Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГДЭБУРСКАЕ ПРАВА І ЯГО ЛЁС У БЕЛАРУСІ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: Захар Шыбека.

(Ракіцкі:) "Пачну, магчыма, зь вельмі катэгарычнага сьцьверджаньня: Беларусь ці не адзіная краіна, якая сёньня цалкам згубіла традыцыі, зьвязаныя з Магдэбурскім правам. Менавіта сыстэма самакіраваньня, вельмі распаўсюджаная сёньня ў эўрапейскіх гарадох, вядзе іх да росквіту — як эканамічнага, так і культурнага.

Магдэбурскае права лучыла нас з заходнеэўрапейскаю культураю, рабіла гарады адносна незалежнымі ад цэнтральнае ўлады, якая потым скарыстоўвала гарады як эканамічнае і вайсковае нават апірышча. Мы не захавалі традыцыі Магдэбурскага права. І дасюль не ўсьвядомілі, які скарб згубілі і якую адчувальную шкоду гэтая згуба прынесла нашым продкам і працягвае прыносіць зараз нам.

"Магдэбурскае права ўзьнікла ў ХХІІІ стагодзьдзі ў нямецкім горадзе Магдэбургу. Адсюль і назва. Яно стварала рэжым найлепшага спрыяньня дзеля жыцьцядзейнасьці гарадоў пры фэадалізме. Абараняла іх ад свавольства фэадалаў, на землях якіх стаяла бальшыня гарадзкіх паселішчаў, а таксама ад дэспатызму манархаў. Жыхары гарадоў з Магдэбурскім правам атрымлівалі выбарныя органы самакіраваньня і гарадзкога суду (магістраты), падатковыя льготы, права валоданьня зямлёй, ільготы ў гандлёвай і рамесьніцкай дзейнасьці, вызваленьне ад воінскага абавязку", — гэта была даведка прафэсара Анатоля Грыцкевіча.

Дык ці не дзякуючы перадусім Магдэбурскаму праву, нашыя гарады ўжо ў Сярэднявеччы ператвараліся ў своеасаблівыя эмбрыёны сучаснай гарадзкой цывілізацыі? Пытаньне да майго госьця — гісторыка Захара Шыбекі".

(Шыбека: ) "Вы маеце рацыю. Вось толькі тры прыклады:

1. Магдэбурскае права вызваляла гараджанаў ад асабістай залежнасьці ад фэадалаў. Таму знакаміты эўрапейскі індывідуалізм кшталтаваўся якраз у межах гарадзкіх сьценаў.

2. У гарадох адбывалася канчатковае фармаваньне мяшчанскага саслоўя, якое пазьней, ва ўмовах рыначных адносінаў, трансфармавалася ў трэцяе саслоўе прадпрымальнікаў.

3. І нарэшце — горад складваўся як вольная праўна-эканамічная зона ня толькі для мяшчанаў, але для ўсіх саслоўяў. Усе жыхары гораду падпадалі пад магдэбурскую юрысдыкцыю. У горадзе рабіліся першыя спробы міжсаслоўнага паразуменьня, зараджалася супольнасьць будучага індустрыяльнага грамадзтва пад назвай "сучасная нацыя". Так, лічылася, каб быць парыжанам, дастаткова было жыць у Парыжы. Потым гэты прынцып пашыраўся на ўсю Францыю. Каб быць французам, дастаткова было жыць у Францыі".

(Ракіцкі: ) "З гледзішча ўрбанізацыі Беларусь таксама ішла ў нагу з эўрапейскай цывілізацыяй?"

(Шыбека: ) "У Беларусь Магдэбургскае права прыйшло ў канцы XIV ст. Першым яго атрымаў горад Вільня (1387г.). А ў XVI–XVIII ст. Магдэбурскае права займелі практычна ўсе беларускія гарады і шэраг мястэчкаў. Магдэбурскае права стала эфэктыўным рычагом вэстэрнізацыі беларускіх земляў. У XIV–XVII ст. заўважалася тэндэнцыя да пашырэньня юрыдычных правоў і эканамічных прывілеяў гараджанаў, якія знаходзіліся пад магдэбургскай юрысдыкцыяй. Па прававой абароненасьці гараджанаў мы ня тое што не саступалі заходнеэўрапейцам, але нават пераўзыходзілі іх.

Прафэсар гісторыі права Язэп Юхо лічыць: "Выбарны, незалежны ад адміністрацыі гарадзкі суд быў прасякнуты задачамі служэньня ня толькі інтарэсам дзяржавы, але і правам асобных людзей, задачамі абароны правапарадку нават ад органаў дзяржаўнай улады. Гэты радыкальны паварот у прававой тэорыі і поглядах на ролю суду ў грамадзтве Беларусі ў XVI ст. пачаў ажыцьцяўляцца ў Заходняй Эўропе толькі ў XVII–XVIII ст.".

Чаму ў такім разе мы згубілі сваё лідэрства ? Відаць, не без уплыву нашай усходняй суседкі?"

(Шыбека: ) "Ня толькі з-за экспансіі з боку Расеі. Ва ўмовах ВКЛ гарадзкая рэформа паводле ўзору Магдэбургскага права поўнасьцю так і не была рэалізаваная. Чаму?

Можна выдзеліць тры асноўныя прычыны:

1. Перашкаджалі рэлігійныя супярэчнасьці. Існавалі факты дыскрымінацыі юдэяў адносна хрысьціянаў і нават праваслаўных адносна каталікоў. Бізантыйскі дэспатызм і лацінская інквізыцыя тут часам бралі верх над нямецкім рацыяналізмам.

2. Мясцовыя гарады былі эканамічна менш магутнымі ў параўнаньні зь нямецкімі, каб поўнасьцю рэалізаваць Магдэбурскае права. І гэта было вынікам аграрнай спэцыялізацыі нашага рэгіёну ў рамках усясьветнага рынку.

3. Перашкаджалі і няспынныя войны, асабліва з рускай дзяржавай. Не выпадкова пашыранасьць і паўната Магдэбурскага права зьмяншаліся ў накірунку з захаду на ўсход, у бок рускай дзяржавы, дзе Магдэбурскага права не існавала зусім. Беларускія землі ўтваралі таму своеасаблівую пераходную зону паміж дэспатычнай Расеяй і краінамі Заходняй Эўропы, якія дэмакратызаваліся ў тыя часы".

(Ракіцкі: ) "Значыць, Расея ўсё ж адыграла істотную ролю ў запавольванні нашага руху да гарадзкой цывілізацыі?"

(Шыбека: ) "Безумоўна. Працэс вэстэрнізацыі і ўрбанізацыі ВКЛ быў фактычна гвалтоўна перарваны трагічнай вайной з Расеяй у сярэдзіне XVII ст., у выніку якой, паводле зьвестак Генадзя Сагановіча, на землях Беларусі ў яе сучасных межах ацалела ўсяго 47% жыхароў, а ў гарадах — толькі 45%".

(Ракіцкі: ) "Але чаму тады нас не абаранілі гарады? Чаму ня сталі нацыянальнымі бастыёнамі? Бо не пасьпелі рэалізаваць Магдэбурскае права?"

(Шыбека: ) "Гарады, сапраўды, недзе з XIV ст сталі своеасаблівымі нацыянальнымі крэпасьцямі, ці, як вы кажаце, бастыёнамі. Яшчэ ў VIII–XIII ст. небясьпеку былі ў стане адхіляць фэадальныя замкі. Яны ўратавалі германскія землі ад ваяўнічых вугораў, дзяржаву франкаў — ад ваяўнічых арабаў, Брытанію — ад ваяўнічых скандынаваў. Надалей гэтая роля перайшла да гарадоў. Іхная сіла пры гэтым вымяралася ня столькі таўшчынёй крэпасных сьценаў, колькі згуртаванасьцю і багацьцем гарадзкіх абшчынаў, якія забясьпечваліся, між іншым, і Магдэбурскім правам.

Так, паводле Магдэбурскага права, кожны гараджанін ведаў сваё месца на крэпасной сьцяне гораду на выпадак небясьпекі. І менавіта гарады ў XIV–XVI ст. спынілі экспансію туркаў супраць Заходняй Эўропы. А вось беларускія гарады так і не змаглі ўратаваць літоўска-беларускія землі ад ваяўнічых расейцаў — і Беларусь у канцы XVIII ст. стала часткаю Расейскай імпэрыі".

(Ракіцкі: ) "Магдэбурскае права не дапамагло нам займець згуртаваных і багатых гарадзкіх абшчынаў ? Чаму?"

(Шыбека: ) "Так! Гараджане не змаглі ці не пасьпелі стаць у сярэднявечным грамадзтве старадаўняй Літвы трэцяй уплывовай палітычнай сілай побач зь вялікакняжацкім дваром і саслоўем шляхты. Дачыненьні гараджанаў са сваім сюзэрэнам — вялікім князем літоўскім — складваліся ня так ідэальна, як у гарадох заходнеэўрапейскіх, калі каралі ў зьвязе з гарадамі пасьпяхова ўтаймоўвалі аграрную арыстакратыю для ўзаемнай выгады і дзеля стварэньня, у прыватнасьці, нацыянальных апалчэньняў.

Нашыя ж пэрманэнтна разбураныя гарады не ўяўлялі той сілы, на якую магла абаперціся вярхоўная ўлада. Яны не змаглі ўтаймаваць свавольства магнатаў і шляхты ў адносінах да вялікіх князёў. А палітычна слабыя вялікія князі не маглі ў адказ утаймоўваць злоўжываньні шляхты ў адносінах да гараджанаў. Гарадзкія паселішчы на чале зь вялікім князем аказаліся ня ў стане сфармаваць нацыянальнае апалчэньне, а шляхецкае войска было ўжо не эфэктыўным".

(Ракіцкі: ) "Беларускія землі захапіла Расея. На гэтым місія нашых гарадоў як бастыёнаў нацыі і скончылася?"

(Шыбека: ) "Разумееце, гарады выступаюць нацыянальнымі бастыёнамі ня толькі ў адносінах да зьнешняй небясьпекі, але і ў адносінах да небясьпекі ўнутранай. Магдэбурскае права даволі надзейна абараняла народы Заходняй Эўропы ад унутранага дэспатызму.

У Расеі, дзе гарады ня мелі ніякай ні эканамічнай, ні палітычнай самастойнасьці, дэспатызм не сустракаў ніякага легальна арганізаванага супраціву. Улада цароў нічым не абмяжоўвалася. А ў 1917 г. з гэтай прычыны царскі дэспатызм быў лёгка заменены на дэспатызм бальшавіцкі. Ленінцы здабылі лёгкую перамогу".

(Ракіцкі: ) "Вядома, што ў складзе Расеі Магдэбурскае права было скасаванае. Ці зрабілі гэтак таму, што яно не стасавалася да прынцыпаў самаўладзьдзя? Ці, можа, меліся яшчэ нейкія прычыны?"

(Шыбека: ) "Вы ўяўляеце, пасьля захопу беларускіх земляў Расеяй у ейных межах зьяўляюцца арганізаваныя на Магдэбургскім праве гарады як антыподы дэспатызму. Нонсэнс! Натуральна, што Кацярына II скасавала Магдэбурскае права. Але ня толькі таму, што яно не стасавалася да прынцыпаў самаўладзьдзя. Замежнае права магло паспрыяць нацыянальнаму самасьцьвярджэньню беларусаў. Усе антыцарскія паўстаньні мелі падтрымку сярод гараджанаў".

(Ракіцкі: ) "Якую ж гарадзкую палітыку праводзіў царызм, каб не дапусьціць абуджэньня беларусаў?"

(Шыбека: ) "У першую чаргу беларускія гарады пазбаўляліся былога незалежнага ад дзяржавы самакіраваньня і выкарыстоўваліся як найбольш эфэктыўная зброя калянізацыі і русіфікацыі беларускага краю.

Па-другое, ствараліся невыносныя ўмовы дзеля пашырэньня праслойкі беларускіх мяшчанаў, будучых прадпрымальнікаў. Царскі ўрад фактычна закрыў для іх шлях да камэрцыйнай дзейнасьці, калі пазбавіў падатковых прывілеяў і перапісаў у лік падатнага насельніцтва.

Па-трэцяе, царызм пасьлядоўна не аддаваў беларускія гарады — гэтыя камандныя вяршыні кожнага грамадзтва — у рукі мясцовай зямельнай арыстакратыі. Ня маючы сілаў калянізаваць, ён "юдызаваў" іх. Габрэям забаранялася пакідаць межы былога ВКЛ, а паводле закону 1882 г. — і сяліцца па-за гарадамі і мястэчкамі.

У канцы ХІХ ст. габрэяў сярод гараджанаў Беларусі было 53,5%. Габрэйскія гарады ў Беларусі меньш палохалі царскі ўрад, як пэрспэктыва ператварэньня іх у "польскія", а фактычна беларускія. А ў выніку істотна ўскладнялася фармаваньне нацыянальнае эліты.

Па-чацьвертае, мэтадычна разбуралася адзінства гарадзкой абшчыны. Юдэйскія, каталіцкія, праваслаўныя і магамэтанскія абшчыны пастаянна нацкоўваліся адна на адну. І тым істотна запавольваўся працэс трансфармацыі этнічных элемэнтаў у адзіную беларускую нацыю. Прынцып "усе жыхары Беларусі ёсьць беларусамі" не спрацоўваў.

Увогуле, на працягу ўсёй сваёй гісторыі царызм рабіў усё, каб разбурыць старыя літоўска-беларускія гарады і іхныя былыя вольнасьці. І што цікава, у той час як небясьпечных для самаўладзьдзя гараджанаў усяляк абмяжоўвалі ў правох, беларускія сяляне нават мелі падатковыя льготы, бо іх разглядалі як этнаграфічны матэрыял для будаўніцтва рускай нацыі".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў гарадох Беларусі пад царскай Расеяй старая магдэбурская традыцыя дэмакратычных муніцыпалітэтаў была ўсё ж разбураная, а новая так і не паўстала?"

(Шыбека: ) "Так. Афiцыйныя гарады былi пераважна дробнымi і беднымі. Яны не маглi выбiцца з-пад царскай рэглямэнтацыi i былi ня ў стане разбураць абсалютызм, дэспатызм i саслоўнасьць так пасьпяхова, як гэта рабiлася на Захадзе".

(Ракіцкі: ) "Ці варта і ці магчыма аднавіць традыцыі Магдэбурскага права, традыцыі самакіраваньня ў гарадох сучаснай Беларусі?"

(Шыбека: ) "Варта, але зрабіць гэта будзе цяжка, бо традыцыі гэтыя ўшчэнт зьнішчаныя. Але, на мой погляд, у праграме нашага нацыянальнага разьвіцьця першаснае месца павінна адводзіцца адраджэньню гэтых традыцыяў. І перадусім — магістратаў, бо толькі вольныя ад дыктату гарады становяцца лябараторыямі мадэляваньня шчасьлівай будучыні".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG