Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛАСЯ РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА


Юры Сьвірко, Менск

Ад 5 да 14 жніўня доўжыцца пэрыяд рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Неабходны мінімум, 100 тысячаў подпісаў грамадзянаў за вылучэньне кандыдатам, сабралі Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Аляксандар Лукашэнка. Усе яны падалі адпаведныя дакумэнты, разам з дэклярацыямі пра маёмасьць і даходы, у Цэнтарвыбаркам. Аднак тыя самыя дакумэнты, акрамя пратаколаў мясцовых выбарчых камісіяў пра здадзеныя 100 тысячаў подпісаў, падалі яшчэ Канстанцін Канановіч, Міхаіл Марыніч і Леанід Сініцын.

Спадар Канановіч, былы супрацоўнік КГБ, набыў вядомасьць пасьля таго, як здаў падпісныя аркушы з подпісамі, але бяз прозьвішчаў, пашпартных зьвестак і хатніх адрасоў тых, хто падпісваўся. Аляксандар Лукашэнка нават ахарактарызаваў гэтыя адсутныя зьвесткі як "муму" — прынамсі, сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік на пытаньне, што значыць Лукашэнкава "муму", раней адказваў расповедам пра Канстанціна Канановіча:

(Лазавік: ) "Так, калі практычна чыстыя падпісныя аркушы зь нейкімі аўтографамі невядома каго ён спрабаваў выдаць за падпісныя аркушы, належным чынам аформленыя".

Што да спадара Марыніча, пакуль яшчэ амбасадара Беларусі ў Латвіі, дык сёньня распачалося расьсьледаваньне ягонае скаргі на тое, што ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менску згубіліся 4 з паловай тысячы подпісаў у ягоную падтрымку. Расьсьледаваньне разам ладзяць супрацоўнікі Цэнтарвыбаркаму й пракуратуры.

(Лазавік: ) "Яны ўжо працуюць, і папярэднія вынікі па тэлефоне нам паведамляюць. Пакуль афіцыйных актаў няма, але афіцыйныя дакумэнты мы будзем афіцыйна разглядаць на паседжаньні Цэнтарвыбаркаму 8 жніўня".

Мікалай Лазавік дадаў, што шанцы Міхаіла Марыніча быць зарэгістраваным "практычна нулявыя". Пасьля паседжаньня 8 жніўня Цэнтральная камісія зьбярэцца яшчэ раз на наступным тыдні. Крайні тэрмін — аўторак, 14 жніўня, але спадар Лазавік ня хоча ладзіць паседжаньне ў панядзелак, 13-га, і тлумачыць гэта наступным:

(Лазавік: ) "Дзень цяжкі, сатанінскі".

А прэсавы сакратар ЦВК Валеры Юрэвіч паведаміў, што на сярэдзіну дня ў панядзелак Цэнтарвыбаркам аформіў 64 пасьведчаньні міжнародных назіральнікаў. Большая частка зь іх з Расеі — 37 чалавек, улучна з прадстаўнікамі гэтак званых Парлямэнцкага сходу саюзу й Сталага камітэту саюзнае дзяржавы.

Таксама выказалі жаданьне прыехаць на выбары 8 назіральнікаў з Малдовы, 6 з Турэччыны, 3 з Арменіі, па 2 з Казахстану й Паўднёвай Карэі ды па адным зь Нямеччыны, Фінляндыі, Чэхіі, Віетнаму й Сірыі. Галоўным чынам гэта прадстаўнікі цэнтарвыбаркамаў і дэпутаты парлямэнтаў, хаця сярод іх ёсьць прафэсар Гэльсынскага ўнівэрсытэту, нейкі нямецкі грамадзкі дзеяч і чыноўнік сірыйскага міністэрства інфармацыі.

Цікавую заяву наконт назіраньня зрабіў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) "Цэнтральная выбарчая камісія Расейскае Фэдэрацыі мяркуе браць удзел і ў складзе асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, і ў складзе БДІПЧ, і ў складзе СНД".

Аднак БДІПЧ — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў Варшаве — дагэтуль не атрымала ад беларускіх уладаў афіцыйнага запрашэньня ўзяць удзел у назіраньні за выбарамі 9 верасьня.

Як зноў сказаў сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка, гэтае запрашэньне будзе накіраванае "бліжэйшым часам". Бліжэйшы час цягнецца ўжо трэці тыдзень.
XS
SM
MD
LG