Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЎМЕШВАЕЦЦА РАДЫЁ СВАБОДА ВА ЎНУТРАНЫЯ СПРАВЫ БЕЛАРУСІ?


Ул.інф.

(Лукашук: ) “Беларусь ёсьць сябрам ААН і падпісантам Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Артыкул 19 гэтай Дэклярацыя зьяўляеца, з пункту гледжаньня міжнароднага права, абгрунтаваньнем дзейнасьці РС/РСЭ. Гэты артыкул гарантуе права зьбіраць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю ды ідэі незалежна ад межаў. Такія дзеяньні ня ёсьць умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны. Не ацэньваюць жа менскія ўлады тэлевізійнае вяшчаньне з Масквы ў Беларусь як умяшаньне ва ўнутраныя справы. Больш за тое, беларускае дзяржаўнае радыё дзесяцігодзьдзямі вядзе сваё вяшчаньне на кароткіх хвалях, накіраванае на аўдыторыю за мяжой. Вядомы сьвятар, айцец Надсан, якому, дарэчы, сёньня 75 гадоў, расказваў мне, што рэгулярна слухае ранішнія выпускі перадачы “Радыёфакт” у Лёндане. Брытанская карона пакуль не заяўляла пратэсту.

Ці карэктна ацаніць павелічэньне вяшчаньня як недружалюбны крок? Па-мойму, той факт, што дзякуючы амэрыканскім грамадзянам, што плоцяць падаткі, на якія ўтрымліваюцца перадатчыкі Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі, жыхары любой краіны – ад Іраку да Югаславіі, ад Украіны да Туркмэніі – будуць лепш паінфармаваныя – гэта акт, безумоўна, дружалюбны. Прэзыдэнты Чэхіі і Эстоніі, Польшчы і Баўгарыі, Румыніі і Літвы ад імя сваіх народаў выказвалі і выказваюць удзячнасьць Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа”.

(Радкевіч: ) “Паводле расейскага інфармацыйнага агенцтва НОВОСТИ, Аляксандар Лукашэнка расцаніў павелічэньне вяшчаньня Беларускай службы Радыё Свабода як спробу апазыцыі масіравана ціснуць на насельніцтва. А вось у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс, у “нацыянальным сходзе Беларусі” спадзяюцца, што пашырэньне аб’ёму вяшчаньня павялічыць аб’ектыўнасьць інфармацыі, больш поўна будзе прадстаўленае меркаваньне выканаўчай і заканадаўчай уладаў. Што тут можна сказаць?”

(Лукашук: ) “Давер слухача можна ўтрымаць толькі аб’ектыўнасьцю. У эфіры “Свабоды” рэгулярна гучаць галасы прэсавых прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў, міністэрства унутраных справаў, пракуратуры, але я пагаджуся – афіцыйных галасоў менш, чым галасоў прадстаўнікоў партыяў, недзяржаўных арганізацыяў, незалежных экспэртаў, удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі ад апазыцыі. Першая прычына – афіцыйны пункт гледжаньня шырока прадстаўлены ў беларускім інфармацыйным полі, да яго лёгкі доступ на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, у афіцыйным друку. Апазыцыя такой магчымасьці ня мае. Хаця я асобна падкрэсьлю – Радыё Свабода ня ёсьць рупарам апазыцыі, якой-небудзь партыі ці руху.

Другая прычына – афіцыйныя асобы надзвычай неахвотна пагаджаюцца гаварыць перад мікрафонам “Свабоды”, асабліва па-за межамі Менску. Журналістам значна лягчэй атрымаць камэнтар прэс-сакратара КГБ Фёдара Котава, чым сакратара сэльсавета ці якога-небудзь прадстаўніка вэртыкалі. Апроч таго, у нас беларускі эфір, і дыскусіі з суразмоўцамі ў Беларусі мы вядзем па-беларуску – што не для ўсіх па сілах. Паўтару, мы заўсёды імкнемся атрымаць меркаваньне афіцыйнага боку, калі матэрыял таго вымагае. Праўда, на сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі журналістам “Свабоды” не ўдалося патрапіць”.

(Радкевіч: ) “І яшчэ цытата: “Свабода павінна быць для ўсіх, а ня толькі для абраных”, так заявіў сёньня ў інтэрвію Інтэрфаксу намесьнік кіраўніка камісіі ў міжнародных справах Анатоль Красуцкі”.

(Лукашук: ) “Добра сказана. Гэта зразумелі ва ўсёй Эўропе – Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе вяшчаньне Радыё Свабода ажыцьцяўляецца, як за часам халоднай вайны, з замежных перадатчыкаў. Гэта ў той час, як нават у суседніх Расеі, Украіне, Літве слухачы даўно ўжо маюць “Свабоду”, якая гучыць на мясцовых станцыях, дзяржаўных і прыватных. Калі б на такі крок пайшло кіраўніцтва Беларусі, гэта было б вельмі дружалюбным актам у дачыненьні да Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG