Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: У БЕЛАРУСІ НЯ БУДЗЕ КАШТУНІЦЫ, БУДЗЕ ГАНЧАРЫК!


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў прэс-клюбе Беларускае асацыяцыі журналістаў адбылася сустрэча з Уладзімерам Ганчарыкам, які раніцай вярнуўся з Масквы. Пра свае ўчорашнія перамовы з расейскімі палітыкамі ён распавёў:

(Ганчарык: ) "Ну, з кім сустракаліся, я ня буду гаварыць, былі шырокія кантакты. Але вырашаныя тыя пытаньні, якія не вырашаліся. У тым ліку, скажам так, і ў сродках масавай інфармацыі, і ў палітычных пытаньнях, у ацэнцы сытуацыі. І я сёньня буду працягваць гэтыя кансультацыі. Вельмі цікавыя станоўчыя зрухі ў ацэнцы сытуацыі ў нашай краіне".

Крыху пазьней спадара Ганчарыка спыталі, ці будзе ён выступаць з агітацыяй на Беларускім тэлебачаньні.

(Ганчарык: ) "БТ? Я не разглядаў гэтага пытаньня. Я буду ўдзельнічаць на расейскіх каналах — гэта дакладна. Я таксама думаю, што Беларускае тэлебачаньне мне дапаможа здорава, вядома. Нават калі паказвае такім чынам".

(Нейкі журналіст: ) "Вы там непрыгожы!"

(Ганчарык: ) "Ну што рабіць..."

А на пытаньне, ці сустракаўся ён з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, ён даў гэткі адказ:

(Ганчарык: ) "Не, у мяне сустрэчы не было ў адміністрацыі Пуціна. Але зь людзьмі, якія працуюць з гэтай адміністрацыяй, — з пэўнымі асобамі — была".

Уладзімер Ганчарык пракамэнтаваў адмову афіцыйнага Менску запрасіць на выбары міжнародных назіральнікаў зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, працытаваўшы свайго канкурэнта — Аляксандра Лукашэнку: "Гэта дывэрсанты, шпіёны й фальсыфікатары". А потым спадар Ганчарык перайшоў на сур'ёзны лад і заявіў:

(Ганчарык: ) "Мая пазыцыя заўсёды была — каб былі міжнародныя назіральнікі. Але галоўную ролю павінны адыграць нашы ўласныя. І я павінен сказаць вам, што тыя брыгады, якія ствараюцца ў нас для працы з насельніцтвам, з выбарцамі, будуць працаваць і на выбарчых участках".

На пытаньне, ці па кішэні сёньняшняй Беларусі маштабныя вайсковыя вучэньні, Уладзімер Ганчарык адказаў гэтак: "Не па кішэні й цяперашняя армія".

А што будзе з Аляксандрам Лукашэнкам пасьля выбараў?

(Ганчарык: ) "Ужо ж Калякін адказаў — лепш не адкажаш: "Будзе жыць. Па законе". А сур'ёзна... Усе пралікі ў эканамічнай сфэры, у эканоміцы — за гэта не патрэбна караць. Таму што людзі зрабілі выбар, працаваў як умеў.

А вось другое — калі штосьці зьвязанае там зь людзьмі, у гэтай справе... За ўсё патрэбна адказваць. Вось вы напомнілі, я прачытаю — мне запіску перадалі: "Уладзімер Іванавіч! Алкаеў згодны з тым, каб Вы пацьвердзілі сёньня: рапарт напісаны Алкаевым уласнаручна".

Чалавек за межамі рэспублікі. Якія яшчэ доказы трэба, які доказ яшчэ прэзыдэнту трэба, якая мужнасьць у яго мусіць быць, каб ён аддаў загад расьсьледаваць гэтую справу й адхіліць тых, хто аддаваў загады расстрэльваць людзей? І хто выконваў..."

Нагадаю, што менавіта ад Уладзімера Ганчарыка журналісты атрымалі копіі дакумэнтаў пра існаваньне ў Беларусі дзяржаўнага "эскадрону сьмерці". Гэтыя дакумэнты падпісалі супрацоўнікі МУС генэрал-маёр Лапацік і палкоўнік Алкаеў. Ад апошняга сёньня й прыйшло пацьверджаньне сапраўднасьці ягонага рапарту.

Уладзімер Ганчарык адказаў сёньня й на пытаньне, што будзе ён пасьля сваёй перамогі рабіць з "царскімі паўнамоцтвамі" прэзыдэнта.

(Ганчарык: ) "Ведаеце што... На першым этапе гэтымі царскімі паўнамоцтвамі, каб штосьці вырашыць, трэба скарыстацца. Гэта першае.

Па-другое, была Канстытуцыя 1994-га году. Давайце да яе вернемся й паглядзім. І зробім так, каб збалянсаваць гэтую ўладу. Я ўпэўнены, што трэба даць больш прасторы для працы ўраду краіны. Пра парлямэнт я ўжо гаварыў, гэты павінен выконваць функцыі кантролю — бюджэту, народных сродкаў. Вось гэта галоўнае. І незалежнасьць судовай сыстэмы.

Першыя сто дзён павінны ўсё расставіць на месцы".

Пасьля сустрэчы з журналістамі Ўладзімер Ганчарык накіраваўся на чарговае паседжаньне пяцёркі, якая, дарэчы, пераўтварылася ў "сямёрку": апрача Міхаіла Марыніча, да яе нядаўна далучыўся Аляксандар Ярашук, таксама прафсаюзны дзеяч і ўжо былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG