Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЧАРЫК І ДОМАШ ЗАМАРОЗІЛІ ПЕРАМОВЫ Ў СПРАВЕ ПАДПІСАНЬНЯ АДМЫСЛОВАГА ПАГАДНЕНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аб'яднаны штаб Уладзімера Ганчарыка накіраваў сёньня раніцай камандзе Сямёна Домаша свой варыянт пагадненьня паміж двума гэтымі палітыкамі.

Паводле гэтага праекту, тэкст пагадненьня аб разьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў пасьля магчымай перамогі на выбарах адзінага кандыдата павінен быць зацьверджаны з удзелам усіх сяброў пяцёркі, а не паміж спадарамі Ганчарыкам і Домашам. Такім чынам, пасаду будучага прэм'ера тэарэтычна можа заняць любы сябар пяцёркі.

У праекце пагадненьня таксама нічога не гаворыцца аб правядзеньні выбараў у новы парлямэнт, якія маглі б прайсьці неўзабаве пасьля магчымай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата.

У выбарчым штабе Сямёна Домаша праект пагадненьня, выпрацаваны камандай Уладзімера Ганчарыка, выклікаў рэзка адмоўную рэакцыю. Нагадаем, што паводле праекту, падрыхтаванага лідэрамі партыяў, сябрамі Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў і штабам Домаша, менавіта ён, Сямён Домаш, за якога сабралі больш за 160 000 подпісаў выбарцаў, у выпадку перамогі на выбарах Уладзімера Ганчарыка павінен стаць прэм'ерам Беларусі з шырокімі паўнамоцтвамі.

У штабе спадара Домаша нават адбылася тэрміновая нарада ў справе камандай Уладзімера Ганчарыка праекту. Увечары, перад паседжаньнем пяцёркі, адбылася сустрэча паміж спадарамі Домашам і Ганчарыкам. У выніку была дасягнутая дамоўленасьць, што пытаньне пагадненьня будзе замарожанае як мінімум да моманту рэгістрацыі кандыдатаў Цэнтарвыбаркамам. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Ніякага пагадненьня мы пакуль ня будзем падпісваць. Будзем чакаць рэгістрацыі, там будзе бачна ўсё. Ёсьць дамоўленасьць пяцёркі, што ўсе тыя падзеі, што будзе адбывацца, будуць адбывацца пасьля рэгістрацыі. Так што давайце пачакаем гэтага моманту. Чаму гэтае пагадненьне ўзьнікла і хто яго ўкінуў у прэсу – я ня ведаю. Гэта былі звычайныя рабочыя размовы, на ўсялякі выпадак. Можа і спатрэбіліся б яны, а можа яны наогул не спатрэбяцца".

Спадары Ганчарык і Домаш гавораць, што ўсе ранейшыя рашэньні ў справе вылучэньня адзінага кандыдата застаюцца ў сіле. Уладзімер Ганчарык сказаў, што ніякіх дадатковых пагадненьняў яны з Домашам падпісваць ня будуць, а будуць разам працаваць дзеля перамогі на верасьнёўскіх выбарах.
XS
SM
MD
LG