Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗА ВУЧЭНЬНІ НАТО Ў ЛІТВЕ ТАК НАПАЛОХАЛІ КІРАЎНІКА БЕЛАРУСІ?


Сяргей Шупа, Прага

У панядзелак быў зацьверджаны плян правядзеньня ў Беларусі комплексных апэрацыйна-тактычных вучэньняў Збройных Сілаў Беларусі «Нёман-2001». Гэтую нагоду Лукашэнка выкарыстаў, каб зрабіць некалькі заяваў на вайскова-стратэгічныя тэмы. Між іншага, ён зазначыў, што «блёк НАТО падыйшоў да самых межаў Беларусі срала нарошчваецца вучэбна-баявая дзейнасьць збройных сілаў замежных дзяржаваў у непасрэднай блізкасьці ад дзяржаўнай мяжы Беларусі. Чарговае яскравае сьведчаньне гэтаму ­ супольныя маштабныя вучэньні краінаў НАТО і Балтыі, якія пройдуць у жніўні-верасьні сёлета на палігонах Літвы. У гэтых умовах, сказаў Лукашэнка, порах трэба трымаць сухім. Забясьпечыць ваенную бясьпеку краіны змогуць збройныя сілы, здольныя нанесьці непрымальную шкоду любому агрэсару». У выніку вучэньняў «Нёман» ня толькі галоўнакамандуючы, але і ўвесь народ мусяць епраканацца, што збройныя сілы нездарма ядуць народны хлеб і здольныя абараніць мірную працу грамадзянаў.

Што ж за вучэньні так напалохалі беларускага кіраўніка, што ён у адказ на іх вырашыў правесьці свае?

Міжнародныя вайсковыя вучэньні Amber Hope-2001 (Бурштынавая Надзея-2001) распачнуцца 29 жніўня і закончацца 6 верасьня 2001 году. У іх возьмуць удзел вайскоўцы з Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Італіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Латвіі, Польшчы, Літвы, Галяндыі, Фінляндыі, Швэцыі і Нямеччыны. Усяго ­ 2800 вайскоўцаў. Паводле колькасьці ўдзельнікаў ­ гэта самыя буйнамаштабныя манэўры з усіх, што калі-небудзь адбываліся ў балтыйскіх краінах. Апрача вайскоўцах у іх возьмуць удзел прадстаўнікі цывільных, міжнародных і няўрадавых арганізацыяў. Вучэньні «Бурштынавая Надзея-2001» будуць адбывацца на палігонах у Рукле і Падбродзьдзі паводле сцэнару міратворчай апэрацыі. У праграме вучэньняў ­ навучаньне абыходжаньня зь мінамі, патруляваньне, праца на кантрольна-назіральных пунктах, аказаньне першай дапамогі, а таксама камандныя дзеяньні ­ узаемадзеяньне паміж рознымі шматнацыянальнымі аддзеламі.

Каб даведацца пра шырэйшы сэнс і кантэкст вучэньняў «Бурштынавая надзея» мы затэлефанавалі ў прэсавы-сакратарыят НАТО ў Брусэль і на нашыя пытаньні адказаў супрацоўнік сакратарыяту Робэрт Пшчэль.

(Пшчэль:) «Гэта вучэньні, на якія краіна-гаспадар, у дадзеным выпадку Літва, запрасіла пэўную колькасьць краінаў – як удзельніц НАТО, гэтаксама і іншых партнэраў. Але гэта не вучэньні канкрэтна падрыхтаваныя арганізацыяй НАТО як гэткай. Гэта вучэньні міратворчага тыпу, якія складаюцца з камандна-штабных практыкаваньняў, дзе адпрацоўваюцца штабныя працэдуры, а таксама з клясычных элемэнтаў міратворчага тыпу. Гэта зусім стандартныя вучэньні ­ у рамках «Партнэрства дзеля міру», у якіх адпрацоўваецца ўзаемадзеяньне розных аддзелаў. Так што вучэньні гэтыя ў асноўным засяроджваюцца на адпрацоўцы міратворчых місіяў. Зусім рутынныя вучэньні, у якіх няма нічога надзвычайнага».

(Шупа:) «Але чаму беларускі кіраўнік выставіў гэтыя вучэньні як сьведчаньне пагрозы з боку НАТО?»

(Пшчэль:) «Сцэнар вучэньняў – стандартны. Іх мэты цалкам адпавядаюць мэтам праграмы «Партнэрства дзеля міру», у якой, дарэчы, бярэ ўдзел і Беларусь. Дык жа зноў – тут няма нічога надзвычайнага, вельмі празрысты сцэнар, вельмі празрыстыя мэты, дый вельмі шырокае кола ўдзельнікаў. Тут у Брусэлі мы ўспрымаем «Бурштынавую Надзею» як рутынную частку каштоўнай праграмы вайсковага супрацоўніцтва. Тут зусім няма нічога асаблівага».

(Шупа:) «Дарэчы, а чаму Беларусь як удзельніца праграмы «Партнэрства дзеля міру» не бярэ ўдзелу ў гэтых вучэньнях?»

(Пшчэль:) «Пра гэта вам варта спытацца ў беларускіх афіцыйных асобаў, бо гэткая пастанова прымаецца краінай-гаспадаром. У «Партнэрстве дзеля міру» ёсьць добрая традыцыя – перад вучэньнямі такога тыпу звычайна да ўдзелу запрашаюцца суседнія краіны, а ўжо прыняць ці не прыняць запрашэньне ­ гэта іх справа».

Каб даведацца чаму ў гэтых супольных вучэньнях ня ўдзельнічае Беларусь – якая таксама ахопленая праграмай «Партнэрства дзеля міру» ­ мы зьвярнуліся да гаспадароў вучэньняў. Нам удалося знайсьці Галоўнакамандуючага Літоўскім Войскам брыгаднага генэрала Ёнаса Кранкайціса. Адказ ягоны быў вельмі кароткі і просты:

(Кранкайціс:) «Нашыя законы не дазваляюць, каб войскі былых рэспублікаў Савецкага Саюзу ўдзельнічалі ў вучэньнях на тэрыторыі Літвы.»

У сьвятле пагрозьлівых выказваньняў Лукашэнкі пра шкоду агрэсару, мірную працу, трывожныя тэндэнцыі і трымаць порах сухім, міжволі параўноўваеш «Бурштынавую Надзею» і «Нёман-2001»: 2800 удзельнікаў там і 10000 тут, міратворчыя апэрацыі там і танкі-ракеты-артылерыя-бэтээры ды адпор агрэсару тут, уся дэмакратычная Эўропа там і Беларусь з Расеяй тут. Супакойвае аднак тое, што і на адных і на другіх вучэньнях, якія адбудуцца зусім побач – празь мяжу, будуць прысутныя назіральнікі з абодвух бакоў – беларускія ў Літве й літоўскія ў Беларусі.

У размове са мной генэрал Кранкайціс сярод іншага сказаў, што яны маюць добрыя дзелавыя кантакты зь беларускімі калегамі. Ён дадаў таксама, што і адны й другія вучэньні – справа плянавая, сэзонная, і баяцца нейкіх нечаканасьцяў няма падставы. Вайскоўцы – людзі цьвёрдыя і разважлівыя і не зьвяртаюць вялікай увагі на безадказныя выказваньні палітыкаў.
XS
SM
MD
LG