Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯРГЕЙ КАВАЛЁЎ: ПЕРАМОВЫ ТРЭБА ВЕСЬЦІ З ПРАЦІЎНІКАМІ, І СЫТУАЦЫЯ МАСКВА-ЧАЧЭНІЯ – НЕ ВЫКЛЮЧЭНЬНЕ


Сяргей Навумчык, Прага

З самага пачатку чачэнскага канфлікту – нагадаю, фэдэральныя войскі распачалі наступ на пачатку сьнежня 1994 году – паплечнік Андрэя Сахарава, праваабаронца Сяргей Кавалёў выступіў супраць прымяненьня сілы, прадракаючы, што “ельцынскі бліц-крыг” ператворыцца ў працяглую вайну. Сваёй прынцыповай пазыцыяй Сяргей Кавалёў заваяваў вялікі аўтарытэт на Захадзе – у чэрвені 95-га на міжнароднай кракаўскай канфэрэнцыі я быў сьведкам, як уся заля – міністры, амбасадары, парлямэнтры, журналісты – ўзьнялася і вітала Кавалёва авацыяй. Іншую рэакцыю выклікалі заявы Кавалёва ў самой Расеі.

Аднак словы праваабаронцы былі прароцкімі. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў, забітых ужо ў першыя тыдні вайны, вымяраецца тысячамі. З чачэнскага боку ахвяры вымяраліся ў дзясятках тысячаў. Нагадаю, што праз паўгода прадстаўнікі Міністэрства абароны Расеі заявілі, што да поўнага разгрому паўстанцаў засталося зусім няшмат, што большая частка тэрыторыі Чачэніі кантралюецца… І раптам – захоп Грознага, які раскрыў вочы расейскаму грамадзтву на хлусьню генэралаў, а Крэмль прымусіў пайсьці на перамовы. Я папрасіў Сяргея Кавалёва даць ацэнку падзеям 6 жніўня 1996 году.

(Кавалёў: ) “Ну што ж, менавіта гэтая падзея – на жаль – аказалася адзіным у той час эфэктыўным крокам да падпісаньня міру. Гэта вельмі сорамна ўсьведамляць. Сорамна ўсьведамляць, што мірныя пагадненьні, падпісаныя перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі, былі расейскім жа бокам і парушаныя. Парушана груба, і эксаляцыя ваенных дзеяньняў ізноў адбывалася. Ажыцьцяўлялася яна Расеяй, фэдэральным бокам. І блаславіў гэтую эксаляцыю будучы міратворац Аляксандар Лебедзь. Менавіта ён даў санкцыю на аднаўленьне ваенных дзеяньняў у Чачэніі летам 1996 году. Вось яны і аднавіліся з ўсё большай інтэнсыўнасьцю. Калі б ня быў захоплены баевікамі Грозны, сытуацыя так бы і заставалася такой, якой яна прыблізна ёсьць цяпер”.

(Навумчык: ) “Пасьля захопу Грознага той жа самы Лебедзь, які займаў пасаду сакратара Рады Бясьпекі, быў вымушаны падпісаць так званыя Хасавюрцкія мірныя пагадненьні. Аднак Сяргей Кавалёў лічыць юбілей сумным”.

(Кавалёў: ) “Я адзначаю яго з сорамам. Па-першае, з той прычыны, што менавіта фэдэральны бок сарваў перамір’е. А па-другое, таму, што той захоп Грознага – гэта вялікая колькасьць ахвяраў, ахвяраў з абодвух бакоў. І – ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Вельмі сумна, калі такога кшталту падзеі робяцца вырашальнымі для хай сабе і часовага мірнага ўрэгуляваньня”.

(Навумчык: ) “Мір і сапраўды быў часовы – праз тры гады Масква распачала новую вайну – гэтым разам ужо пад назовам “антытэрарыстычнай апэрацыі”. Падставаю было ўступленьне групы ўзброеных чачэнцаў у Дагестан і выбухы жылых дамоў ў Маскве і іншых расейскіх гарадох – нагадаем, што і амаль праз два гады ні арганізатары, ні выканаўцы тых выбухаў не апынуліся перад судом. Я запытаўся ў Сяргея Кавалёва, якую сёньня мэту, на ягоную думку, мае Масва ў чачэнскім канфлікце сёньня?”

(Кавалёў: ) “Яна ўзяла рэванш – спрабуе ўзяць рэванш – у другой чачэнскай вайне. Але насмрэч другая Чачэнская вайна – гэта проста электаральная палітыка крамлёўскіх мудрацоў. Крамлёўскіх палітычных сцэнарыстаў. Не было б вайны – ня быў бы Пуцін у крэсьле прэзыдэнта. Хаця чачэнскі крызыс існаваў і раней, вядома. І ствараўся ён з абодвух бакоў. Ён ствараўся маскоўскімі спэцслужбамі і ўсялякімі палітычнымі авантурыстамі кшталту “вахабітаў” і фінансуючых іх ісламскіх экстрэмістаў з Бліскага Усходу”.

(Навумчык: ) “Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2000 году расейскія ўлады заявілі пра тое, што ваенная апэрацыя, фактычна, скончаная, засталіся толькі асобныя групы ўзброеных чачэнцаў. З таго часу падобныя заявы гучалі шмат, а паўстанцы, агульную колькасьць якіх Крэмль ацэньвае ў паўтары тысячы чалавек, супрацьстаяць ажно 80-тысячнай фэдэральнай групоўцы”.

(Кавалёў: ) “Сытуацыя – горшай быць ня можа, таму што ідзе партызанская вайна. А партызанскую вайну сілай выйграць нельга. Такую вайну можна выйграць толькі прыёмамі, аналягічнымі дэпартацыі 1944 году. Нейкай новай дэпартацыяй усяго чачэнскага народу. Альбо падобнымі праявамі генацыду. Крэмль апынуўся ў тупіку, выхаду зь яго ён ня бачыць. Адзінае разумнае выйсьце – канкрэтнае выйсьце – гэта мірныя перамовы – Крэмль адрынае. Паводле меркаваньняў амбіцыйных, а таксама паводле меркаваньняў нашага прэзыдэнта, які ня хоча згубіць падтрымку вайскоўцаў і аўтарытэт. Ён жа яго здабываў ня проста так – то на самалёце лётаў, то на лодцы плаваў…то страляў…”

(Навумчык: ) “Сяргей Кавалёў перакананы, што адзінае магчымае выйсьце з чачэнскага канфлікту – гэта перамовы Крамля з Масхадавым”.


(Кавалёў: ) “Перамовы…. Перамовы належыць весьці з праціўнікам, а не са сваімі марыянеткамі і сытуацыя Масква-Чачэнія – не выключэньне.. Я маю на ўвазе легітымную частку чачэнскага палітычнага кіраўніцтва, а менавіта – адміністрацыю Масхадава. І чачэнскі парлямэнт. Дык вось гэтыя легітымныя палітычныя сілы ў Чачэніі і схільныя весьці перамовы. Перамовы гэтыя павінныя быць без папярэдніх умоваў. І палітычная мэта гэтых перамоваў – ня толькі спыненьне агню, але і статус Чачэніі. І гарантыі таго, што злачынцы будуць пакараныя”.

(Навумчык: ) “У апошнія тыдні эўрапейская супольнасьць была шакаваная падзеямі ў чачэнскіх паселішчах Сарнаводзку і Асінаўскай, дзе расейскія фэдэральныя аддзелы правялі “зачысткі” сярод мірнага насельніцтва. Цытата з апошняга нумару газэты “Московские новости”: “Семсот мужчынаў (ад 12 да 90 гадоў) з Сернаводзку і васемсот з Асінаўскай былі вывезеныя ў поле, … трымалі ў канавах, вырытых пад фундамэнт, у кожную запіхвалі ад 20 да 40 чалавек. Зьверху хадзілі вайскоўцы з аўтаматамі і сачылі за тым, каб ніхто не паварочваў галаву ў бок, дзе паставілі палаткі і куды выводзілі па адным на катаваньні…Забіралі і некаторых жанчынаў…іх катавалі электратокам і казалі, што гэта “дэтэктар хлусьні…” Шпіталь цэлы тыдзень пасьля зачысткі не працаваў. Яго, як і школу, як і клюб, разбулылі. На сьцяне пакінулі такі вось аўтограф: “Свабодным чеченцем – багажный вагон. С горячим приветом – Якутский ОМОН”. (канец цытаты) Нешта падобнае дзесяць гадоў таму адбывалася і на тэрыторыі былой Югаславіі – цяпер Мілошавіч і некаторыя падначаленыя яму генэралы будуць адказваць перад міжнародным трыбуналам. Ці верыць Сяргей Кавалёў у тое, што і вінаватыя ў парушэньні правоў чалавека ў Чачэніі панясуць адказнасьць?”

Кавалёў: ) “Наагул кажучы, я б жадаў, каб нейкі міжнародны суд адбыўся і ў справе злачынстваў, зьдзейсьненых у Чачэніі – адносна вайсковых злачынстаў і злачынстваў супраць чалавечнасьці. Але перад трыбуналамі паўстаюць толькі пераможаныя мярзотнікі. А вось мярзотнікі-пераможцы – пакуль яшчэ не паўстаюць. І гэта вельмі сумна. Я хацеў бы спадзявацца, што ў ХХІ стагодзьдзі, усё ж, адбудуцца і іншыя прэзыдэнты. І дзеючыя, ня зьвергнутыя кіраўнікі дзяржаваў, кшталту якіх-небудзь Садамаў Хусэйнаў, цяперашняга візыцёра з Паўночнай Карэі – ну і так далей. Разам, дарэчы, зь нейкімі высокімі афіцыйнымі асобамі з Расеі маглі б….. Словам, я спадзяюся, што будзе створаная такая ўсясьветная структура, перад якой такая адказнасьць магла б надысьці. Вось гэта, дарэчы, і ёсьць адзіная гарантыя таго, што ў сьвеце спыняцца падзеі такога кшталту”.

(Навумчык: ) “А пакуль дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Сяргей Кавалёў спрабуе зьвярнуць увагу усясьветных лідэраў на факты парушэньняў правоў чалавек ў Чачэніі. Дадам, што з аналягічным зваротам да ўдзельнікаў нядаўгага саміту вялікай “сямёркі” у Генуі зьвярнуўся і супрацоўнік нашага Радыё, ляўрэат прэміі АБСЭ Андрэй Бабіцкі – і гэты зварот падтрымалі больш за сотню самых вядомых эўрапейскіх пісьменьнікаў, мастакоў, кінарэжысэраў. Але гэтыя галасы ў Маскве пакуль не пачутыя”.
XS
SM
MD
LG