Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЕТКАЎСКІМ РАЁНЕ ПАДПІСАНТАМ ЗА ГАЙДУКЕВІЧА НЕ ДАЛІ КАМБАЙНУ ДЛЯ АПРАЦОЎКІ ПРЫВАТНЫХ СОТАК


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Старшыня Навасёлкаўскай суполкі лібэральных дэмакратаў Ігар Журавель і ягоны паплечнік Сяргей Фядосенка ня так даўно зьбіралі ў вёсцы подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты лідэра сваёй партыі спадара Гайдукевіча. Гэта было сапраўднае дзіва — большасьць вяскоўцаў ведалі толькі аднаго прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду, Аляксандра Лукашэнку.

Тым ня менш, у сямі вяскоўцаў удалося атрымаць згоду на падтрымку кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

І вось зараз, калі навасёлкаўцам спатрэбілася сабраць збажыну з прысядзібных участкаў, дырэктарка мясцовага саўгасу імя 60-годзьдзя Вялікага Кастрычніка Любоў Старавойтава загадала не даваць лібэралам камбайна.

Саўгасны мэханізатар на "Ніве" абмінуў соткі Ігара Жураўля, Сяргея Фядосенкі і падпісанта за Гайдукевіча Юр'я Васкабойнага. Бугальтэрка Тамара Процкіна, якая зьбірала грошы за абмалот збажыны, пацьвердзіла загад саўгаснай кіраўніцы.

Ігар Журавель у тэлефоннай размове з вашым карэспандэнтам зьвязаў такое распараджэньне дырэктаркі Старавойтавай менавіта са сваімі палітычнымі сымпатыямі, якія не на баку цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Больш за тое, летась, спадар Журавель быў у камісіі па выбарах дэпутатаў у "палату прадстаўнікоў", і тады быў сьведкам, як Любоў Старавойтава пад пагрозай гаспадарчых санкцыяў патрабавала 100%-й яўкі вяскоўцаў на выбарчыя ўчасткі. Прыёмы, на ягоную думку, паўтараюцца.

Сама спадарыня Старавойтава адмаўляе сувязь паміж распараджэньнем не даваць камбайн і палітычнымі сымпатыямі Жураўля.

(Старавойтава: ) "Я Жураўлю патлумачыла: у нас ёсьць Канстытуцыя. Паводле Канстытуцыі кожны чалавек вольны, як яму паступаць. Нельга палітыку зьмешваць з камбайнам. Вы разумееце, як там Шушкевіч, кебічы на Лукашэнку апалчаюцца. Бруд нясуць. Дык нашы таксама брудным авантурам навучыліся", — сказала Любоў Старавойтава.

Дырэктарка паведаміла, што камбайн яна распарадзілася не даваць таму, што сем'і спадароў Жураўля, Фядосенкі, Васкабойнага не толькі не працуюць ў саўгасе, але й не дапамагаюць яму — адмовіліся палоць буракі.

Па словах дырэктаркі, калі зараз ім своечасова даць камбайн, то на будучы год усе вяскоўцы адмовяцца даглядаць саўгасныя пасевы буракоў.
XS
SM
MD
LG