Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬБІРАЛЬНІК ПОДПІСАЎ ЗА ДОМАША Ў ЛОЕВЕ ДАСТАЎ ШТРАФ У 45 ТЫСЯЧАЎ РУБЛЁЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нагадаю слухачам, што справу супраць зьбіральніка подпісаў з падачы старшыні Пярэдзелкаўскага сельскага Савету Натальлі Трухан распачалі лоеўскія раённыя ўлады. Яны напалохаліся, што сярод вяскоўцаў няма адзінства ў падтрымцы сёньняшняму кіраўніку дзяржавы, што вясковыя жыхары ставяць подпісы за вылучэнне кандыдатам ў прэзыдэнты дэмакратычнага прадстаўніка Сямёна Домаша.

Шляхам уціску старшыня сельскага Савету спадарыня Трухан, юрыст сельгасуправы райвыканкаму Ўладзімер Пугач і нават пракурор Васіль Прымак запатрабавалі ў вяскоўцаў тлумачэньні нібыта пра парушэньне зборшчыкам подпісаў у падтрымку Домаша Выбарчага кодэксу. Маўляў, ён зьбіраў подпісы за Сямёна Домаша, а казаў, што за Лукашэнку. Да таго ж нібыта ня ўносіў у падпісныя аркушы пашпартных дадзеных выбаршчыкаў.

Узятых тлумачэньняў чыноўнікам падалося мала, і яны вымусілі чатырох сельскіх жыхароў зь вёсак Казіміраўка і Барэц напісаць заявы пра адкліканьне подпісаў за Домаша. На падставе напісаных пад дыктоўку заяваў юрыст сельгасуправы Пугач і склаў акт пра парушэньне Башмаковым выбарчага заканадаўства. Тыдзень таму судзьдзя Бурба адклаў справу, паколькі са сьведкаў толькі Вольга Кавальчук заявіла, што Башмакоў не сказаў ёй, за каго зьбірае подпісы. Праўда, у незалежным тлумачэньні, якое меў суд, яна ня згадвала пра якія-небудзь парушэньні.

Сёньня паказаньні суду давалі пэнсіянэры Васіль Залівайка і Ганна Атрошчанка зь вёскі Барэц. Яны пацьвердзілі, што спадар Башмакоў паказваў ім улёткі Домаша, прасіў пашпарт, і што яны ўласнаручна паставілі за Домаша свае подпісы. Пасьля ўжо па падказцы старшыні сельскага Савету Натальлі Трухан і юрыста сельгасуправы Ўладзімера Пугача напісалі заявы пра адкліканьне подпісаў за Домаша.

Нягледзячы на такія сьведчаньні, судзьдзя Сяргей Бурба толькі на падставе супярэчлівых паказаньняў Вольгі Кавальчук прызнаў спадара Башмакова вінаватым і аштрафаваў на 45 тысячаў рублёў.

Распавядае Вячаслаў Башмакоў:

(Башмакоў: ) “Справа ў тым, што судзьдзя – чалавек залежны. Ад сёньняшняга рашэньня, магчыма, залежыць месца ягонай працы, будучая кар’ера. У нас усе суды залежныя, і часьцей за ўсё, нягледзячы на доказнасьць, прававую падставу, прымаюць патрэбнае ўладам рашэньне”.

Даверчая асоба зьбіральніка подпісаў, юрыст Леанід Судаленка ў сваю чаргу лічыць так:

(Судаленка: ) “Правільнага і справядлівага рашэння, на мой погляд, не адбылося таму, што судзьдзя ня ўзяў на сябе грамадзянскую сьмеласьць, не праявіў сваю грамадзянскую пазыцыю і пайшоў на паваду ў выканаўчай улады”.

Выказаўся наконт сёньняшняга судовага рашэньня і каардынатар Лоеўскай ініцыятыўнай групы ў падтрымку спадара Домаша Мікалай Анісавец.

(Анісавец: ) “Справа сфабрыкаваная. Гэта бачна, як кажуць, ня ўзброеным вокам. Суд таксама паказаў сваю залежнасьць ад выканаўчай улады. Ён ня ўзяў пад увагу тыя факты, якія яскрава сьведчылі, што Башмакоў не парушаў заканадаўства, дзейнічаў строга паводле закону. На жаль і з выбарчай камісіяй няма добрых стасункаў. Камісія сфармавана райвыканкамам. Кіраўнік камісіі – намесьнік старшыні райвыканкаму, намесьнік – кіраўнік справамі райвыканкаму, сакратар камісіі – спэцыяліст райсавету. Залежныя і ўсе астатныя чальцы камісіі. Камісія працуе келейна, галоснасьці няма. Ідзе спрэс парушэньне заканадаўства”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG