Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭКАНСТРУЯВАНАЯ МЕНСКАЯ КАЛЬЦАВАЯ ДАРОГА МОЖА ПРАЙСЬЦІ ПРАЗ КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Курапаты

Калі я ехала на таксоўцы ў Курапаты, кіроўца, даведаўшыся пра праблему, што ўзьнікла ў сувязі з рэканструкцыяй кальцавой дарогі, адразу ж выказаў сваё меркаваньне.

(Кіроўца: ) "Мы не павінны забывацца пра людзей, што жылі да нас, не павінны быць абыякавымі да іхных астанкаў. Гэта нашыя продкі, нашая зямля, яна — адзіная. Ёсьць людзі, якім ня ўсё роўна".

І вось я на месцы, дзе знаходзяцца астанкі ахвяраў масавых рэпрэсіяў 1930–40-х гадоў. У Курапатах ціха. Людзей няма. Толькі чутна, як праяжджаюць машыны. Верагодна, пашырэньне кальцавой дарогі адбудзецца менавіта ў бок Курапатаў. Я іду далей і адразу заўважаю шмат сьмецьця — рэшткі вогнішча, на траве ляжыць каля 20 бутэлек з-пад піва. Чутна, як непадалёк сякуць дрэвы.

Я знаходжуся ля мэмарыяльнага знаку "Ад народа Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці", які некалькі тыдняў таму быў разбураны. Цяпер помнік адноўлены, але ж побач зь ім шмат бруду — ляжаць паперы й цыгарэты.

Нагадаю, што ўчора ўправа Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зьвярнулася з адкрытым лістом да Савету Міністраў Беларусі, у якім гаворыцца, што недапушчальна абгрунтоўваць мэтазгоднасьць пракладкі кальцавой дарогі праз Курапаты эканамічнымі інтарэсамі. У сувязі з рэканструкцыяй кальцавой дарогі нельга паўтараць злачынствы, якія былі ўчыненыя падчас ейнага будаўніцтва, новая дарога павінна прайсьці ў абыход урочышча Курапаты. У адкрытым лісьце нагадваецца, што Курапатам у адпаведнасьці з Законам "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" як месцу згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

Пакуль я была ў Курапатах, сюды на машыне пад'ехалі трое мужчынаў з касілкамі і піламі. Гэта былі работнікі Ждановіцкага лясгасу. Яны зьбіраліся пакасіць траву каля дарогі, а таксама зьняць Курапацкі ўказальны знак. Паводле рабочых, драўляны знак ужо спарахнеў і яго трэба мяняць.

(Карэспандэнтка: ) "І дзе цяпер будзе гэты знак?"

(Рабочы: ) "Дзе-небудзь тут — ля гэтага помніка прыставім, альбо да другога".

(Карэспандэнтка: ) "Гэты знак прыбіраюць у сувязі з рэканструкцыяй кальцавой дарогі?"

(Рабочы: ) "Не пакуль што. Яно будзе колькі выразацца. Калі гэты праект будзе, стане вядома — колькі мэтраў ад дарогі. Вось хто ставіў гэты знак? Людзі. Чаму людзі не глядзяць за ім?"

Калі я пакідала Курапаты, тут касілі траву. Магчыма, сёньня ўвечары здымуць указальнік, на якім напісана: "Тут, у лясным масіве Курапаты знаходзяцца астанкі ахвяраў масавых рэпрэсіяў 1937–1941 гг. Памяць пра іх будзе жыць у нашых сэрцах".

Як паведамілі сёньня Радыё Свабода ў прадпрыемстве "Магистральавтодор", якое непасрэдна будзе займацца рэканструкцыяй менскай кальцавой дарогі, плянуецца прыняць пэўныя меры перасьцярогі дзеля захаваньня ўрочышча Курапаты. Паводле кіраўніка аддзелу гэтага прадпрыемства Васіля Селіванава, зробяць адмысловыя бэтонныя падпоркі, каб на месца, дзе ляжаць астанкі людзей, ня сыпаўся пясок. Але ж даволі складана ўявіць, як думаюць не закрануць гэтае месца, калі тут пачнуць працаваць бульдозэры ды іншая будаўнічая тэхніка.


XS
SM
MD
LG