБСЭ. Па-другое, мы паставілі свой подпіс пад Стамбульскай дэклярацыяй, у якой вельмі дакладна сказана, што краіна, якая праводзіць выбары, будзе запрашаць дзяржавы-сябры АБСЭ для назіраньня за гэтымі выбарамі, а таксама будзе запрашаць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека для ажыцьцяўленьня назіраньня, што мы й зробім", — сказаў раней віцэ-прэм'ер Міхаіл Хвастоў.

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я папрасіў прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушку пракамэнтаваць гэтыя супярэчлівыя заявы спадароў Лукашэнкі й Хвастова.

(Латушка: ) "Вашае права параўноўваць гэтыя выказваньні й шукаць тут супярэчнасьці. Наша пазыцыя ў тым, што МЗС удакладняў гатоўнасьць БДІПЧ АБСЭ прыняць удзел у назіраньні за выбарамі. Афіцыйнага дакумэнту, акрамя прэс-рэлізу Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску па выніках нефармальных кансультацыяў, якія адбыліся 5 ліпеня ў Парыжы, мы не атрымалі.

Мы прасілі накіраваць на наш адрас адпаведны дакумэнт. Да гэтага часу мы такі дакумэнт не атрымалі. Хачу сказаць, што КНГ АБСЭ пры гэтым спасылаецца на нефармальны характар кансультацыяў, якія адбыліся 5 ліпеня".

Павал Латушка не патлумачыў, што ж тады было накіраванае 9 ліпеня беларускаму амбасадару ў Вене, пра што распавёў шэф МЗС Міхаіл Хвастоў.

Аднак спадар Латушка адказаў новай фармулёўкай на пытаньне, калі АБСЭ атрымае запрашэньне для назіраньня за выбарамі 9 верасьня:

(Латушка: ) "Запрашэньне АБСЭ будзе накіраванае. І будзе накіраванае ў самы бліжэйшы час".

Раней Павал Латушка казаў проста пра "бліжэйшы час".

XS
SM
MD
LG