Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХАД НАМ ДАПАМОЖА?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Уладзімер Глод.

(Цыганкоў: ) Тэма сёняшняй "экспэртызы" - уплыў заходняга чыньніка на прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі. Ці на самой справе гэты чыньнік вельмі сур'ёзны і вызначальны, ці ён адсунуты на другі плян іншымі падзеямі?

На пачатку нашай размовы варта прывесьці некалькі выказваньняў. Па-першае, Васіль Лявонаў, кіраўнік кампаніі адзінага кандыдата, падчас прыезду ў Менск дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адмовіўся сустрэцца зь імі, і пры гэтым на прэсавай канферэнцыі заявіў, што Захад не выконвае свае ранейшыя абяцаньні. Таксама Лявонаў казаў, што Захад гандлюецца ў справе Беларусі.

Іншае выказваньне - Аляксандра Лукашэнкі, які, вяртаючыся з Сочы, у інтэрвію заявіў, што стасункі з Захадам толькі палепшацца пасьля яго магчымай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. Што калі ён выйграе на выбарах, у Захада не будзе ніякіх праблемаў у дачыненьні з Беларусьсю.

Пачнем, бадай, з першага выказваньня. Якімі матывамі мог кіравацца Васіль Лявонаў, калі прымаў сваё рашэньне?

(Глод: ) Зразумела, я гэтага ня ведаю, як і мае калегі-журналісты. Бо калі на прэсавай канферэнцыі, калі журналісты спыталіся Лявонава, чаму ён не пайшоў на сустрэчу, Лявонаў адказаў адным сказам: "Захад не выконвае сваіх абавязацельстваў". Калі журналісты пажадалі ўдакладніць, што ж маецца на ўвазе, Лявонаў адмовіўся адказваць.

Зразумела, я не хачу выступаць у ролі судьдзі, але мне здаецца, што спадар Лявонаў зрабіў тут памылку. Як бы там не было, але ён мог атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, выкласьці сваепогляды на дзеяньні міжнародных арганізацыяў. А атрымалася, што размову з міжнароднымі парлямэнтарамі праігнаравалі, з аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка, з другога -Васіль Лявонаў. Мне здаецца, што для спадара Лявонава гэта не лепшая кампанія.

(Цыганкоў: ) Магчыма, гэты эпізод дае нам падставу паразважаць над той даволі агульнай думкай, што эўрапейскі і амэрыканскі погляд на сытуацыю ў Беларусі і на магчымасьць разьвязаньня гэтай сытуацыі пэўным чынам адрозьніваюцца.

(Дракахруст: ) Безумоўна, такія адрозьненьні ёсьць, прынамсі, існавалі да апошняга часу. ЗША заўсёды вызначаліся больш прынцыповым і жорсткім падыходам, менш даравальным да нейкіх антыдэмакратычных асаблівасьцяў беларускай улады.

Я б хацеў выказаць нейкія меркаваньні наконт таго, што меў на ўвазе спадар Лявонаў. Тут трэба зьвярнуцца да рэплікі Анатоля Лябедзькі, які падкрэсліваў вельмі нескаардынаваную дзейнасьць міжпарляманцкіх арганізацыў што да назіраньня за беларускімі выбарамі.

Калі напрыклад, восеньню мінулага года праводзіліся выбары ў Палату, то прадстаўнікі трох міжпарляманцкіх арганізацыяў (ПА АБСЭ, ПА Рады Эўропы і Эўрапарлямэнт) разам наведвалі Беларусь і разам прымалі рашэньні. Зараз толькі што ў Беларусі пабылі прадстаўнікі ПА Рады Эўропы - яны былі адны, і як мы бачым, беларускія ўлады адразу пачынаюць гульню, імкнучыся ствараць паміж імі супярэчнасьці.

Хачу прыгадаць, што пэўны час таму ішлі размовы пра нейкія перамовы паміж амбасадам ЗША ў Менску спадаром Козакам і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. І размова ішла, наколькі паведамлялася, што пры забесьпячэньні дэмакратычных умоваў выбараў ЗША прызнаюць іхні вынік незалежна ад таго, хто будзе абраны. А можа там былі і нейкія асаблівыя пункты.

Адзначу, што форму і сэнс такіх перамоваў (калі яны на самой справе былі) немагчыма назваць нейкай здачай. ЗША у дадзеным выпадку патрабавалі ад афіцыйнага Менску правядзеньня дэмакратычных выбараў. Але калі гэтая інфармацыя на самой справе мела месца, то гэта сьведчыць пра тое, што і ЗША прапануюць Лукашэнку нейкі пернік.

(Цыганкоў: ) Сапраўды, усе тыя страшылкі беларускай прапаганды, нібы Захад зьбіраецца атакаваць і нападаць на Беларусь, ня маюць аніякай падставы. Але натуральна, што Захад (як Эўропа так і Амэрыка) думаюць пра тое, як вырашаць "беларускае пытаньне". І тут ёсьць два магчымыя шляхі.

Па-першае, добра было б, каб у Беларусі самастойна адбылася зьмена ўлады на больш дэмакратычную. Пэўныя структуры на Захадзе гатовыя дапамагаць гэтаму працэсу. Але з іншага боку, тыя заходнія аналітыкі, якія аналізавалі беларускую сытуацыю, бачаць верагоднасьць таго, што і Аляксандр Лукашэнка можа выйграць гэтыя выбары. Што рабіць тады?

І тады ўзьнік наступны плян, намер. Калі ўжо будзе выходзіць так, што Лукашэнка захоўвае ўладу, то падчас гэтых выбараў трэба пасьпець як мага больш "цывілізаваць" гэты рэжым, выбіць у рэжыму як мага больш магчымых паслабленьняў, лібералізацыі ў эканаміцы, правах чалавека, і гэтак далей.

Калі я быў на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО ў Вільні, то там раздаваўся аналітычны даклад у справе Беларусі, у якім пераважаў той погляд, які ўжо неаднаразова гучаў у дакумэнтах заходніх экспэртаў. Сэнс такі: калі Беларусь цалкам адхіліць, адпрэчыць ад Эўропы, то Беларусі толькі і застаецца, што кінуцца ў абдымкі Расеі. І Захад ня хоча гэтага дапускаць, таму і вымушаны праводзіць такую двухсэнсоўную палітыку: адначасова дапамагаць дэмакратычным сілам і весьці перамовы з існуючай уладай.

(Глод: ) Натуральна, што Захад гандлюецца наконт беларускіх справаў з Расеяй, з іншымі краінамі. Сапраўды, існуюць пэўныя крокі з боку Нямеччыны, некаторых іншых эўрапейскіх краінаў у сэнсе праграмызму - выбіць ад рэжыму нейкія абавязкі, абавязацельствы.

Захад глядзіць на беларускую справу зусім іншымі вачыма, як мы. Калі Лукашэнка нешта гаворыць,мы ў Менску разумеем, што яму верыць нельга. Для Захада, яны хоць і разумеюць, хто такі Лукашэнка, але, як сказаў Тэры Дэвіс (кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ) - "гэта ж сказаў прэзідэнт". Захад яшчэ мае надзеі, што Лукашэнку можна верыць, бо для іх ён у першую чаргу - прэзідэнт краіны.

(Цыганкоў: ) Відаць, справа ня ў нейкім даверы. Захад таксама вельмі неаднародны. Геапалітычныя інтарэсы розных краінаў і супольнасьцяў, такіх як ЗША і Эўразьвяз, часам адрозьніваюцца. Ды й унутры асобных краінаў вельмі па-рознаму глядзяць на сытуацыю ў Беларусі праваабарончыя структуры, прэса (які клапоцяцца больш пра свабоды і правы чалавека) і зь іншага боку, палітыкі, якія вымушаныя карыстацца нямецкім зноў-такі паняткам "real politik". Гэтыпанятак азначае, што трэба сыходзіць з таго, што ёсць, будаваць свае палітычныя стасункі, карыстаючыся словамі Чэрчыля: "няма вечных хаўруснікаў, ёсьць толькі вечныя інтарэсы".

(Дракахруст: ) Нават калі разглядаць Захад як нейкае адзінае цэлае, то ён гуляе на дошцы, на якой вельмі шмат фігураў. Акрамя Беларусі, ёсьць Расея, Кітай, Балканы, Блізкі Ўсход - шмат месцаў, якія патрабуюць увагі і рэсурсаў.

Але пэўныя зьмены ў пазыцыі Захаду могуць адбыцца, і гэта зьзязана з тым, што ў Беларусі насперак прагнозам шмат каго, зьявіўся адзіны кандыдат. Гэта менавіта тое, пра што даволі мякка (і часам ня вельмі мякка) казаў Захад. Бо калі б гэтага не было, то тады на беларускіх выбарах як на палітычнай кампаніі з боку Захаду проста быў бы пастаўлены крыж. Тое, што Захад лічыў неабходнай умовай для таго, каб проста зьявіўся шанец на поспех, выканана. І таму гэта само па сабе можа зрабіць пазыцыю Захаду больш прынцыповай і зацікаўленай.

(Глод: ) Самыя апошнія дасьледваньні, якія на мінулым тыдні правяла сацыялягічная служба "Люстэрка" кампаніі БелаПАН, паказвае, што калі ў бюлютэні будзе тры прозьвішчы (Лукашэнка, Ганчарык і Гайдукевіч), то ў Менску за лукашэнку гатовыя галасаваць 29%, за Ганчарыка 27 і за Гайдукевіча - 8%.

Зразумела, што рэйтынг Уладзімера Ганчарыка, які літаральна за некалькі тыдняў вырас ў 5 разоў, ёсьць рэакцыя на тое, што зьявіўся адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. І рэйтынг яго, безумоўна, будзе павялічвацца. І гэты фактар дасьць заходнім краінам яшчэ большую цікавасьць да падзеяў у Беларусі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG