Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРЫЕДУЦЬ НА ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ МІЖНАРОДНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: каардынатары грамадзянскіх ініцыятываў: “Незалежнае назіраньне” – Алесь Бяляцкі і “Хартыя-97” – Андрэй Саньнікаў.

(Дракахруст: ) “Няпэўнасьць з запрашэньнем на прэзыдэнцкія выбары назіральнікаў ад АБСЭ ўсё больш набывае рысы пэўнасьці. Усё больш падаецца, што такое запрашэньне можа быць і ўвогулле не накіраванае. Пасьля саміту СНД у Сочы Аляксандар Лукашэнка зрабіў намёк на тое, што хопіць і назіральнікаў з краінаў Садружнасьці. Учора Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ выступіла з заяваю, у якой паведаміла, што – “беларускія ўлады робяць перашкоды эфэктыўнаму правядзеньню міжнароднага назірання”.

Нагадаю, што праграма доўгатэрміновага назіраньня, распрацаваная Бюро, ужо сарваная – першая каманда назіральнікаў мусіла прыбыць у Беларусь ужо 1 жніўня, але беларускі бок адмовіўся выдаць візы сябрам гэтай групы. Разам з тым МЗС Беларусі паўтарае, што запарашэньне будзе ў хуткім часе накіраванае.

На Ваш погляд, што азначае гэтая адтэрміноўка: ці проста сродак патрапаць нэрвы, паказаць, хто галоўны, ці гэта шантаж – “мы запросім вас, калі вы пойдзеце на нейкія саступкі”, ці ўжо прынятае сьвядомае рашэньне, што міжнародныя назіральнікі на беларускія выбары дапушчаныя ня будуць? Сп-р Саннікаў, Вашае меркаваньне”.

(Саньнікаў: ) “Тыдзень таму я ўжо казаў па Вашым радыё, што на мой погляд, улады зараз будуць рабіць усё, каб назіральнікі, калі і патрапілі ў Беларусь, то знаходзіліся б тут абмежаваны тэрмін. Відавочна, што зараз працуе той плян, які мы бачылі ў кастрычніку мінулага году падчас так званых парлямэнцкіх выбараў, калі былі запрошаныя так званыя альтэрнатыўныя назіральнікі. Я ўпэўнены, што такія сьпісы ўжо складзеныя і мы ўбачым да болю знаёмыя твары перш за ўсё расейскіх сяброў Лукашэнкі, якія будуць выконваць функцыю як бы назіраньня”.

(Дракахруст: ) “Алесь, а як Вы лічыце, што азначаюць такія паводзіны беларускіх уладаў? На Ваш погляд, назіральнікі ад АБСЭ нарэшце будуць на выбарах ці іх ня будзе?”

(Бяляцкі: ) “Пляны АБСЭ сутыкаюцца з жорсткай рэчаіснасьцю, якая ў нас існуе, і доўгатэрміновае назіраньне ўжо сапраўды фактычна сарванае, бо немагчыма атрымаць поўнае ўяўленьне пра выбары, калі не адсочваць папярэдні працэс фармаваньня выбарчых камісіяў, рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты і г.д. І тое, што ўлады такім няўклюдным чынам спрабуюць сарваць міжнароднае назіраньне, гэта не ідзе ім на карысьць. Я мяркую, што гэта будзе ацэнена вельмі нэгатыўна міжнароднымі інстытутамі. І спробы схаваць масавыя парушэньні, якія ідуць зараз пры фармаваньні камісіяў, яны не атрымаюцца. Мы маем шчыльны кантакт з БДІПЧ і дадзеныя пра тое, што грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі амаль не прадстаўленыя ў выбарчых камісіях, ужо перададзеныя туды”.

(Дракахруст: ) “Кіраўнік Бюро Жэрар Студман у сваёй учорашняй заяве падкрэсьліў, што “ніколі раней ніводная з краінаў-удзельніц АБСЕ не адмаўляла прадстаўнікам БДІПЧ у запрашэньні для правядзеньня назіраньня за выбарамі. Гэта відавочнае парушэньне міжнародных абавязкаў беларускім урадам". Якія наступствы гэта можа мець? Калі сябра нейкай арганізацыі адмаўляецца выконваць правілы, прынятыя ў ёй, ён можа быць выключаны з гэтай арганізацыі. Ці магчыма гэта ў дадзеным выпадку?”

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што такая магчымасьць ёсьць. Я ня ведаю, ці будзе гэта рабіць АБСЭ, бо там ёсьць Расея, якая заўсёды падтрымлівала беларускі рэжым. Але можна прыгадаць, як сяброўства Югаславіі было прыпыненая ня толькі ў АБСЭ, але і ў ААН, пакуль там не зьмяніўся рэжым. Так што гэтая магчымасьць ня толькі існуе абстрактна, яна ўжо была выкарастаная”.

(Дракахруст: ) “Некалькі тыдняў таму старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Вешнякоў паведаміў пра магчымасьць таго, што расейскія назіральнікі за выбарамі ў Беларусі прыбудуць у складзе агульнай назіральнай місіі АБСЭ. Зараз АБСЭ не атрымлівае запрашэньня. Якую рэакцыю Масквы можна прагназаваць? Ці будзе яна ціснуць на афіцыйны Менск, каб той ўсё ж запрасіў назіральнікаў АБСЭ?”

(Саннікаў: ) “Я лічу, што зараз Расея будзе рабіць пэўны ціск на Лукашэнку ў гэтым пытаньні. Але я ўпэўнены, што ўжо ёсьць каманда назіральнікаў з расейскай Дзярждумы, якіх мы ўжо бачылі на кастрычніцкіх выбарах, і якія зноў прыедуць, каб падтрымаць Лукашэнку”.

(Дракахруст: ) “Алесь, а які Ваш адказ на гэтае пытаньне?”

(Бяляцкі: ) “Пазыцыя Цэнтарвыбаркаму Расеі была вельмі непрыемнай нечаканасьцю для нашага ЦВК і для беларускіх уладаў увогуле. Намер расейскага ЦВК выступаць супольна з АБСЭ – такая пазыцыя вельмі нявыгадная для нашых уладаў. Зараз яны робяць усё, каб паспрабаваць аддзяліць, адасобіць Расею ад БДІПЧ АБСЭ. Што тычыцца “дзікіх” назіральнікаў, як мы іх паміж сабой называем, то яны, безумоўна, будуць. Але тое, што і сам сп-р Вешнякоў, і ўвесь Цэнетарвыбаркам Расеі заняў такую пазыцыю, гэта сьведчыць, што стаўленьне Расеі да сытуацыі ў Беларусі неадназначнае”.

(Дракахруст: ) “Андрэй, Вы ўжо прыгадалі досьвед леташніх выбараў у так званую “палату прадстаўнікоў”. Тады беларускія ўлады практыкавалі сыстэматычныя і масавыя парушэньні выбарчага заканадаўства, і гэта скончылася тым, што міжнародныя арганізацыі проста адмовіліся накіроўваць сваіх назіральнікаў у Беларусь. Цяперашняя сытуацыя ў чымсьці адваротная – міжнародныя арганізацыі імкнуцца накіраваць назіральнікаў, а афіцыйны Менск гэтаму перашкаджае. Але ці ня можа і зараз здарыцца так, што АБСЭ заявіць, што у такіх умовах яна адмаўляецца ад пасылкі назіральнікаў, і такім чынам міжнародная супольнасьць аўтаматычна прызнае выбары нелегітымнымі і несапраўднымі?”

(Саннікаў: ) “Я не выключаю такой магчымасьці, але думаю, што АБСЭ не адмовіцца. Калі тэрмін запршэньня назіральнікаў будзе адцягвацца яшчэ далей, то АБСЭ можа прыняць рашэньне, што ўмовы не дазваляюць ажыцьцявіць ня толькі паўнавартастнае, але і кароткатэрміновае назіраньне. Але мы падрыхтаваныя і да гэтага. У гэтым выпадку міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і АБСЭ, усю інфармацыю будуць атрымліваць выключна ад нацыянальнага, унутранага назіраньня”.

(Дракахруст: ) “Да досьведу Югаславіі ў Беларусі зьвяртаецца і ўлада, і апазыцыя. Але ў межах той тэмы, якую мы абмяркоўваем, варта прыгадаць, што на леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Югаславіі міжнародныя назіральнікі ўвогуле не былі дапушчаныя. Тым ня менш нацыянальная сыстэма назіральньня здолела канстатаваць перамогу Ваіслава Каштуніцы. Ці зможа беларускае нацыянальнае назіраньне спрацаваць у выпадку, калі міжнародных назіральнікоў не дапусьцяць на прэзыдэнцкія выбары?”

(Бяляцкі: ) “Зможа, я ў гэтым упэўнены. Калі ня будуць ужытыя нейкія вельмі драматычныя сродкі, калі ўсё будзе рабіцца ў межах цяперашняга закону аб выбарах, то 80-90% выбарчых участкаў будуць кантралявацца нашымі назіральнікамі. І мы здолеем даволі хутка і апэратыўна атрымаць сапраўдныя лічбы вынікаў гэтых выбараў”.

(Дракахруст: ) “Алесь, а тады ў чым карысьць і сэнс міжнароднага назіраньня?”

(Бяляцкі: ) “У прысутнасьці міжнародных назіральнікаў выбары заўсёды праходзяць у больш дэмакратычнай, празрыстай форме, улады ўстрымліваюцца ад самых грубых парушэньняў. Акрамя таго, самі замежныя назіральнікі могуць на свае вочы ўбачыць масавыя парушэньні, калі яны адбываюцца. І гэтыя іх уражаньні робяцца моцным аргумантам пры вырашэньні міжнароднымі арганізацыямі пытаньня, ці лічыць выбары дэмакратычнымі. Мы зацікаўлены ў тым, каб міжнародныя назіральнікі былі. Я лічу, што калі яны нават ня будуць запрошаныя своечасова, магчымы той варыянт, які быў ужыты падчас выбараў у “палату” – накіраваньне тэхнічнай групы БДІПЧ. Тады прыехалі 15 чалавек, якія вельмі актыўна працавалі апошні тыдзень. Магчыма, назіраньне будзе хаця б у такім фармаце. Калі ж і ім забароняць прыехаць на выбары, тады адразу можна сьцьвяржаць, што АБСЭ не прызнае вынікі гэтых выбараў”.


XS
SM
MD
LG