Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА ЗАПРАШАЦЬ НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле Выбарчага кодэксу, права запрашаць міжнародных назіральнікаў на выбары ў Беларусь маюць урад, так званы Нацыянальны сход, кіраўнік дзяржавы, МЗС і Цэнтарвыбаркам. Шмат запрашэньняў яны ўжо накіравалі, але, нягледзячы на шматлікія папярэднія абяцаньні запрасіць назіральнікаў ад АБСЭ і БДІПЧ, гэтыя структуры дасюль праігнараваныя. Запрашэньне ў гэтыя міжнародныя арганізацыі, паводле статусу, павінен накіроўваць толькі МЗС — паведаміў начальнік упраўленьня працы з замежнымі назіральнікамі Цэнтарвыбаркаму Валеры Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) "Міжнароднымі арганізацыямі займаецца МЗС, па факце да мяне прыходзяць паперы з прозьвішчамі, лісты заяваў, я акрэдытую іх, уношу ў сьпіс — і ўсё".

Валеры Юрэвіч сказаў, што ніякія дакумэнты на прадстаўнікоў БДІПЧ зь беларускага МЗС у ЦВК не паступалі. У Цэнтральнай выбарчай камісіі пацьвярджаюць, што так званае доўгатэрміновае назіраньне за выбарчай кампаніяй не супярэчыць заканадаўству.

(Юрэвіч: ) "Асацыяцыя арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы была ўжо зь першай місіяй. 8–9-га жніўня прыяжджаюць і будуць непасрэдна да выбараў назіральнікі ад гэтай асацыяцыі — адзін з Вугоршчыны і адзін з Расеі. Пазьней да іх далучыцца большая колькасьць людзей", — паведаміў кіраўнік упраўленьня інфармацыі і працы з замежнымі назіральнікамі ЦВК Валеры Юрэвіч.

Такім чынам, за месяц да дня галасаваньня прадстаўнікі Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы змогуць распачаць доўгатэрміновае назіраньне, а экспэрты з БДІПЧ — не. Чаму ва ўладаў такі выбарачны падыход?

Раней начальнік упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Андрэй Грынкевіч паведамляў, што на гэты конт вядуцца кансультацыі беларускага амбасадара ў АБСЭ Віктара Гайсёнка з кіраўніком Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Жэрарам Штудманам. Сёньня ён адмовіўся камэнтаваць гэтае пытаньне, спаслаўшыся на тое, што ў яго "няма інфармацыі і паўнамоцтваў".

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка паведаміў, што кансультацыі паміж МЗС Беларусі і БДІПЧ працягваюцца, але ён ня можа агучваць зьмест дыпляматычнай перапіскі.

Сёньня спадар Латушка змог фактычна толькі паўтарыць тыя абяцаньні, што неаднаразова гучалі:

(Латушка: ) "Беларусь зацікаўленая ў міжнародным назіраньні за маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. Адпаведныя запрашэньні ўжо накіраваныя шэрагу краін, шэрагу міжнародных арганізацыяў, і ўжо атрыманы пацьверджаньні ад некаторых арганізацыяў і асобаў аб згодзе ўдзельнічаць у гэтым назіраньні. Адпаведнае запрашэньне ў адпаведнасьці з тымі дакумэнтамі, якія падпісала Беларусь, будзе накіраванае ў бліжэйшы час і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ".

(Карэспандэнт: ) "Колькі можа цягнуцца вось гэты "бліжэйшы час", пра які вы ўжо гаворыце ўжо тры тыдні?"

(Латушка: ) "Зразумела, што ўжо ня так шмат засталося да прэзыдэнцкай кампаніі, таму і зразумела, што гэта і ёсьць той бліжэйшы час, які адбудзецца".

(Карэспандэнт: ) "Дзявятага верасьня?"

(Латушка: ) "Я думаю, што гэта будзе напэўна раней", — сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка.

Прадстаўнікі перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ад апазыцыі бачаць прычыну адмовы ў жаданьні ўлады пазьбегнуць аб'ектыўнага кантролю з боку міжнароднай супольнасьці. Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Лукашэнка баіцца прайграць. Ён мае дакладныя зьвесткі пра тое, што пры нармальным назіраньні ён ня выйграе выбараў. Я ў гэтым упэўнены, такія зьвесткі ёсьць і ў нас. Гэта таксама значыць, што ён хоча прызначыць сябе прэзыдэнтам незалежна ад вынікаў выбараў, і назіральнікі яму будуць толькі шкодзіць. Ужо ўсім становіцца відавочна, што Лукашэнка хоча агарадзіць Беларусь частаколам, каб ніхто ня бачыў, што тут робіцца".

Аляксандар Дабравольскі зазначыў, што апазыцыя зробіць належныя высновы і забясьпечыць масавае ўнутранае назіраньне, выставіўшы як мінімум па чатыры назіральнікі на кожны ўчастак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG