Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІЦТВА АГП АБВЕРГЛА ЗАЯВЫ ЗІМОЎСКАГА ПРА “ПЛАТНУЮ ПАЛІТЭМІГРАЦЫЮ”


Любоў Лунёва, Менск

У праграме "Рэзананс", якую ўжо некалькі разоў паўтаралі на дзяржаўным тэлебачаньні, Аляксандар Зімоўскі распавёў пра двух жыхароў Барысава, якія сьцьвярджалі, што кіраўнік Рады АГП Заводзкага раёну Менску Тадэвуш Радзько паабяцаў накіраваць іх на Захад у палітэміграцыю. Ён нібыта ім казаў, што партыя раней туды выправіла Віктара Ганчара і Юр'я Захаранку. Тадэвуш Радзько нібыта ўзяў зь іх па 500 даляраў, але абяцаньня ня выканаў.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода, што партыя вымушаная зьвярнуцца ў суд, каб прыцягнуць да адказнасьці за паклёп Белдзяржтэлерадыёкампанію. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Распачатую на Беларускім дзяржаўным тэлебачаньні кампанію супраць Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая скіраваная на яе дыскрэдытацыю, мы разглядаем як заплянаваную акцыю — контаракцыю на тую кампанію, якую праводзіць наша партыя пад агульнай назвай "Хочам ведаць праўду". Гэтая акцыя скіраваная на тое, каб давесьці да ведама грамадзкасьці інфармацыю пра скрадзеных у Беларусі палітыкаў і журналістаў".

Анатоль Лябедзька дадаў, што героі сюжэту з Барысава ніколі не былі сябрамі АГП, а спадар Радзько ўвесну быў выключаны з партыі за тое, што падманам атрымаў тры білеты ў выканкаме.

(Лябедзька: ) " Нас зьдзіўляе, што справай займаецца Міністэрства юстыцыі, а не пракуратура Рэспублікі Беларусь. Нас зьдзіўляе і тое, што на працягу тыдня ніводны сьледчы ні па справе Юр'я Захаранкі, ні па справе Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага не завітаў да нас, не зрабіў выняцьця дакумэнтаў, не ўчыніў допыту мяне ці іншых кіраўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Для іх жа папросту шчасьце атрымаць нарэшце адказ на пытаньні "Дзе Захаранка? Дзе Ганчар?".

Таму мы робім выснову, што насамрэч ніхто не праводзіць ніякага расьсьледаваньня. Альбо лухта на Беларускім тэлебачаньні прыняла такія маштабы, што людзі ў пагонах папросту не рэагуюць на тое, што адбываецца на БТ".

Мы зьвярнуліся да Валер'я Кабака, які фігуруе ў гэтым канфлікце. Ён абураны тым, што дзяржаўнае тэлебачаньне не атрымала ягонага дазволу на выкарыстаньне матэрыялаў прыватнай справы для сюжэта на тэлебачаньні.

(Кабак: ) "Тое, што казалі на тэлебачаньні, не адпавядала рэчаіснасьці. Мы намагаліся прыцягнуць да адказнасьці Тадэвуша Радзька за махлярства. Ён узяў нашы грошы, увесь час абяцаў аддаць і так і не аддаў. А ў сюжэце абвінавацілі Аб'яднаную грамадзянскую партыю, што яна нібыта ладзіць калідор на Захад. Гэта ня так. Увогуле, я лічу, што АГП ня мае ніякага дачыненьня да зьнікненьня Юр'я Захаранкі й Віктара Ганчара. Тое, што мяне выкарысталі, вельмі непрыемна".

Сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі плянуюць стаць у пікеце насупраць тэлецэнтра з партрэтамі зьніклых Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, каб прыцягнуць увагу праваахоўчых органаў да інфармацыйнай палітыкі дзяржаўнага тэлебачаньня.
XS
SM
MD
LG