Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ У МАГІЛЁВЕ ПАЧАЎ АБЫХОД КВАТЭРАЎ З ЗАКЛІКАМ ДА ЎДЗЕЛУ Ў ВЫБАРАХ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Кіраўнікі філіі плянуюць штодня абыходзіць 50–100 кватэраў, нумары якіх супадаюць з колькасьцю дзён, якія засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў. Напрыклад, сёньня маладафронтаўцы абышлі некалькі дзясяткаў кватэраў №32 — менавіта праз столькі дзён адбудуцца выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Маладзёны тэлефанавалі ў дзьверы, ветліва віталіся, віншавалі магілёўцаў са сьвятам, якое чакае іх у верасьні. Паводле меркаваньня ініцыятараў акцыі, 9 верасьня стане сьвятам, калі зьменіцца прэзыдэнцкая ўлада ў Беларусі.

Жыхары, якія адчынялі дзьверы, атрымлівалі ў падарунак календары, улёткі, налепкі, буклеты. Вось як растлумачыў мэты гэтай акцыі намесьнік старшыні Магілёўскай гарадзкой арганізацыі Маладога Фронту Дзяніс Мельянцоў:

(Мельянцоў: ) "Справа ў тым, што гэткая акцыя плянавалася ўжо даўно, але вырашылі мы яе правесьці менавіта за месяц да выбараў. Акцыя "Зваротны адлік" мае на мэце наступнае:

1. Даведацца пра нфармаванасьць насельніцтва аб маючых адбыцца выбарах.

2. Распавесьці магілёўцам пра выбары, неабходнасьць удзелу ў іх.

3. Стварэньне пазытыўнага перадвыбарчага пасылу. Калі да Вас прыходзяць маладыя людзі з усьмешкай на твары і запрашаюць вас прыйсьці на выбарчы ўчастак ды яшчэ ў якасьці падарунка даюць каляндарык ды налепкі, гэта ўсё стварае пазытыўнае ўражаньне, жаданьне сапраўды прыняць удзел у выбарах.

4. Яшчэ адной мэтай акцыі ёсьць інфармаваньне пра кампанію "Выбірай!" і плянаваныя ў ейных межах акцыі".

Магілёўскі Малады Фронт плянуе працягваць акцыю "Зваротны адлік" штодзень ажно да выбараў.

Па-рознаму рэагавалі жыхары гораду на гэтую моладзевую ініцыятыву. У многіх кватэрах людзі казалі, што абавязкова прыйдуць на выбары. Камусьці падабалася, што ім прапаноўваюць каляндарыкі. Іншыя насьцярожана выслухоўвалі, казалі, што галасаваць ня будуць увогуле.

Аднак у некаторых дамах амаль усе прыязна сустракалі маладых апазыцыянэраў. Жыхары гэтых дамоў яшчэ памятаюць, як маладзёны зьбіралі подпісы за ўвядзеньне новага маршруту аўтобуса ад чыгуначнага вакзалу да прамысловага аб'яднаньня "Хімвалакно". За гэтую ініцыятыву тады падпісаліся больш як 500 магілёўцаў. Аднак улады разгледзелі гэты ліст і адмовіліся ўвесьці новы маршрут. Тым ня менш гэтая ініцыятыва выклікала сымпатыю падпісантаў да маладзёнаў — гэтым разам яны ахвотна адчынялі ім дзьверы. У гэтым выпадку маладафронтаўцы прапаноўвалі ўлёткі, якія сьцьвярджалі, што калі падпісанты пойдуць на выбары, то тады на маршрут выйдзе новы аўтобус.

Маладафронтаўцы маюць намер прапанаваць іншым дэмакратычным моладзевым аб'яднаньням падтрымаць гэтую акцыю. Яе будуць ладзіць цягам усёй перадвыбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG