Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадоў 6-7 назад, калі стала відавочна, што першая хваля новага беларускага Адраджэньня захлынаецца, я адчуў, як памалу з-пад ног пачала сыходзіць глеба. Раптам стала зразумела, што Беларусь і беларусы нікому не патрэбныя ні ў сьвеце, ні, нават, у самой Беларусі, што з часу напісаньня Купалам “Тутэйшых” нічога не зьмянілася – у Беларусі па-ранейшым рэалізуюць свае інтарэсы Расея і Польшча, а нам няма месца нават на сваёй зямлі. Гэта няпраўда, што за шырокія плечы нацыянальнай ідэі хаваюцца слабыя ў жыцьцёвым і асабістым пляне людзі. Проста эгаізм і прагматызм некаторых з нас быў (і застаецца) троху слабейшы за жаданьне, каб родныя людзі жылі добра…

Глеба з-пад ног пачала сыходзіць, а ў галаву прыйшлі пытаньні – як быць далей? ці ёсьць надзея, што Беларусь застанецца? што яна паўстане з каленаў ізноў? дзе ўзяць маральныя сілы для працы? і ці патрэбная тая праца?

Пра гэтую сваю праблему я і расказаў тады айцу Аялксандру Надсану падчас адной з нашых гутарак. І ў адказ пачуў:

– Братка, што ж казаць мне? Я цэлае жыцьцё так жыву і працую…

На гэтым мае сумненьні скончыліся.

Калі у канцы 80-х-пачатку 90-х у Беларусі зь нябыту паўстала Грэка-каталіцкая царква, яна адразу займела высокапрафэсійныя і Боганатхнёныя пераклады ўсіх царкоўных тэкстаў з арыгіналаў, выкананыя айцом Аляксандрам, глыбокім знаўцам Бібліі і дзясятка моваў. Ягоныя тэксты дзіўным чынам адбіваюць памежную і сынтэтычную сутнасьць старой Уніі – яго мова і не заходняя, і не ўсходняя, яна – і тая і тая, і адначасова проста добрая беларуская. Няма чаго і казаць, што менавіта яго варыянт найбольш надаецца для агульнабеларускага міжканфэсійнага перакаладу Бібліі.

Мала каму ведамы чыста царкоўны бок дзейнасьці айца Аляксандра, а ён у апошнія 20 год – галоўны абаронца нацыянальна-рэлігійных правоў беларусаў. Процьму разоў ён стукаўся ва ўсе дзьверы Апостальскай Сталіцы, напісаў безьліч зваротаў, рапартаў і заяваў, нажыў рэпутацыю нязручнага чалавека і нацыяналіста. А я вось, добра разумеючы плённасьць і кончую неабходнасьць кампрамісу і гнуткасьці, часам думаю і пра парадаксальны плён нязломнасьці. Менавіта цьвёрдасьць і пасьлядоўнасьць пазыцыі робіць чалавека сымбалічнай постацьцю.

Айцец Аляксандар Надсан сёньня (хоць сам і не марыянін) – апошні прадстаўнік магутнай ва ўсіх адносінах групы беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў-марыянаў: архімандрыта Лява Гарошкі, айца Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзявы, біскупа Часлава Сіповіча, рэлігійны, культурны і нацыянальны даробак якіх яшчэ дачакае сваёй удзячнай ацэнкі.

І таму тым, хто сёньня апанаваны сумненьнем, ці Беларусь застанецца, і што ж рабіць у цяперашнія смутныя часы, я нагадваю пра аднаго беларускага сьвятара зь Лёндану, які, ня ведаючы, ці будзе Беларусь, 55 год працаваў дзеля яе на чужыне.

Многая лета, дарагі ойча!

XS
SM
MD
LG