Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЗАХСТАН АДМОВІЎСЯ АД ПРАКТЫКІ ВЫДАЧЫ ДАЗВОЛАЎ СВАІМ ГРАМАДЗЯНАМ ВЫЯЖДЖАЦЬ ЗА МЯЖУ


Валерыя Красоўская, Прага

Далей у рэлізе нагадваеца, што стандарты АБСЭ ў галіне свабоды перамяшчэньня бяруць свой пачатак ад Гельсынскага Заключнага акту 1975 году, у якім сьцьвярджаецца, што «дзяржавы-ўдзельніцы маюць намер садзейнічаць больш шырокім магчымасьцям зьдзяйсьненьня іх грамадзянамі паездак па асабістых ці службовых матывах, і з гэтай мэтай яны маюць намер, у прыватнасьці, паступова спрашчаць і гібка ўжываць парадак выезду і ўезду». У іншых дакумэнтах, прынятых АБСЭ, гэтае абавязаньне было зноў пацьверджана. Прыкладам, Венскі Дакумэнт 1989 году гаворыць, што «дзяржавы-ўдзельніцы будуць цалкам паважаць права кожнага чалавека на свабоду перамяшчэньня і месцажыхарства ў межах кожнай дзяржавы і права пакідаць любую краіну, у тым ліку і сваю ўласную, і вяртацца ў сваю краіну. Дзаржавы-ўдзельніцы будуць забясьпечваць, каб ажыцьцяўленьне гэтых правоў не магло быць аб'ектам ніякіх абмежаваньняў, акрамя тых, якія прадугледжаныя законам і сумяшчальныя зь іх абавязкамі паводле міжнароднага права. Гэтыя абмежаваньні маюць характар выключэньняў. Дзяржавы-ўдзельніцы будуць забясьпечваць, каб гэтымі абмежаваньнямі не злоўжывалі, і каб яны ўжываліся не адвольна, а так, каб забясьпечвалася эфэктыўнае зьдзяйсьненьне гэтых правоў».

На сёньняшні дзень дазвол на выезд ці выязныя візы захоўваецца ў шасьці краінах былога СССР: у Армэніі, Узбэкістане, Таджыкістане, Туркмэністане (дарэчы, у Туркмэністане да таго ж неабходная віза нават для таго, каб паехаць з аднаго гораду ў другі), у Беларусі і Расеі. Расейцы ўвогуле мусяць мець адмысловы замежны пашпарт.

Вось як пракамэнтаваў пастанову ўраду Казахстану аб адмене выязных візаў казахскі журналіст Ардак Нургаліеў:

(Валерыя Красоўская: ) “Сёньня мы атрымалі прэс-рэліз ад філіі АБСЭ ў Алма-аты з нагоды адмены Казахстанам выязных візаў для сваіх грамадзянаў. У гэтым прэс-рэлізе акцэнт робіцца на тое, што дадзенае рашэньне ўраду – гэта перш за ўсё крок на шляху да таго, каб грамадзяне Казахстану атрымалі поўную свабоду перамяшчэньня. Якія іншыя перавагі дае гэтая пастанова?”

(Ардак Нургаліеў: ) “Па-першае, я хацеў бы сказаць, што, дзякуючы таму, што у нас адмянілі выязныя візы – а Казахстан толькі другая краіна ў Цантральнай Азіі, першым адмяніў візы Кыргызстан, – зроблены вельмі вялікі крок у бок дэмакратыі. У суседніх дзяржавах, такіх як Туркмэністан, Узбэкістан, Таджыкістан – там аўтарытарныя рэжымы, там нават размова не заходзіць аб адмене выязной візы. Прадстаўнікі АБСЭ, якія працуюць ў Казахстане, віталі ўрад Казахстану, грамадзянаў Казахстану, сказалі, што мы рухаемся насустрач цывілізаванаму сьвету. На ваша прамое пытаньне, я хацеў бы адказаць так. Па-першае, што такое выязная віза? Гэта вельмі зьняважлівы працэс. Я сам яго некалькі разоў праходзіў. Я павінен быў запаўняць пашпартныя дадзеныя, даваць 40 ці 50 даляраў, прасіць якія-небудзь турыстычная фірмы ці кагосьці са знаёмых, каб яны пахадайнічалі, і каб хтосьці паставіў сваю пячатку. Па-другое, пашпарты вельмі хутка запаўняюцца. Наш адзін вядомы матэматык 2 месяцы таму казаў, што ён ужо пяты пашпарт памяняў у сувязі з тым, што ў яго шмат замежных візаў. А тут яшчэ гэтыя выязныя візы ставіліся. Ён скардзіўся, што спазьніўся на два міжнародныя сымпозіюмы па матэматыцы, таму што хтосьці ў час яму не паставіў выязную візу. Далей, ад гэтага ўказу пакутвалі апазыцыянэры. Іх звычайна не выпускалі ці, калі быў міжнародны ціск, выпускалі пазьней. Вось наглядны прыклад. Месяц таму былі слуханьні ў Кангрэсе па Казхстане – аб правах, аб дэмакратыі. А з апазыцыі толькі два чалавекі змаглі паехаць, а двух проста затрымалі. Праверка дакумэнтаў – пад такой зачэпкай. Праз дзень іх адпусьцілі, але яны спазьніліся. У асноўным, дыктатарскія, разбуральныя рэжымы ўжываюць гэтыя дазволы на выезд. У Казахстане ўрад як быццам кіруецца тым, што хтосьці можа зьехаць, хтосьці, хто ведае нейкія дзяржаўныя тайны ці нейкія крымінальныя элемэнты. Але тым ня менш жыцьцё дэманструе, што гэтыя крымінальныя элемэнты ці тыя, у каго ёсьць нейкія сродкі, яны любым шляхам ставяць сабе візы і зьяжджаюць”.

(Валерыя Красоўская: ) “Ці чакаеце вы якіх-небудзь далейшых крокаў ад ураду Казахстану, скіраваных на набліжэньне да дэмакратыі?”

(Ардак Нургаліеў: ) “Наш урад часта робіць заявы, што ён прытрымліваецца дэмакратычнага накірунку, рушыць у бок цывілізаванага сьвету, што падпісана шмат дагавораў, што Казахстан зьяўляеецца чальцом шматлікіх міжнародных арганізацыяў і абавязкаў у яго шмат... Але словы разыходзяцца зь дзеяньнямі. Гэта я аб праблеме выбараў: усе выбары ў нас фальсыфікуюцца, і выбірае ня той, хто галасуе, а той, хто вядзе падлік. У гэтых адносінах вялікія мінусы ў Казахстане. Таксама пераследуецца апазыцыйная прэса, людзям не дазваляюць пісаць. Часта мае калегі ў Казахстане зазнаюць напады, зьбіцьці, рабаўніцтвы. Далей, няроўныя магчымасьці для ўдзельнікаў выбараў. Звычайна праходзіць той, каго падтрымлівае ўлада, а непасрэдна прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў. Вельмі многа ў нас савецкіх забабонаў плюс яшчэ з усходнімі асаблівасьцямі”.

(Валерыя Красоўская: ) “Скажыце, а што, на ваш погляд, прымусіла ўрад Казахстану прыняць падобнае рашэньне?”

(Ардак Нургаліеў: ) “Вельмі часта, калі нашы дэпутаты, прадстаўнікі парлямэнту, міністры і прэзыдэнт выяжджалі на Захад, ці калі да нас праяжджалі прадстаўнікі АБСЭ, прадстаўнікі гэтыя патрабавалі: “Вы падпісаліся пад дагаворам аб роўных магчымасьцях для грамадзянаў Казахстану аб перамяшчэньні, аб іх правах, але вы гэтага не прытрымліваецеся”. Крытыка ў адрас рэжыму на працягу некалькіх гадоў сваё дала. Казахстан, які знаходзіцца ў Цэнтральнай Азіі, жадаў разьвіваць адносіны і зь Эўропай, і з Амэрыкай, і з Кітаем. Таму Казахстан ішоў недзе на саступкі ў мытным зьвязе з Расеяй, Беларусьсю, Узбэкістанам ды Туркмэністанам. Акрамя таго, калі Казахстан падпісаўся пад міжнароднымі абавязальніцтвамі, ён павінен быў іх выконваць. Я б вельмі пажадаў, каб на гэтым ініцыятыва ўладаў Казахстану не спынілася – і былі альтэрнатыўныя выбары, і ніхто каб не займаўся зьбіцьцём журналістаў, і каб усе грамадзяне мелі роўныя магчымасьці ды правы”.

А вось меркаваньні беларускіх палітыкаў адносна рашэньня ўраду Казахстану.

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

“Я лічу, што Казахстан – ня ўзор дэмакратыі. Але адмена выязной візы зьяўляецца жэстам, які сьведчыць, што гэтая краіна крок за крокам набліжаецца да агульных дэмакратычных прынцыпаў. Той факт, што на Беларусі да гэтых часоў існуе выязная віза – і падобна на тое, што ня хутка мы пазбавімся ад яе – гэта абсалютная дэскрымінацыя, дыскрымінацыя дзяржавы ў адносінах да сваіх жа грамадзянаў. Вядома, што дзеля таго, каб атрымаць штамп у пашпарт, які дае дазвол на выезд, грамадзянін Беларусі павінен прадэманстраваць нейкую ляяльнасьць да дзяржавы, да дзяржаўных установаў. Ён павінен сабраць шмат паперкаў, яго правярае КДБ – гэта ўмяшальніцтва ў асабістае жыцьцё. Тая сытуацыя, якую мы маем сёньня з гэтымі выязнымі штампамі, – гэта спадчына, якая засталася ад Савецкага Саюзу, спадчына, у якой нічога добрага няма, якая парушае грамадзянскія правы беларусаў”.

Міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саннікаў:

“Гэтыя штампы ў пашпарце супярэчаць асноўным міжнародным дакумэнтам па правах чалавека – такіх, як Усеагульная Дэклярацыя Правоў Чалавека, пакты аб грамадзянскіх ды палітычных правах чалавека. Паводле гэтых дакумэнтаў, кожны чалавек мае права на бесьперашкодны выезд за межы сваёй краіны і вяртаньне ў яе. Існаваньне выязных візаў парушае гэтае права. Крок, які зрабіў Казахстан, перш за ўсё ідзе на карысьць самім грамадзянам гэтай краіны: яны сталі менш абмежаваныя ў сваіх правах. Па-другое, гэтае рашэньне, несумненна, будуць вітаць міжнародныя праваабарончыя ўстановы, напрыклад, Міжнародная Камісія па Правах Чалавека. Чакаць, што на падобны крок пойдзе Лукашэнка – дарэмна. Бо ў нашай краіне існуе такі рэжым, які існуе. Лукашэнка стварыў яго і відавочна, што не зьбіраецца мяняць яго, нажаль”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG