Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАБОДЫ Ў БЕЛАРУСІ БУДЗЕ БОЛЬШ


Аляксандар Лукашук, Прага

“Свабоды” будзе больш – удвая павялічваецца аб’ём праграмы, у эфіры штодня будуць гучаць шаснаццаць выпускаў сьвежых міжнародных навінаў. Радыё мае каля тысячы карэспандэнтаў у паўсотні краінаў, круглыя суткі нашыя журналісты пераглядаюць паведамленьні вядучых агенцтваў навінаў сьвету, тэлекампаніяў – гэта сапраўды вяршкі сучаснай інфармацыйнай культуры. Слухачы Свабоды паінфармаваныя абсалютна гэтаксама, як людзі ў любой самай свабоднай сталіцы сьвету.

Другая важная зьмена – больш стане навінаў, паведамленьняў зь Менску і з рэгіёнаў Беларусі. І трэцяя перамена – больш стане матэрыялаў пра тое, што і як сьвет гаворыць, піша пра Беларусь.

Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал нядаўна ў нас на Радыё сказаў: “Нам патрэбны ваш прафэсіяналізм і вашая здольнасьць глядзець на падзеі ў шырокай пэрспэктыве”. Калі гэта патрэбна чэхам, гэта напэўна патрэбна і беларусам.

Сёньня ўсе тэксты перадачаў Свабоды па-беларуску, украінску, руску, на альбанскай і армянскай мовах, на фарсі і па-арабску можна чытаць і слухаць у Інтэрнэце. Сайт Радыё Свабода – адзін з трох самых папулярных у сьвеце разам з сайтамі CNN і BBC.

Нядаўна падчас сустрэчы ў Празе былы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук расказваў, як за савецкім часам у ЦК кампартыі Ўкраіны раздавалі маніторынгі Радыё Свабода – першы сакратар Шчарбіцкі распісваў, каму якую старонку можна паглядзець. Нагадаю, што Краўчук тады быў сакратаром па ідэалёгіі, і нават яму не дазвалялася глядзець на ўвесь тэкст – гэткая страшная сіла мроілася ў словах Свабоды. Самае цікавае, расказваў Краўчук, што гукаапэрпатары КГБ, якія ажыцьцяўлялі запіс і друкавалі яго, мелі інструкцыю: як толькі Свабода пачынала гаварыць пра Брэжнева ці членаў Палітбюро і іх сем’і, інструкцыя патрабавала адключаць гук і ня слухаць. Дагэтуль застаецца загадкай, як жа было ўведаць, калі зноў можна уключаць.

Мы на Свабодзе зь вялікай павагай ставімся да ўсіх нашых слухачоў, якія не выключаюць свае прыймачы, хаця дагэтуль вымушаны лавіць сыгнал на кароткіх і сярэдніх хвалях, як за часам халоднай вайны. Мы будзем намагацца і надалей даваць самую апэратыўную, аб’ектыўную, праўдзівую інфармацыю, – каб свабоды ў Беларусі пабольшала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG