Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ ЗАКЛАПОЧАНЫЯ ТЫМ, ШТО ЎЛАДЫ ДАГЭТУЛЬ НЕ ЗАПРАСІЛІ НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле зьвестак удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, Міністэрства замежных справаў Беларусі атрымала з прэзыдэнцкай адміністрацыі два загады — як мага больш зацягваць з запрашэньнем прадстаўнікоў БДІПЧ і як хутчэй запрасіць ляяльных да рэжыму прадстаўнікоў з розных міжнародных арганізацыяў.

Між тым, згодна з параграфам 25 Хартыі па бясьпецы, што была прынятая падчас Стамбульскага саміту восеньню 1999 году, кожная краіна-сябар АБСЭ мусіць абавязкова накіроўваць запрашэньні назіральнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Подпіс Аляксандра Лукашэнкі таксама стаіць пад выніковым дакумэнтам таго саміту. Аднак на сёньняшні дзень запрашэньняў не даслалі ні доўгатэрміновым, ні кароткатэрміновым назіральнікам.

Вось як тлумачыць такую тактыку ўладаў удзельнік сёньняшняга паседжаньня экспэрт Кансультацыйнай рады Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) "Я лічу, што на сёньня ўжо можна канстатаваць, нават зь вялікай пэўнасьцю, той факт, што ўладам не патрэбныя ніякія міжнародныя назіральнікі. Ім пажадана, каб прыехалі свае людзі, ляяльныя да ўладаў, зь іншых краінаў Эўропы, якія пацьвердзяць іхныя вынікі і дадуць ім неабходны вынік".

Спрагназаваць дзеяньні ўладаў я папрасіў старшыню паседжаньня Станіслава Шушкевіча. Паводле ягонага меркаваньня, улады ўсё ж запросяць назіральнікаў БДІПЧ, але зробяць гэта настолькі позна, каб тыя адмовіліся ад запрашэньня. Такім чынам, Лукашэнка зноў паспрабуе перакласьці адказнасьць зь сябе на міжнародную супольнасьць.

Заклапочанасьць у сувязі з такой сытуацыяй выказаў і кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік, якога партыйныя лідэры запрасілі на сваё паседжаньне. Як заўжды асьцярожны ў сваіх ацэнках, Ганс-Георг Вік сказаў: "Можа так здарыцца, што прадстаўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ня змогуць наведаць выбары прэзыдэнта Беларусі".

Зь неафіцыйных крыніцаў сёньня стала вядома, што яшчэ ў мінулую пятніцу адзін з намесьнікаў кіраўніка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека спадар Эйрых зьвярнуўся зь лістом да прадстаўніка Беларусі ў АБСЭ спадара Гайсёнка з просьбаю патлумачыць паводзіны беларускага боку. Але пакуль адказу ад амбасадара Гайсёнка няма.

XS
SM
MD
LG