Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР ВЯЧАСЛАЎ АДАМЧЫК


Валянціна Аксак, Менск

Шляхецтва вызначала ў ім усё: лад жыцьця, манеру паводзінаў, стыль вопраткі, дачыненьні з калегамі, перакананьні й спосаб іхнага выяўленьня, грамадзянскую пазыцыю. Шляхецтва стала вызначальнай рысай ягоных твораў — глыбока-нацыянальных па сутнасьці, праўдзівых па псыхалягічнай дакладнасьці, эпічных па ўсенароднай тоеснасьці.

Крытыкі называюць Вячаслава Адамчыка майстрам "заходнебеларускае прозы". І гэта слушна ня толькі па геаграфіі жыцьця герояў ягоных твораў і дасканалым аўтарскім веданьні жыцьця таго рэгіёну, зь якога і сам родам. Але й таму, што толькі там, на захадзе краіны, яшчэ ацалелі астраўкі шляхецкае старасьвеччыны, яшчэ не забытыя дарэшты спадкаемныя родавыя традыцыі, якія Вячаслаў Адамчык спавядаў і выбітным талентам сваім, і жыцьцёвымі прынцыпамі.

І тое, і другое стварала некаторым ягоным калегам пэўныя нязручнасьці. Асабліва недаспадобы былі ягоныя адкрытыя выступы на радзе Саюзу пісьменьнікаў супроць прыстасаванцаў і літаратурных халтуршчыкаў. Нездарма ж лепшым ягоным сябрам быў Уладзімер Караткевіч.

Значнасьць асобы Вячаслава Адамчыка ў беларускай літаратуры яшчэ не ўсьвядомленая да канца крытыкамі й літаратуразнаўцамі. Асабліва ягоныя творы некалькіх апошніх гадоў, якімі ён безумоўна ўвойдзе ў гісторыю літаратуры як першы, хто напісаў пра трагедыю жыцьця беларускай інтэлігенцыі ў часе Другой сусьветнай вайны.

Памятаю нашую сустрэчу зь ім пасьля надрукаваньня ў часопісе "ARCHE" апавяданьня "Леанарда". У адказ на віншаваньне ён прызнаўся, што доўга думаў, як пісаць пра зьдзекі савецкіх партызанаў зь беларускіх настаўнікаў на акупаваных тэрыторыях і нарэшце знайшоў адпаведны стыль і форму. Сказаў, што ніхто, апрача яго, гэтага так добра ня ведае і не напіша. З той размовы застаўся радасны спадзеў на сустрэчы з новымі творамі гэтага майстра беларускага пісьменства. На жаль, на вялікі жаль, цяжкая хвароба пазбавіла беларускіх чытачоў надзеяў на гэтыя сустрэчы.

Сёньня Вячаслаў Адамчык пахаваны паводле старабеларускага каталіцкага звычаю на менскіх Кальварыйскіх могілках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG