Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАЛІ БЕЛАРУСЬ ВОЗЬМЕ КРЭДЫТЫ, ЯНА ВОЗЬМЕ НА СЯБЕ ПЭЎНЫЯ АБАВЯЗКІ ПЕРАД ЗАХАДАМ”


Юры Дракахруст Прага

Газэта “Время МН” разглядае заявы Ўладзімера Пуціна, што прагучалі падчас яго сустрэчы з Лукашэнкам, як падтрымку цяперашняга кіраўніка Беларусі. “Время МН” адзначае, што “сказаць штосьці наўпрост – не адзіны спосаб выказаць сваё меркаваньне. Тым больш у палітыцы. Тым больш у расейскай”. Выданьне піша: “Паездка расейскага прэзыдэнта ў Віцебск на “Славянскі базар”, некалькі нефармальных сустрэчаў з Лукашэнкам як на сочынскім формуме, гэтак і да яго, словы Пуціна, сказаныя журналістам, што “яму ня надта зручна гаварыць на тэму выбараў прэзыдэнта Беларусі, бо той факт, што Аляксандар Рыгоравіч знаходзіцца ў мяне дома, гаворыць пра ўзровень нашых адносінаў,” – усё гэта даволі красамоўна сьведчыць пра бясплённасьць усіх апазыцыйных высілкаў па пераадоленьні шляху да беларускага трону,” – мяркуе газэта “Время МН”.

Да тэмы ўдзелу прэзыдэнта Расеі ў віцебскім “Славянскім базары” вяртаецца і выданьне “Мегаполис-Континент”. “Ва ўмовах, калі вось-вось распачнуцца пуцінскія лібэральныя рэформы – ад пэнсійнай сыстэмы да жыльлёва-камунальнай (дарэчы, нэгатыўныя наступствы рэформы жыльлёва-камунальнай сфэры непакояць найбольшую колькасьць грамадзянаў), а чачэнская сытуацыя ўвайшла ў стадыю гніеньня, трэба чымсьці падпіраць прэзыдэнцкі рэйтынг. Таму адносна танныя дэманстрацыі славянскай еднасьці – ня толькі бальзам на пачуцьце дзяржаўніцтва ў большасьці насельніцтва, параненага распадам СССР, але і добрыя падпоркі для ўтрыманьня прэзыдэнцкай папулярнасьці,” – піша “Мегаполис-Континент”.

Праўрадавае Інтернэт-выданьне “Страна.Ру” друкуе інтэрвію з дэпутатам Дзярждумы, дырэктарам міжнароднага інстытуту гуманітарна-палітычных дасьледаваньняў Вячаславам Ігруновым, прысьвечанае перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі. Сп-р Ігруноў гаворыць: “Справа ў тым, што Масква ўвесь час паказвае Лукашэнку, што незадаволеная ім, але – на бязрыб’і і рак рыба, таму працуюць з Лукашэнкам. Пры малейшай магчымасьці Масква знойдзе сабе іншага партнэра. Гэта, натуральна, падштурхоўвае Лукашэнку шукаць партнэра за межамі Расеі, што пагражае пераарыентацыяй Беларусі з расейскага накірунку на нейкі іншы,” – гаворыць Вячаслаў Ігруноў.
Ён выказвае ўпэўненасьць у тым, што адміністрацыйны рэсурс будзе выкарыстаны падчас беларускіх выбараў “на поўную катушку”, але нават паводле яго прагнозу адзіны апазыцыйны кандыдат можа набраць 20% галасоў, а то нават і больш.

“Усясьветны банк вярнуў сабе Беларусь” – артыкулам пад такім загалоўкам “Коммерсантъ” камэнтуе новую палітыку міжнародных фінансавых арганізацыяў. Выданьне паведамляе, што Ўсясьветны банк упершыню за некалькі гадоў пагадзіўся выдзяліць Беларусі крэдыт у 22 мільёны даляраў, падрыхтаваная і праграма, якая прадугледжвае выдзяленьне на працягу трох гадоў 260 мільёнаў даляраў. Газэта нагадвае, што і МВФ пасьля некалькіх гадоў адсутнасьці адносінаў з афіцыйным Менскам праводзіць праграму маніторынгу беларускай эканомікі, якая таксама можа скончыцца выдзяленьнем грошай. “Коммерсантъ” ня лічыць сур’ёзнымі афіцыйныя тлумачэньні гэтых міжнародных арганізацыяў, што нібыта прычынаю ажыўленьня супрацоўніцтва сталіся нейкія рэфармацыйныя крокі Менску. На думку газэты, прычына ў тым, што Захад хоча ў пэўнай ступені вярнуць уплыў на беларускую эканамічную палітыку. “Калі Беларусь возьме крэдыты, то яна возьме на сябе пэўныя абавязкі перад Захадам,” – мяркуе “Коммерсантъ”.
XS
SM
MD
LG