Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ МІЖНАРОДНЫЯ СТРУКТУРЫ АДНАВІЛІ КРЭДЫТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСІ?


Юры Дракахруст, Прага

Усясьветны банк прыняў рашэньне выдзяліць Беларусі крэдыт у памеры 22 мільёнаў даляраў, распрацаваная праграма супрацоўніцтва з Банкам, паводле якой Беларусь на працягу трох гадоў можа атрымаць 260 мільёнаў даляраў. З красавіка Міжнародны Валютны Фонд праводзіць у Беларусі адмысловую праграму маніторынгу, якая можа завяршыцца прадастаўленьнем крэдыту stand by.

Аналітык дасьледчага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук ня бачыць у апошніх кроках Міжнароднага Валютнага Фонду і Ўсясьветнага Банку нічога рэвалюцыйнага.

(Раманчук: ) “На мой погляд зьменаў у палітыцы няма і выдзеленыя Ўсясьветным Банкам 22 мільёны даляраў ідуць выключна на праекты ашчаджэньня энэргіі. Гэта можна ацэньваць ня як дапамогу ўраду, а як дапамогу рэальнаму сэктару. Гэта вельмі малыя грошы ў параўнаньні са зьнешняй запазычанасьцю Беларусі, якая складае 820 мільёнаў даляраў. Што тычыцца крэдыту Ўсясьветнага Банку ў памеры 260 мільёнаў даляраў, то яго выдзяленьне абумоўлена шмат якімі рэчамі: ад паляпшэньня бізнэс-клімату да такіх палітычных умоваў, як забесьпячэньне вяршэнства закону. Гэтыя крокі – спроба паказаць беларускаму ўраду тыя выгоды, якія ён можа атрымаць, калі пачне праводзіць больш рынкавую палітыку. Я б расцэньваў гэта ня як зьмену палітыкі, а як жэст добрай волі.

Яраслаў Раманчук адзначыў, што калі Ўсясьветны Банк усё ж выдзяліў Беларусі невялікую суму, то Міжнародны Валютны Фонд пакуль толькі вывучае сытуацыю. У гэты аўторак скончыўся візыт чарговай місіі Фонду, высновы якой не вызначаліся аптымізмам”.

(Раманчук: ) “МВФ адзначыў некаторыя пазытыўныя перамены: змяншэньне інфляцыі і лібэралізацыю валютнгага рынку. Аднак разам з гэтым былі адзначаныя і вельмі нэгатыўныя тэндэнцыі, сярод якіх рост запазычанасьці па выплаце як падаткаў, гэтак і заробкаў, а таксама рост непрададзеных запасаў. Гэтыя тэндэнцыі могуць прывесьці да вельмі жорсткага крызысу. У сераду я размаўляў з прадстаўнікамі місіі Фонду і яны вельмі скептычна ставяцца да пэрспэктываў выдзяленьня Беларусі крэдыту stand by”.

А вось меркаваньне экспэрта Міжнароднай фінансавай карпарацыі Леаніда Злотнікава.

(Злотнікаў: ) “У Беларусі значна паменшылася інфляцыя, курс даляру стаў больш стабільны і гэта дало падставы для міжнародных фінансавых арганізацыяў зрабіць адзін крок насустрач. Калі беларускі ўрад зрабіў пэўныя крокі па стабілізацыі эканомікі і лібэралізацыі цэнаў, то ў міжнародных арганізацыях прынята ў такіх выпадках рабіць крок у адказ. Што тычыцца Ўсясьветнага банку, то ён выдзяліў крэдыт у 22 мільёны даляраў выключна на сацыяльныя мэты. Зараз дырэктары Ўсясьветнага Банку лічаць, што сацыяльныя праграмы трэба падтрымліваць незалежна ад палітычнага рэжыму. Таму яны і далі гэтыя грошы. І яшчэ варта адзначыць, што заўсёды ішлі спрэчкі паміж тымі, хто лічыў, што Беларусь трэба ізаляваць з прычыны пануючага тут рэжыму, і тымі, хто адстойваў палітыку “малых крокаў насустрач”. Я мяркую, што зараз перамаглі прыхільнікі апошняга падыходу”.


XS
SM
MD
LG